Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі консул сустрэўся з затрыманым за страляніну ў Гдыні


Ілюстрацыйнае фота

Генэральны конул Беларусі ў Гданьску Сяргей Міхневіч сустрэўся са Сьцяпанам Сьвідзерскім, затрыманым у Гдыні пасьля страляніны ў офісе Thomson Reuters, перадае БелаПАН.

Паводле Міхневіча, затрыманы ня скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня. Польскія праваахоўнікі запэўнілі консула, што беларускі бок атрымае ўсю неабходную інфармацыю пра ход папярэдняга расьсьледаваньня.

Акруговая пракуратура ў Гданьску выставіла Сьвідзерскаму абвінавачаньне ў замаху на забойства, за што ў Польшчы пагражае ад 8 да 25 гадоў турмы альбо нават пажыцьцёвае зьняволеньне.

Паводле пракуратуры, Сьвідзерскі прыйшоў на працу са зброяй, у пэўны момант «зрабіў два стрэлы і адзін зь іх у кірунку ахвяры». У здарэньні ніхто не пацярпеў. Паводле неафіцыйных крыніцаў, адна з куляў трапіла ў ноўтбук, які трымаў на плячы пацярпелы; другая куля трапіла ў столь.

Сьвідзерскі не прызнае віны: кажа, «страляў законна, бо той злачынца». Паводле розных вэрсіяў, што распавядалі сьведкі, Сьвідзерскі ці то нацэліў зброю на кагосьці ў офісе, ці то паказваў камусьці зброю, а іншы чалавек (паводле некаторых — не супрацоўнік кампаніі) на яго накінуўся і спрабаваў адабраць зброю, ці то проста ішоў па калідоры са зброяй, калі на яго накінуўся іншы чалавек. Абвінавачаны кажа, што мае дазвол на нашэньне зброі, займаецца спартовай стральбой. Маці Сьвідзерскага казала Свабодзе, што хлопец, верагодна, проста не пасьпеў завезьці зброю дамоў, калі ехаў з заняткаў на працу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG