Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў 3 гады калёніі для Труханава, які агаліўся на рэпетыцыі параду ў Менску


Суд над Труханавым, 31 жніўня

Паўла Труханава судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — за хуліганства і напад на супрацоўніка міліцыі. Пракурор папрасіў пакараць падсуднага 3 гадамі калёніі.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску ідзе працэс над жыхаром Менску Паўлам Труханавым, затрыманым пасьля інцыдэнту на рэпэтыцыі вайсковага параду 24 чэрвеня. На працэсе прайшлі судовыя спрэчкі.

Тады ў раёне парку Перамогі малады мужчына выйшаў на праежджую частку дарогі і агаліўся перад калёнай вайсковай тэхнікі, якая ўдзельнічала ў рэпэтыцыі параду.

Калі да Паўла падышоў супрацоўнік ДАІ, той ударыў міліцыянта ў твар і паспрабаваў уцячы, але быў затрыманы. Адзін зь мінакоў запісаў на мабільны тэлефон відэа інцыдэнту, якое пазьней зьявілася ў інтэрнэце.

Пракурор Максім Чупрыс запрасіў для Труханава 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Пракурор мяркуе, што віна Труханава ў хуліганстве і нападзе на міліцыянта Барыса Клешчанку ў судзе былі даказаныя, у тым ліку гэта прызнаў і сам падсудны.

«Быў п'яны. Нічога ня памятаю», — Труханаў

Пракурор папрасіў суд толькі выключыць некаторыя моманты з абвінавачаньня. На ягоную думку, не знайшлося доказаў, што Труханаў напаў на супрацоўніка ДПС Клешчанку з прычыны помсты. Матывамі ўчынкаў Труханава пракурор Чупрыс лічыць хуліганства і намер перашкодзіць міліцыянту ў ягонай дзейнасьці.

Паводле пракурора, Труханаў паказваў вайскоўцам свае палавыя органы, каб прадэманстраваць грэбаваньне нормамі маралі.

Адвакат Паўла Труханава прасіў суд улічыць, што ў абвінавачанага на ўтрыманьні малое дзіця, а жонка пасьля родаў захварэла і безь ягонай дапамогі ня справіцца з выхаваньнем паўтарагадовай дачкі. Адвакат прасіў суд выбраць для Труханава пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Падсудны ў апошнім слове папрасіў прабачэньня ў пацярпелага міліцыянта Барыса Клешчанкі і ва ўсіх, каго зьняважыў сваім ўчынкам, ды выказаў раскаяньне. Труханаў таксама прасіў суд не караць яго пазбаўленьнем волі.

У судзе прагучалі зьвесткі, што бацька Труханава днямі трапіў у шпіталь з другім інфарктам (першы адбыўся пасьля затрыманьня сына).

Прысуд Паўлу Труханаву абвесьцяць сёньня а 15 гадзіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG