Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тарантул не ўспрымае чалавека як кармавы аб’ект». Буйныя павукі дабраліся да Рэчыцы


Рэчыцкі тарантул
Рэчыцкі тарантул

Весткі пра сустрэчу з тарантуламі прыходзяць з розных куткоў Гомельскай вобласьці. Іх бачылі ў Сьветлагорскім раёне. У Лельчыцкім раёне аднаго злавілі ў хаце каля дзіцячай калыскі.

У Рэчыцы тарантул дабраўся да 5-га паверху

Яраслаў, жыхар Рэчыцы, заўважыў тарантула ў пад’езьдзе шматпавярховага дому на вуліцы Навумава.

«Раней чуў, што буйных павукоў бачылі ў вёсках нашага раёну. Але ў горадзе? На пятым паверсе?» — зьдзівіўся малады чалавек.

Яшчэ дзесяць гадоў таму тарантулы былі дзівам для паўднёвых раёнаў Беларусі. Хутчэй за ўсё, прыйшлі яны з стэпаў і лесастэпаў Украіны. Цяпер на Палесьсі іх бачаць усё часьцей.

Тарантулы звычайна сядзяць у норах і чакаюць на што-кольвек пажыўнае. Выбягаюць яны адтуль на вібрацыю ці калі прамільгне цень. Павукі гэтыя палахлівыя і блізарукія.

Ці варта баяцца?

На біялягічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны кажуць, што асьцерагацца тарантулаў варта людзям, схільным да алергічных рэакцыяў. Здароваму чалавеку ўкус тарантула балючы, але не сьмяротны.

Навукоўцы кажуць, што тарантулы могуць поўзаць па вэртыкальных сьценах, таму ня дзіва, што іх бачылі на пятым паверсе.

Адмыслоўцы зазначаюць, што павук першым не нападае, бо «не ўспрымае чалавека як кармавы аб’ект». Каб тарантул укусіў чалавека, «трэба моцна пастарацца». Напрыклад, дражніць, засоўваць пальцы ў норку.

Людзі баяцца тарантулаў, бо гэты від павукоў пакуль ня звыклы для Беларусі. А тарантулы, адчуўшы пагрозу, яшчэ болей палохаюць — становяцца на заднія лапы. Навукоўцы ж заўважаюць, што звычайныя павукі бываюць і большых памераў, але яны ўжо звыклыя, таму і ня страшныя.

Чаму тарантулы ідуць да людзей?

Тарантулы абсьледуюць тэрыторыю вакол сваіх норак, шукаюць корму. У падʼезьдзе шматпавярховага дому яны могуць знайсьці мух, прусакоў, цвыркуноў, павукоў меншых памераў. Людзі ж ім не цікавыя.

Што рабіць, сустрэўшы тарантула?

  • Не пужацца.
  • Не кранаць рукамі.
  • Тарантулаву нару можна пабурыць рыдлёўкай, каб павук сышоў у іншае месца.
  • У кватэры тарантула можна венікам загнаць у слоік і вынесьці вонкі.

Навукоўцы просяць не забіваць тарантулаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG