Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі створаць «замяшчальныя сем’і» для пажылых


© Shutterstock

Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў новую форму абслугоўваньня пажылых людзей — «замяшчальную сям’ю», перадае Pravo.by. Поўны тэкст пастановы пакуль не апублікаваны.

Паводле пастановы, «замяшчальная сям’я» гэта супольнае пражываньне і вядзеньне агульнай гаспадаркі непрацаздольнага паўналетняга грамадзяніна з фізычнай асобай.

Дамова на «замяшчальную сям’ю» заключаецца між тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўваньня і непрацаздольным грамадзянінам пасьля разгляду справы адмысловай камісіяй на тэрмін, ня меншы за 6 месяцаў.

Хто можа прасіць сабе такую сям’ю

Грамадзянін, які мае права на «замяшчальную сям’ю» — беспрацоўны інвалід I і II групы ўзростам ад 70 год, які пастаянна пражывае ў Беларусі, ня мае дзяцей, сужэнцаў і бацькоў, якія самі ня ёсьць інвалідамі I ці II групы і ня ёсьць пэнсіянэрамі.

Таксама права на «замяшчальную сям’ю» мае грамадзянін ад 80 год, які не заключыў дамову рэнты або дамову пажыцьцёвага ўтрыманьня.

Што абяцаюць памочнікам

Памочнікам пэнсіянэра можа стаць дзеяздольны грамадзянін узростам ад 18 да 65 год, які пастаянна пражывае ў Беларусі і ня ёсьць інвалідам I ці II групы, а таксама не абавязаным утрымліваць іншага непрацаздольнага.

Перад заключэньнем дамовы тэрытарыяльны цэнтар мае пазнаёміць непрацаздольнага з «замяшчальнай сям’ёй», праверыць іхную сацыяльна-псыхалягічную сумяшчальнасьць і зладзіць навучаньне будучаму памочніку. У памочніка мае быць асобны пакой у месцы супольнага пражываньня.

Колькі плаціць памочніку, вызначаюць мясцовыя выканаўчыя і распараджальныя органы. Пры аказаньні паслугаў аднаму грамадзяніну мае выплачвацца 100% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (на момант публікацыі 197 рублёў 81 капеек), за двума — 150%. Ад непрацаздольнага ў бюджэт «сям’і» маюць забіраць ня больш за 75% пэнсіі (сярэдняя налічаная пэнсія ў лістападзе складала 314 рублёў 69 капеек).

Маніторынг «замяшчальнай сям’і» мае ладзіцца тэрытарыяльным цэнтрам не радзей за раз на два тыдні ў першыя тры месяцы, не радзей за раз на месяц у наступныя тры месяцы, пасьля — не радзей за раз на квартал.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG