Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суботнія вечары клясыкі каля Ратушы стартуюць 8 ліпеня. Расклад канцэртаў


Неўзабаве пасьля джазавых вечароў каля менскай Ратушы эстафэту перахопіць клясычная музыка. Праграма фэсту «Клясыка ля Ратушы з Velcom» была анансаваная 29 чэрвеня.

Штосуботы з 8 ліпеня па 26 жніўня менчукі і госьці сталіцы змогуць паслухаць клясычную музыку ў выкананьні сымфанічнага аркестру і зорак сусьветнай велічыні на плошчы Свабоды каля менскай Ратушы абсалютна бясплатна.

Гэтая традыцыя сягае каранямі 19 стагодзьдзя, калі на балькончык Ратушы штонядзелі выходзіў духавы аркестар і граў для гараджан клясычную музыку. Праз два стагодзьдзі, два гады таму, гэтая традыцыя была адроджаная ў Менску дзякуючы намаганьням гарадзкіх уладаў і кампаніі Velcom.

Праграму фэсту прэзэнтавалі для журналістаў незвычайным чынам — у форме аўтобуснай экскурсіі па горадзе, маршрут якой пралягаў ад плошчы Свабоды, на якой месьцяцца ўсе менскія музычныя адукацыйныя ўстановы — «глебаўка», музычны каледж і кансэрваторыя, праз дом, дзе нарадзіўся беларускі кампазытар Станіслаў Манюшка, да філярмоніі і тэатру опэры і балету. На прыпынках у аўтобус сядалі музыкі і выконвалі клясычныя творы на флейце, скрыпцы, трубе ды іншых музычных інструмэнтах, каб на заканчэньне экскурсіі зьліцца ў сапраўдны аркестар.

«Вось ужо трэці год запар фэстываль „Клясыка ля Ратушы з Velcom“ будзе складацца з васьмі вечароў клясычнай музыкі, кожны зь якіх будзе ўнікальны па форме і зьмесьце. Калі мы пачыналі гэты праект, мы думалі, што ён будзе разавы. Аднак калі на канцэрты прыйшлі спачатку 6, а потым 10 тысяч чалавек, мы зразумелі, што такая традыцыя павінна працягвацца. Тры гады таму мы ўбачылі ў гэтым магчымасьць разьвіцьця гарадзкой культуры і інфраструктуры Менску, дзе мы ня толькі жывем, але яшчэ і якасна бавім вольны час. Мы паспрабуем максымальна разбавіць праграму інтэрактывам. У першы вечар клясыкі мы дамовіліся зрабіць вялізнае сэлфі з маэстра Анісімавым. На другую суботу мы будзем ладзіць улюбёны ўсімі праект „Свабодны раяль“ — гэта магчымасьць праявіць сябе, тут будзе доступ кожнаму. Але сёлета мы паставім два раялі і зладзім батл, у якім можна будзе пазмагацца зь іншымі музыкамі. Усе нашы праекты абсалютна бясплатныя, можна спакойна прыйсьці папіць кавы, пагуляць зь дзецьмі і атрымаць асалоду ад гучаньня клясычнай музыкі».

Са свайго боку, арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб тым, хто прыйдзе на вячэрнія канцэрты, было камфортна слухаць музыку. Будзе выкарыстана адмысловае абсталяваньне, каб гук добра пакрываў плошчу, на вялізным экране ўсім будзе добра відаць выканаўцаў. На плошчы змайструюць агромністую сцэну, каб на ёй зьмясьціліся ўсе 70 удзельнікаў сымфанічнага аркестру. Будзе дзіцячая пляцоўка, каб гараджане змаглі прыйсьці семʼямі, дзецям было дзе падурэць, а бацькам — паслухаць музыку. А яшчэ тут ужо стаіць мабільная базавая станцыя, каб ва ўсіх, хто прыйдзе на плошчу, ня страчвалася мабільная сувязь, добра працаваў інтэрнэт і можна было дзяліцца эмоцыямі зь сябрамі ды знаёмымі.

Што да арганізацыі бясьпекі і магчымых аўтазакаў на плошчы Свабоды, Юлія Дайнэка сказала:

«Нягледзячы на тое, што прыходзіць на канцэрты ад 10 да 14 тысяч слухачоў, арганізацыя бясьпекі практычна нябачная. Усё адбываецца спакойна. Мы вядзём перамовы і са службай бясьпекі, і зь міліцыяй, дамаўляемся пра забесьпячэньне аховы здароўя, бо мала што можа здарыцца. Вядома, хацелася б, каб вечары прайшлі ў атмасфэры спакою, музыкі і радасьці».

Праект «Клясыка ля ратушы з Velcom» рэалізуецца Менскім грамадзкім выканаўчым камітэтам пры генэральнай падтрымцы кампаніі Velcom. Сёлета да арганізацыі фэстывалю далучылася канцэртнае агенцтва «Эквілібрыюм Артс».

Клясыка ля ратушы: праграма канцэртаў

Даты канцэртаў: 8, 15, 22, 29 ліпеня, 5, 12, 19, 26 жніўня

Месца: плошча Свабоды

Пачатак: 20:30

8 ліпеня

Стагодзьдзе ў клясыцы

У гэты вечар на сцэне выступіць галоўны аркестар краіны, адзін з найстарэйшых аркестраў былога Савецкага Саюзу, заснаваны ў красавіку 1927 году. Сёлета Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Рэспублікі Беларусь адзначае сваё 90-годзьдзе, і мы ўсе запрошаныя на дзень народзінаў аркестру. На канцэрце прагучаць пэрліны сымфанічнай і опэрнай музыкі ў выкананьні імяніньніка і запрошаных салістаў: Аксаны Волкавай (мэцца-сапрана, Беларусь), Крысьціяна Бэнэдыкта (тэнар, Літва), Ірыны Крыкуновай (сапрана, Расея). Галоўны дырыжор Аляксандар Анісімаў.

15 ліпеня

Дырыжоры настрою

Прагучаць фрагмэнты з апэрэт незраўнаных кампазытараў Ёгана Штраўса, Імрэ Кальмана і іх аркестравая музыка: полькі, галёпы, вальсы — у выкананьні Дзяржаўнага камэрнага хору Рэспублікі Беларусь (дырыжор Натальля Міхайлава) і «Гарадзенскай капэлі» (дырыжор Уладзімер Борматаў).

22 ліпеня

Tour de classic

Tour de classic — канцэрт, прысьвечаны музычнай гісторыі Францыі — сольныя, ансамблевыя і аркестравыя творы славутых кампазытараў гэтай краіны ў выкананьні беларускіх музыкаў і госьця з Францыі — барытона Аліўе Эта.

29 ліпеня

Гульня ў клясыкі

Гэты вечар прысьвечаны творчаму альянсу клясыкі і джазу. На сцэну выйдуць ансамбль ударных інструмэнтаў Grig Percussion Group, канцэртны аркестар «Няміга» і квінтэт Jazzology.

5 жніўня

Паравіны году

Тэма пораў году натхняе кампазытараў ужо шмат стагодзьдзяў. Сваё ўяўленьне на гэты конт ёсьць і ў вядомых усім кампазытараў, чые творы пачуюць гледачы ў гэты вечар: Астара Пʼяццолы, Пятра Чайкоўскага, Антоніё Вівальдзі. На сцэну выйдуць Nouvelle Philharmonietrio (Беларусь — Францыя — Нідэрлянды — Нямеччына), Арцём Шышкоў (скрыпка), Сяргей Сьмірноў (фартэпіяна), Дзьмітры Цыпкін (віялянчэль), струнны аркестар Кансэрваторыі музыкі імя Джузэпэ Тарціні (г. Трыест).

12 жніўня

Беларуская рапсодыя

У аснову вечара ансамбля «Мінск-Клясык» увайшла музыка з кінафільмаў 60–70-х гадоў, напісаная выбітным беларускім кампазытарам Яўгенам Глебавым: «Пасьля кірмашу» (па матывах «Паўлінкі»), «Вясновая казка», «Апошняе лета дзяцінства», «Саша-Сашанька», «Траянскі конь», зьнятых на студыі «Беларусьфільм». Працягнуць праграму творы, напісаныя беларускімі кампазытарамі для музычнага тэатру, у выкананьні салістаў і музычнай капэлі «Санорус», якая сёлета адзначае свой дваццаціпяцігадовы юбілей.

19 жніўня

Клясыка бязь межаў

I, CULTURE Orchestra — гэта ансамбль надзвычай адораных маладых музыкаў з Польшчы і краін «Усходняга партнэрства», створаны ў 2011 годзе Інстытутам Адама Міцкевіча. Дырыжор — Андрэй Барэйка.

26 жніўня

Яе вялікасьць клясыка

Галоўны сымфанічны аркестар краіны пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава запрашае слухачоў на заключны канцэрт «клясычных субот». У выкананьні аркестру і салістаў прагучаць дыямэнты сусьветнай клясычнай музыкі, даступныя дзякуючы сваёй папулярнасьці і дэмакратычнасьці гледачам зь яшчэ малым філярманічным стажам і здольныя падарыць хвіліны асалоды сапраўдным мэляманам.

Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Рэспублікі Беларусь. Дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандар Анісімаў. Ірына Крыкунова (сапрана, Расея). Цімур Сергяеня (фартэпіяна, Беларусь — Бэльгія).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG