Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа аб агаленьні на рэпэтыцыі параду: вэрсія палітычнага пратэсту разглядаецца


Павал Труханаў

На працэсе над менчуком Паўлам Труханавым у Цэнтральным раённым судзе выступілі два зь пяці пацярпелых. Гэта жыхарка вуліцы Арлоўскай Галіна Платонава і маёр міліцыі, інспэктар ДПС Барыс Клешчанка. Іншыя пацярпелыя ў суд не зьявіліся.

Спадары Расолька, Касьцяневіч і Ваганаў даслалі ў суд заявы з просьбамі разглядаць справу бязь іх. Яшчэ некалькі чалавек не прыйшлі без тлумачэньняў. Магчыма, як пацярпелая Галіна Платонава, яны таксама ня лічаць, што Павал Труханаў нанёс ім маральную шкоду, калі дэманстраваў палавыя органы калёне з БТР і самаходак, якія позьнім вечарам 24 чэрвеня рухаліся па вуліцы Арлоўскай на рэпэтыцыю параду. Вось што мяркуе Галіна Платонава:

«Канечне, было непрыемна, калі ён гэта рабіў. Але ня варта яго за гэта саджаць у турму, можа толькі аштрафаваць, ды хопіць. Ён ужо пакараны тым, што яго судзяць. У яго ж малое дзіця, прашу суд гэта ўлічыць», — сказала Галіна Платонава, якую сьледзтва палічыла пацярпелай ад амаральных дзеяньняў падсуднага.

Галіна Платонава
Галіна Платонава

​На тлумачэньне суду, што паводле закону яна зможа патрабаваць ад падсуднага грашовую кампэнсацыю за маральную шкоду, жанчына сказала, што рабіць гэтага ня будзе. Пры гэтым сьведка падзеі паведаміла, што адным з тых, хто затрымаў менчука пасьля ягонага ўчынку, быў яе муж.

«Ён у мяне былы вайсковец, яго гэта вельмі зачапіла, ён нават у тапачках пабег за ім, каб затрымаць», — сказала суду Галіна Платонава.

Ня будзе патрабаваць ад падсуднага грашовай кампэнсацыі за маральную шкоду і маёр міліцыі, інспэктар ПДС Барыс Клешчанка. Гэта ён спрабаваў спыніць «цынічныя» хуліганскія дзеяньні, у якіх абвінавачаны Труханаў, і, як сьцьвярджае сьледзтва, той на яго напаў.

«Калі ён убачыў, што я да яго набліжаюся, дык нацягнуў штаны з трусамі ды пайшоў ад мяне ў супрацьлеглы бок па дарозе. Я па рацыі выклікаў нарад, бо было відавочна, што гэта ня проста хуліганства. Раптам ён павярнуўся да мяне і пачаў нібыта дурэць, дражніць, скакаць вакол і раптам ударыў рукой у кірунку галавы. Але я ўхіліўся, ён трапіў у фуражку, зьбіў яе з галавы», — згадаў міліцыянт, якога сьледзтва прызнала пацярпелым.

Ці быў з боку Труханава менавіта напад, міліцыянт дакладна ня вызначыўся.

«Гледзячы што лічыць нападам», — адказаў пацярпелы пракурору і паўтарыў: «Хутчэй, ён усё ж дурэў, не ўсьведамляў, што робіць».

Суд настойліва спрабаваў высьветліць, што непасрэдна выкрыкваў Павал Труханаў на адрас вайскоўцаў, калі дэманстраваў ім свае інтымныя часткі цела.

«Ці выказваў ён нейкія пратэсты?» — пыталася судзьдзя ў пацярпелых.

Але ні Галіна Платонава, ні Барыс Клешчанка нічога пэўнага суду не паведамілі.

«Было вельмі шумна ад вайсковай тэхнікі, нічога не разабраць», — адказаў міліцыянт. Пры гэтым Барыс Клешчанка згадаў, што пазьней у пастарунку, куды даставілі Паўла Труханава пасьля затрыманьня, яму давялося «пачуць ад затрыманага шмат на адрас міліцыі, у тым ліку нецэнзурнага».

Таксама, паводле пацярпелага, падсудны ў міліцыі адмаўляўся сябе назваць і паведаміць хатні адрас.

Сам Павал Труханаў пра матывы сваіх паводзін падчас рэпэтыцыі вайсковага параду, якія цяпер дасьледуе суд, нічога ня кажа.

«Звычайна я першым нікога не чапаю».

Падсудны спасылаецца на тое, што нічога ня памятае, бо быў моцна нападпітку.

Паводле экспэртызы, у крыві падсуднага было 2,8 праміле алькаголю.

Працэс адновіцца 1 верасьня ў 10.00.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG