Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны пяты літовец лічыць Беларусь непрыязнай. Чаму — тлумачыць Віціс Юрконіс


Belarus - The illustration for the book «The Case of Byalyatski». Lithuanian political analyst Vytis Jurkonis, undated

МЗС Літвы апублікаваў вынікі апытаньня, у якім 20% літоўцаў назвалі Беларусь непрыязнай краінай, ад якой можа быць пагроза Літве. Больш нэгатыўнае стаўленьне толькі да Расеі: яе назвалі непрыязнай 67% апытаных.

Няўжо шмат літоўцаў кепска ставяцца да беларусаў? Пра тое, адкуль узяліся такія лічбы, Свабода запыталася ў літоўскага палітоляга Віціса Юрконіса.

«Думаю, многія людзі разумеюць, што Беларусь — партнэр Расеі нумар адзін. Ня нумар два ці нумар тры, — кажа Юрконіс. — Беларусь у вайсковым саюзе з Расеяй, усе гэтыя вучэньні кожны год праходзяць недалёка ад межаў Літвы і Польшчы. Я думаю, гэта адзін з асноўных фактараў.

Вядома, ёсьць той фактар, які апошнім часам раскручваўся ў нашых СМІ, што Беларусь не адказвае на запыты аб будаўніцтве АЭС у Астраўцы, вядзе сябе не па-суседзку. Ёсьць вельмі шмат пытаньняў бясьпекі: і пітной вады, і ў выпадку аварыі. А гэта пагражае Вільні, якая ў радыюсе 50 км ад Астраўца.

Але па сутнасьці справы, я думаю, падыход для беларусаў вельмі добры. Трэба падзяляць, што людзі думаюць пра афіцыйны Менск і ўрад, а што думаюць пра людзей. Шмат беларусаў прыяжджаюць у Вільню, Друскенікі, да мора — і беларускіх турыстаў, я думаю, любяць.

Чалавечае стаўленьне добрае. Але, я думаю, яго недастаткова: магло б быць больш акадэмічнай, экспэртнай супрацы, грамадзянскай супрацы між няўрадавымі арганізацыямі. Але ў Беларусі грамадзянская супольнасьць уціскаецца, таму ёсьць цяжкасьці з таго боку. Хоць і не сакрэт, што шматлікія беларускія няўрадавыя арганізацыі адкрылі юрыдычныя асобы тут, працуюць тут. Ёсьць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, студэнтаў нямала. Праходзіла шмат канцэртаў беларускіх музыкаў. Думаю, у чалавечым і культурным пляне някепскія стасункі».

За 2015 год у Літву зь Беларусі, паводле Белстату, было зладжана 29 252 арганізаваныя туры. У Расею — 130,5 тысячы, у Польшчу — 75,2 тысячы, ва Ўкраіну — 18,5 тысячы, а ў Латвію — 5,5 тысячы. Тым часам са зьвестак Эўракамісіі вядома, што Літва за той жа 2015 год выдала беларусам 203 806 шэнгенскіх візаў. Апрача таго, па стане на 2015 год у Літве жылі 6188 грамадзян Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG