Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вожыку — 21 рубель на год, мядзьведзю — 300. Які пражытковы мінімум для жывёлаў?


Ільвоў і тыграў кормяць толькі ялавічынай, а ў мэню для макак уваходзіць чай і мёд. Чым харчуюцца і колькі грошай на год патрабуюць выхаванцы Горадзенскага заапарку?

Пражытковы мінімум для жывёлаў Горадзенскага заапарку пралічваецца на год. Аднак толькі тады, калі нехта выкажа ахвоту ўзяць пэўную жывёліну пад апеку. Такім апекуном можа стаць прадпрыемства або звычайны жыхар гораду ці краіны. Прыкладам, для ўсіх буслоў заапарку харчаваньне аплочвае цяпер малочны завод з Ваўкавыску, а для птушкі сіпухі — горадзенскі цэнтар замежных моваў. Раней апекуноў было больш.

Загадчыца навукова-асьветнага аддзелу Горадзенскага заапарку Алена Пятрова распавяла пра рацыён сваіх гадаванцаў і кошты, якія пралічваліся ў 2016–2017 гадах. У Горадні жывёлаў кормяць паводле рацыёнаў, зацьверджаных у Маскоўскім заапарку.

Па ейных словах, самыя высокія пражытковыя мінімумы ў ільвоў і тыграў. Яны ядуць мякаць ялавічыны, а ня косткі ці субпрадукты. Кожнаму такому драпежніку — па 7–8 кіляграмаў мяса на дзень. Калі самка зацяжарыць, ёй даюць яшчэ яйкі і вітаміны. Аднак дакладную суму на год назваць цяжка — даўно ўжо пралічвалі. Ніхто з патэнцыйных апекуноў не цікавіцца такімі дарагімі выхаванцамі.

Заапарк у Горадні
Заапарк у Горадні

Бадай што адзін з самых разнастайных рацыёнаў — у макак. У яго ўваходзіць ажно 29 пазыцый, сярод якіх завараны чай, мёд, цукар, тварог, куры.

Пераважная большасьць мяса для жывёлаў — гэта мякаць ялавічыны. Сьвінінай іх карміць нельга, бо такога мяса іхны арганізм не ўспрымае. У заапарку ёсьць віварый, дзе гадуюць мышэй і пацукоў на корм для птушак і рэптылій. Кіляграм мышэй каштуе 10 капеек.

Пражытковы мінімум некаторых зьвяроў у горадзенскім заапарку (разьлічаны на год)

Вожык — 21,1 рубля

Рацыён: мяса, мышы, малако, хлеб, морква, курынае яйка.

Папугай ара — 34,1 рубля

Рацыён: пшанічны хлеб, авёс, вотрубʼе, проса, печыва, пшаніца, ячмень, гарох, рыс, кукуруза, сланечнік, арэхі, капуста, цыбуля, бульба, морква, буракі, агуркі, яблыкі, павідла, цукар, масла, малако, тварог, мяса, яйкі, дрожджы.

Пясец — 50 рублёў

Рацыён: мяса, рыба, дрожджы, хлеб, ячныя крупы, морква.

Гарадзенскі пясец. Фота ©Shutterstock
Гарадзенскі пясец. Фота ©Shutterstock

Журавель — 50 рублёў

Рацыён: белы хлеб, авёс, проса, вотрубʼе, ячмень, сланечнік, гарох, кукуруза, морква, бульба, буракі, капуста, трава, цыбуля, яблыкі, мяса, яйкі, рыба, тварог, соль.

Малпа макака — 52,5 рубля

Рацыён: пшанічны хлеб, вотрубʼе, рыс, проса, грэчка, аўсянка, гарох, кукуруза, арэхі, сланечнік, капуста, бульба, морква, буракі, цыбуля, агуркі, сьвежая садавіна, ягады, мяса, куры, рыба, яйкі, малако, тварог, цукар або мёд, чай, камбікорм, соль.

Пугач — 82,2 рубля

Рацыён: мяса, пацукі.

Вушастая сава ў горадзенскім заапарку
Вушастая сава ў горадзенскім заапарку

Бусел — каля 100 рублёў

Рацыён: мяса, рыба.

Арол — 150 рублёў

Рацыён: мяса, жывы корм (пацукі).

Гімалайскі мядзьведзь — каля 300 рублёў

Рацыён: мяса, рыба, яйкі, тварог, жытні хлеб, розныя крупы, садавіна, морква, буракі, бульба, капуста, дрожджы, белы хлеб.

Мядзьведзь у гарадзенскім заапарку
Мядзьведзь у гарадзенскім заапарку

Зубар — 627,5 рубля

Рацыён: сена, авёс, вотрубʼе, бульба, буракі, морква, венікі (корм з галінак), соль.

Бюджэт пражытковага мінімуму для беларусаў быў падвышаны з 1 жніўня. Для працаздольнага насельніцтва ён склаў 236,98 рубля на месяц, для пэнсіянэраў — 162,58 рубля, для студэнтаў — 206,89 рубля, для дзяцей да трох гадоў — 135,93 рубля, ад трох да шасьці — 188,95 рубля, ад шасьці да васемнаццаці гадоў — 231,32 рубля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG