Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскі завод музычных інструмэнтаў, які рабіў піяніна «Беларусь», вырашылі ліквідаваць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Завод фактычна памёр 12 гадоў таму. І пакупнікі на тое, што засталося ад «піянінкі», не заўсёды знаходзіліся. Цяпер пададзеная заява на банкруцтва.

Ліквідацыйная камісія Барысаўскага заводу музычных інструмэнтаў падала ў суд заяву аб банкруцтве, паведамляецца на сайце Вярхоўнага суду.

Фінансавы аналіз паказаў, што прадпрыемства неплатаздольнае, ягоная неплатаздольнасьць мае ўстойлівы характар, уласныя абаротныя сродкі адсутнічаюць. Судовы разбор для адкрыцьця ліквідацыйнай справы прызначаны на 5 сьнежня.

Як адзначае барысаўскі ex-press.by, заснаваны ў 1935 годзе завод «даўно памёр» — ён спыніўся ўжо 12 гадоў таму, у жніўні 2006-га, а стаў «практычна банкрутам» яшчэ ў 2003-м, калі запазычанасьць перавысіла 1,3 млн даляраў. Пасьля спыненьня вытворчасьці некаторыя актывы выстаўляліся на аўкцыёны, але пакупнікі часьцей за ўсё не знаходзіліся.

На піку актыўнасьці заводу на ім працавала больш за 2700 чалавек, за год выпускалася да 22 тысяч адзінак фартэпіяна «Беларусь».

Тым часам у Менску зьбіраюць піяніна «Беларусь» з імпартных дэталяў

Заяву пра банкруцтва барысаўскай «піянінкі» падалі ў той жа дзень, калі Аляксандру Лукашэнку ў Менску паказвалі вырабленыя ў Беларусі музычныя інструмэнты, у ліку якіх былі скрыпкі, балалайкі, баяны, дуды і фартэпіяна. Сярод інструмэнтаў была і «новая вэрсія» піяніна «Беларусь», сабраная ў Менску з імпартных дэталяў.

Лукашэнка загадаў «палічыць, колькі грошай трэба на ўсё», але «без празьмернасьцяў». У прыватнасьці, ён даручыў аказаць судзеяньне пінскаму майстру-балалаечніку Руслану Макарэвічу, які выпускае 10 інструмэнтаў за год, але кажа, што можа выпускаць па 100. Таксама сказаў выдаткаваць грошы вытворцам гітараў і цымбалаў.

«Я лічу, што няма такога народу, як беларускі, які можа ў музычным мастацтве быць на такім узроўні, — казаў Лукашэнка. — Але калі ня будзе інструмэнту, то мы звалімся ў балота».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG