Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чароўнае слова «пэнсія»


У салёне службовага аўтобуса вечаровы паўзмрок. Дзённая працоўная зьмена чакае ад’езду дахаты. Затрымаўшыся на працоўным месцы ці ў гардэробе, нехта з калегаў позьніцца. Нарэшце ён ці яна заходзяць, пярэднія дзьверы зачыняюцца. На ўвесь салён гучыць жарт-папрок: «На пэнсію!» Гэтак жартуюць ужо гадоў пятнаццаць. А традыцыйны вокліч «На пэнсію!» па-ранейшаму ня страчвае актуальнасьці — мусіць, таму, што рэакцыю выклікае розную. Яшчэ гадоў пятнаццаць-дванаццаць таму спазьняльшчыкі сталага ўзросту часьцяком крыўдавалі. Маўклівыя, сьцяўшы вусны, сядалі на месца, зьвяглівыя маглі ўсчаць маленькую сварку, папракнуўшы жартаўніка: «Глядзі, каб ты раней за мяне не пайшоў!» Маладзейшыя ўсьміхалася зь недарэчнасьці самога жарту, хтосьці справядліва камэнтаваў: «Рана яшчэ пра тую пэнсію думаць».

Тады слова «пэнсіянэр» хутчэй вызначала пашпартны ўзрост, чым крыніцу атрыманьня даходу. Пэнсія ўспрымалася як натуральная зьява: скажам, як лістапад увосень ці сівізна на скронях. Словазлучэньні «дажыць да пэнсіі» і «пайсьці на пэнсію» былі сынонімамі. Парушыць звыклы ход падзеяў магла хіба заўчасная сьмерць. Такіх шкадавалі. Сацыяльная пэнсія — зьява надзвычай рэдкая. Пра гэткае дзіва, вядома, чулі, але мала хто сутыкаўся. Калі ж у найбліжэйшым асяродку ўсё ж меўся гэткі сваяк ці знаёмец, дык лічылі такі паварот лёсу не трагедыяй, хутчэй асабістаю віною. Вэтэраны працы, а гэта ледзь ня кожны, звыкла наракалі: «Ці рабіў усё жыцьцё, ці ў турме праседзеў — адна пашана!»

З нагоды выхаду на пэнсію ў працоўным калектыве ўручалі падарункі, каштоўнасьць якіх часьцей вымяралася пасадаю будучага пэнсіянэра (ад хрустальнай місачкі да дарагой тэхнікі). Здараліся і неспадзеўкі. «Каторы ўжо год на пэнсію праводзім! Пазалетась набор посуду дарылі, летась на кухонны камбайн скідваліся, гэтым разам толькі букет. Пэўна, яна да дзевяноста гадоў рабіць зьбіраецца», — абураліся падначаленыя паводзінамі загадчыцы аддзелу. У артыкулах раёнак і шматтыражак, прысьвечаных пажылому ўзросту і знакамітым пэнсіянэрам, часьцей тым, што некалі сядзелі ў шырокім крэсьле, сьветлая журба звычайна межавала са штампамі-падбадзёрваньнямі кшталту: «по-прежнему в строю», «ня страчваць аптымізму», згадкамі пра мясцовыя вэтэранскія арганізацыі і самадзейны хор пры ДК як адзіна ўхвальныя шляхі самарэалізацыі.

Для бальшыні беларусаў сыход на пэнсію даваў шанец дагледзець да сьмерці старых бацькоў у вёсцы, паказаць сябе на бацькаўшчыне ці лецішчы найлепшым гаспадаром ваколіцы — вось і ўся самарэалізацыя.

Людзям жа, занятым працай у шкодных умовах, фізычна ці маральна цяжкай працай, пэнсія ўжо тады бачылася чаканай збавіцелькай. «Мяне ж пастарылі, на два гады раней запісалі. У маладосьці перажывала, а на пэнсію ішла — радавалася! Ня трэба больш пяць кілямэтраў па марозе ў тую школу тэпаць». «Я на пэнсію пайшоў — памаладзеў! Абрыдла 33 гады глядзець на адну й тую ж прахадную і тыя самыя морды!» Мусіць, кожны чуў ад сваіх сваякоў падобнае. Для бальшыні беларусаў сыход на пэнсію даваў шанец дагледзець да сьмерці старых бацькоў у вёсцы, паказаць сябе на бацькаўшчыне ці лецішчы найлепшым гаспадаром ваколіцы — вось і ўся самарэалізацыя. «А ці не была я маладая і спраўная, як толькі на пэнсію пайшла!» — хвалілася некалі мая прыкутая да ложка бабуля ва ўзросьце за восемдзесят, пазіраючы на ўвішную суседку. Спраўнасьці і гаспадарскага спрыту аднак хапала ненадоўга. Празь пяць-сем гадоў звышрупліўцы або адыходзілі ў лепшы сьвет, акурат на сваіх сотках за плугам, або ледзь поўзалі, сагнутыя ў крук.

Пройдзе яшчэ некалькі гадоў. У другой палове нулявых пэнсія зробіцца жаданай збавіцелькаю для значна шырэйшага кола асобаў. Беларускае грамадзтва ўсьвядоміць яе сапраўдны кошт. Адзін магілёўскі пісьменьнік, віншуючы сябра зь юбілеем, назаве шасьцідзесяцігодзьдзе асабістым днём волі. Пэнсіянэр з вартага жалю старога пераўвасобіцца ў вольнага, а на вёсцы яшчэ й заможнага чалавека. Кантрактная сыстэма, прафагляды штогод, а не раз на тры гады, беспрацоўе, пашырэньне неафіцыйнага працаўладкаваньня. Дарабіць да пэнсіі, зарабіць на пэнсію, дабіцца пэнсіі станецца мэтаю, часам нязьдзейснаю, спалучэньнем асабістых заслугаў і спрыяльных абставінаў, галоўным жыцьцёвым дасягненьнем і нагодай для гонару. А знаёмая маладзіца, ушчуваючы свайго мужа-п’яніцу, усё часьцей будзе ставіць яму ў прыклад не якога сталічнага кар’ерыста, а старога суседа: «Дзядзя Ваня мае права піць — ён пэнсію зарабіў!» Бясконца працаваць у пэнсійным веку па ўласным жаданьні зможа той, хто або мае абарону наверсе, або заняты малааплатнымі і клопатнымі абавязкамі. Іхныя нядобразычліўцы пачнуць бурчэць у сьпіну: «Гэтага, мусіць, з прахадной толькі нагамі ўперад вынесуць». І некаторыя змрочныя прагнозы нават спраўдзяцца...

Пэнсія цяперашнім сьветам атаясамліваецца ўжо не з адпаведным узростам ці працоўнымі заслугамі, а хутчэй шчасьлівым выпадкам ці лятарэяй, вынік якой невядомы.

Зь недалёкае пары нават ня надта вясёлая мінуўшчына здаецца казкай. Пэнсія цяперашнім сьветам атаясамліваецца ўжо не з адпаведным узростам ці працоўнымі заслугамі, а хутчэй шчасьлівым выпадкам ці лятарэяй, вынік якой невядомы, бо на выйгрыш уплывае хутчэй шанец, чым дзеяньні. Азірніцеся на сваё атачэньне і пераканайцеся. Адзін гадоў дваццаць нідзе не працаваў, і кожны прарочыў яму жабрачую старасьць. Але пад шчасьлівай зоркай нарадзіўся — шэсьцьдзесят споўнілася напярэдадні прыняцьця ўказу аб павышэньні пэнсійнага ўзросту. Знайшоў даведкі аб донарстве — і зрабіўся багацейшым, чым у маладосьці, амаль з гэткім жа даходам, як і сябрук — вэтэран працы. Другі нібыта таксама ў спрыяльны час нарадзіўся, але бацькі прамарудзілі з рэгістрацыяй, дайшлі да сельсавету толькі праз тры месяцы, таму давядзецца лішні год працаваць. У трэцяга пяць гадоў стажу згубілася, раней здавалася — дробязь, у выніку працоўная пэнсія ня сьвеціць. Звычайныя выпадковасьці. Што ўжо казаць пра хваробы, цяжкасьці з афармленьнем інваліднасьці, зьбег неспрыяльных жыцьцёвых абставінаў — пастка. Нават дажыць да пэнсійнага веку — выпрабаваньне. Пасьпяхова прайсьці мэдычны прафагляд ва ўзросьце за шэсьцьдзесят складана ўдвая. «Маладых і спраўных» у гародзе хутка можна будзе пабачыць хіба на фатаздымках. Пытаньне «Калі ж для сябе пажыць?» вісьне ў паветры. Показкі пра акушэрку, якую людзі ў аўтобус падсаджвалі, бо не было моцы ногі перакінуць, пра электрыка пасьля інсульту, які на загад кіраўніцтва зьбіраўся нешта рамантаваць, а куды ісьці, забыўся, гучаць прароцтвамі.

Вечаровы паўзмрок у аўтобусе. Нехта зноў позьніцца. Вось зараз зойдзе і пачуе ад калегаў звыклае: «На пэнсію!» Рэакцыя на традыцыйны жарт будзе не такая, як дзесяць-пятнаццаць гадоў таму, але таксама прадказальная. Пазытыўны і малады аджартуецца: «Хоць заўтра!» Дэпрэсіўны, але таксама пакуль малады, заўважыць: «Я не дажыву...» А пажылы і не падумае крыўдзіцца. Наадварот, зычліва ўсьміхнецца, успрыняўшы тое як найлепшае пажаданьне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG