Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авантура Ангуса. Як лідэр культавага гурту «Тарнада» скараў Бахрэйн, Пакістан, Эміраты


Андрэй «Ангус» Піпко, нашы дні

30 гадоў ад моманту заснаваньня адзначае калектыў, зь якім найперш асацыюецца беларуская мэтал-сцэна. На мяжы 1980–90-х «Тарнада» на чале з харызматычным Андрэем Піпко, больш вядомым мэляманам пад мянушкай Ангус, зьбірала поўныя залі «валасацікаў» і мела ўсе шанцы стаць у адзін шэраг з самымі культавымі тагачаснымі камандамі. Прынамсі, пачатак быў шматабяцальны.

«Тарнада»: юбілей без фаервэркаў

У 1989-м гурт, які засяродзіўся на дынамічным трэшы, запісвае першы міні-альбом, а ўжо на наступны год выходзіць на міжнародны ўзровень — зьяўляецца кружэлка ў Даніі, а потым і ў Англіі. У 1991-м «Тарнада» запрашаюць на фэстываль Monsters of Rock у Маскву: дэбютанты не згубіліся сярод дзьвюх соцень канкурэнтаў і замкнулі тройку пераможцаў сьледам за «Чорным абэліскам» і E.S.T.

Менскі трэш-гурт «Тарнада»
Менскі трэш-гурт «Тарнада»

Пачаўся пэрыяд актыўнай канцэртнай дзейнасьці. Эпатажнага Ангуса віталі стадыёны, а песьні стабільна ўваходзілі ў зборнікі лепшай хард-н-хэві музыкі. Неўзабаве распачаліся перамовы са студыяй Biz Enterprises расейскага прадусэра Барыса Зосімава, які прадракаў беларусам месца на вяршыні «мэталічнай» піраміды. Аднак грымнуў парад сувэрэнітэтаў, і амбітныя пражэкты ляснуліся. Ня мела асаблівага плёну і спроба экспансіі на Захад пад новай назвай Red Dynamitе («тарнады» ў розных варыяцыях там ужо існавалі) — падвялі неспрактыкаванасьць мэнэджэраў і падводныя плыні шоў-бізнэсу.

У лепшыя часы «Тарнада»
У лепшыя часы «Тарнада»

На нейкі час насельнікам постсавецкай прасторы стала не да забаваў, на першы плян выйшла задача выжываньня. Градус актыўнасьці музычнай тусоўкі імкліва зьніжаўся. Апошні раз інтарэс да «Тарнада» падагрэла навіна: Андрэй Піпко ў якасьці мэнэджэра выправіўся з жаночым бэндам у Бахрэйн. Зьвесткі з краіны, якую зь першай спробы ня кожны знойдзе на мапе, эпізадычна зьяўляліся, але даверу да іх было няшмат. Потым Ангуса нібыта бачылі ў іншых месцах рэгіёну, дзе з трыбʼют-ансамблем ён выконваў клясычны рок.

Error rendering VK.

Што насамрэч здарылася ў жыцьці лідэра знакавага калектыву за прамінулыя гады і чаму не адзначаецца юбілей — Свабода даведалася зь першых вуснаў. Андрэй «Ангус» Піпко — пра сябе, сяброў-тарнадаўцаў і экзатычны досьвед, набыты ў Бахрэйне, Пакістане ды Абʼяднаных Арабскіх Эміратах.

Сёньня ідэйнаму мэталісту крыху за 50. Ён зрэзаў сваю знакамітую грыву, надзеў пінжак і ўзброіўся мэнэджэрскім нататнікам. Найперш цікаўлюся: дык дзе афішы з запрашэньнямі на юбілейны канцэрт?

«Тарнада» на хвалі папулярнасьці
«Тарнада» на хвалі папулярнасьці

«Па-першае, я элемэнтарна адсутнічаў. Па-другое, з арыгінальнага складу засталіся двое — я і гітарыст Сяргей „Saxon“ Надзежкін. Яго таксама засмактала балота кавэраў, шмат дзе працаваў. Абмяркоўвалі, былі ідэі, але ня склалася, да рэалізацыі не дайшло. Бо калі браць маладых, дык сёньня яны ня вельмі разумеюць музыку, якую мы рабілі. І так, як гралі мы, мала хто цяпер умее. У нас былі дзьве гітары, і такой сынхроннасьці я больш ні ў кога ня чуў, прынамсі на беларускай сцэне. Апроч, магчыма, „7 Герц“. Падняць такі пласт музыкі — гэта трэба мінімум год падрыхтоўкі, рэпэтыцый, каб выбудаваць праграму ў ланцужок. Натрэніраваць моладзь, зрабіць так, каб гэта гучала, як 30 гадоў таму. Ну і, зноў жа, фінансавыя праблемы: такое ўражаньне, што ў Беларусі зноў настаюць галодныя 1990-я...»

«Чума» 1990-х: выбар паміж турмой і магілай

Лёс «тарнадаўцаў» склаўся па-рознаму. Сам Андрэй Піпко за апошнія 15 гадоў стаў экспэртам па краінах Блізкага Ўсходу, абʼезьдзіўшы ўсё ўзьбярэжжа Пэрсыдзкай затокі. Басіст Гена Лаўнік цягне ня першы турэмны тэрмін, стаўшы ў няволі майстрам пісаньня дэтэктываў. У 2010 годзе памёр Ігар Маскаленка, пра яго ва ўнісон казалі — барабаншчык ад бога:

Сяргей «Saxon» Надзежкін і Андрэй «Ангус» Піпко
Сяргей «Saxon» Надзежкін і Андрэй «Ангус» Піпко

«Рок-музыкі — людзі імпэтныя, робяць крокі занадта далёка і глыбока, аступаюцца. Гэта здарылася і з Маскалём. Зацягнула дрыгва, плюс старыя хваробы. Скончыў жыцьцё на новым этапе. Якраз у той дзень вярнуўся з турнэ з Джо Лін Тэрнэрам, вакалістам Rainbow і Deep Purple. З апошняга канцэрту прыляцеў у Менск, і ў ноч яго ня стала. А былі цудоўныя пэрспэктывы. Тэрнэр нашым музыкантам спрыяў, зь ім і зьехаў бы. Аднак на тым усё скончылася... Наша каманда раскалолася надвое ў тым ліку і з гэтай прычыны: „чума“ 1990-х не шкадавала нікога, колькі бязглуздых сьмерцяў — вакалісты „Эксгуматара“, „7 Герц“, багата народу „кракнула“. Такі час быў: не маглі сябе знайсьці, спрабавалі забыцца. Хтосьці саскочыў з гэтай тэмы, хоць і вельмі малы працэнт. Астатнія або сядзяць дагэтуль, або лабаюць дзесьці там, на нябёсах».

Ня тое каб не было з кім разьдзяліць радасьць юбілею, — удакладняе Андрэй Піпко. Сапраўдных мэталістаў, якія па старой памяці забясьпечылі б аншляг любому клюбу, дастаткова і сёньня. Проста балюча згадваць, праз што давялося некалі прайсьці:

Сяргей «Saxon» Надзежкін і Андрэй «Ангус» Піпко
Сяргей «Saxon» Надзежкін і Андрэй «Ангус» Піпко

«Наогул, можна было б арганізаваць і джэм, і трыбʼют. Але я, шчыра кажучы, не люблю такія рэчы. Гэта не какетнічаньне, бо на самой справе ва ўсё тое, што зьвязана з „Тарнада“, асабіста для мяне вельмі балюча і цяжка вяртацца. Я на гэта паклаў палову жыцьця. Хоць прадуктыўны пэрыяд існаваньня гурту і ня самы працяглы, дзесьці гадоў 13, тым ня меней я ўсё аддаў на тое, што зьвязана з камандай — на творчасьць, на музыку, на прасоўваньне. Вынік, на жаль, далёка не такі, які мог быць. Таму цяжка да ўсяго гэтага вяртацца, нават фізычна. Вось каб гаворка пра новы альбом — так, можа быць. А старое церабіць — ня вельмі гэта прыемна, ня вельмі лёгка ўспамінаць».

Сёньня Ангус выступае ў нязвыклай ролі. Прынамсі ў разуменьні тых, хто дагэтуль успрымае яго выключна як музыканта. Ён — антыкрызісны ўпраўляючы ў менскай кавярні «Грай», адной з установаў сеткі, у якую ўваходзяць «Камяніца», «Агінскі», «Карчма» на тэрыторыі музэйнага комплексу ў Азярцы пад Менскам. Апроч мэнэджэрскіх функцый, у выходныя грае тут з кавэр-бэндам. Дапамагае міжнародны досьвед — у апошнія гады за мяжой займаўся якраз тым, што вяртаў да жыцьця ўстановы, на якіх паставілі крыж. Ці лічыць цяперашні статус радыкальным паваротам?

На працы ў кавярні «Грай»
На працы ў кавярні «Грай»

«Не, хутчэй гэта лягічны працяг таго, што пачалося некалькі гадоў таму. Рэзкі паварот здарыўся ў 1999 годзе, вось гэта праўда. Аднойчы я выйшаў з дому — жыў тады на вуліцы Цнянскай каля Камароўкі — і зразумеў, што мне проста няма чаго жэрці. Скончыліся канцэрты, скончыліся запісы, наогул час для музыкантаў настаў страшны. Наперадзе — нічога, тупік, безвыходнасьць. І раптам праз маю тагачасную дзяўчыну паступае прапанова паехаць папрацаваць... у Бахрэйн. І вось тады ўсё пачало разгортвацца вельмі радыкальна, гэта так. А тое, што адбывалася потым, ужо выглядала пасьлядоўным і цалкам заканамерным працэсам».

Бахрэйн: уцёкі ад безвыходнасьці

Як дадае суразмоўца, адсутнасьць уцямных пэрспэктываў не пакідала выбару: ці надалей заставацца на галодным пайку, ці паспрабаваць вырвацца з зачараванага кола безвыходнасьці.

Наведнікі клюбу ў Манаме вітаюць Ангуса
Наведнікі клюбу ў Манаме вітаюць Ангуса

«Там якраз пачынаўся бум на тое, што цяпер у нас называецца кавэр-бэндамі, — успамінае Ангус. — Безумоўна, не ў клясычным варыянце, а са сваёй, адметнай спэцыфікай Блізкага Ўсходу: як правіла, гэта шоў у асобе клявішніка і трох сьпявачак, яны ж яшчэ і танцоркі. Гэта тады было супэрмодна, недзе ад сярэдзіны 1990-х такія калектывы ішлі там проста нарасхват. Раней за нас туды падцягнуліся палякі, баўгары, нават украінцы, мы ўжо пайшлі пратаптаным шляхам. Пачалася тая чума якраз з Бахрэйну, а ўжо потым распаўсюджвалася па ўсім рэгіёне».

Па словах музыкі, перад паездкай прыйшлося яшчэ салідна ўкласьціся ў абсталяваньне. Авантурная місія вымагала ўнівэрсальнасьці — трэба было адначасова быць гукарэжысэрам, імітаваць працу на клявішах і дапамагаць бэк-вакалам:

«Перакваліфікаваўся ў клявішніка, хоць граць ня ўмею зусім. Але спачатку давялося купіць супэрдарагі кампутар. Як на тыя часы, аддаў шалёныя грошы — 1200 даляраў. Да таго прадаў кватэру, і апошняя заначка пайшла на магутны кампутар. Была ў Менску такая кантора „Датастрым“ (мабыць, дагэтуль працуе), хлопцы заўсёды падтрымлівалі музыкаў, клюбы, у тым ліку тэхнічна. Яны мне сабралі найноўшы эксклюзіўны кампутар. Валок з сабой нават манітор — тады гэта быў сапраўдны тэлевізар, памерам як лямпавы. Плюс „расчоску“ (пераносны сынтэзатар. — РС) купіў, каб імітаваць вялікага віртуоза. Ну, і паехалі. Працавалі пад мінусовую фанаграму. Як гукарэжысэр запускаў трэк, руліў гукам. Ну, а што было рабіць?»

Як кажа Ангус, здавалася, што маральна да сустрэчы з арабскім сьветам быў падрыхтаваны. Доўгі час літаральна дняваў і начаваў у інтэрнаце менскага Інстытуту замежных моваў — з вайсковым сябрам, таксама навучэнцам інʼязу, гадоў восем ладзілі там дыскатэкі. Блізка закантачылі з палестынцамі, міжволі спасьцігалі іншую культуру. Аднак без псыхалягічнага зрыву не абышлося:

Зь сябрамі-чылійцамі ў Бахрэйне
Зь сябрамі-чылійцамі ў Бахрэйне

«Ляцелі, калі яшчэ можна было піць, курыць. У паветры 5,5 гадзіны, на борце 80% — дзяўчаты, пацаны, цэлы статак музыкаў. І вось у нейкі момант я ўстаў пасярод самалёта (бухі, натуральна) і пачаў гістэрыць: „Вы наагул разумееце, куды мы ляцім? Мы ляцім у пекла!“. У сьвядомасьці любога эўрапейскага чалавека, які ніколі ня быў у тых краях, карціна стаяла адна: пустыня, нуль цывілізацыі, вярблюды і г.д. Па вялікім рахунку, у Бахрэйне прыблізна так і было: невялікая вёска Манама, пара высотных будынкаў, некалькі гатэляў, астатняе — двух-трохпавярховікі. Народ задумаўся, страпянуўся, пачалі бурчаць. Але рок-н-рол урэшце перамог: на ўсё плюнулі, працягнулі піць і паляцелі далей. Як выявілася, ня так усё страшна, як напрыдумлялі».

Манама аказалася сапраўднай Мэкай для кавэрбэндаў. Геаграфія бязьмежная: брытанцы, канадцы, новазэляндцы, чылійцы. Асобная каста — «жывыя» калектывы, попыт на іх зашкальваў. А вось за гендэрную роўнасьць давялося пазмагацца. Як кажа Андрэй Піпко, звычайна дзяўчат на вуліцу не выпускалі: артысткі сядзелі пад аховай у нумарах ці на найманых кватэрах, а раз на месяц ім выдзялялі аўтобус і везьлі на шопінг:

У атачэньні куміраў
У атачэньні куміраў

«Адпрацавалі ад рамадану да рамадану. Пашанцавала, што ў партнэры трапіў нармальны чэл. У першы ж дзень зайшоў да яго ў кабінэт, сеў насупраць, закінуў нагу за нагу і заявіў: са мной прыехалі людзі з вышэйшай музычнай адукацыяй, ніякіх абмежаваньняў ня будзе — ні аховы, ні „хатніх арыштаў“. Усё пад маю адказнасьць. Ён мяне ўважліва выслухаў, а потым пачаў рагатаць. Я, натуральна, вылупіўся. Па-першае, кажа, я лібанец — арабамі яны сябе ня лічаць. Па-другое, 20 гадоў пражыў у ЗША, маю гатэльны бізнэс, усё цудоўна разумею (потым нават крыўдзіўся, што мы яго з сабой нікуды не бяром). Дык вось гэта быў першы прэцэдэнт, калі ўсе артысты спакойна выходзілі ў крамы, на рынкі, на пляжы, купаліся, загаралі. Сапраўдны бахрэйнскі цуд. Нам многія зайздросьцілі, бо іх нават на мора вазілі пад аховай, у адмыслова абсталяваны яхт-клюб».

За год беларусаў палюбілі, гатэльныя клюбы заўсёды былі перапоўненыя. У мясцовых донжуанаў паступова зьявіліся свае сымпатыі на сцэне — дзяўчат у літаральным сэнсе засыпалі кветкамі.

Ангус у вобразе
Ангус у вобразе

«Там гэты бізнэс вельмі добра пастаўлены, — кажа Ангус. — Паколькі іншых забаваў асабліва няма, адрываюцца ў клюбах пры гатэлях. Страшэнна любяць „кветкавы цырыманіял“. Прыходзяць у карчму, бухаюць, купляюць „вянкі“ і вешаюць на шыю тым, хто ім спадабаўся. Частка выручкі ідзе музыкам, частка — установе. Так разумею, што сама традыцыя не мясцовая, а прыйшла зь Індыі ці зь Філіпінаў. Скажам, 1 кветка каштуе ў эквіваленце 15 даляраў. Дык вось у іх такая забава: папіваюць піўко ці віскарык і чувісе, якая ім спадабалася, навыперадкі адгружаюць кветкі. Быў рэкорд, калі нашай сьпявачцы за песьню павесілі 90 кветак. Стаяць не магла, шыя так сагнулася, што баяліся, каб не пераламалася».

Пакістан: падпольныя гульні багацеяў

Год мінуў, настаў час вырашаць, чым займацца далей. Зрэшты, удакладняе Андрэй, варыянтаў адпачатку было няшмат: ці шукаць новы кантракт за мяжой, ці вяртацца ў Беларусь і паспрабаваць рэанімаваць «Тарнада».

Беларускае шоў на ўсходзе
Беларускае шоў на ўсходзе

«Я ня думаў, што надоўга затрымаюся ў той сфэры. Ехаў з намерам зарабіць, вярнуцца дадому і працягнуць творчасьць. Але аказалася, што гэты бізнэс як балота, ён зацягвае. Па ходу вымалявалася магчымасьць прывезьці ў Бахрэйн адзін з нашых калектываў, каб гралі жыўцом. Бо кавэрбэнды — менавіта тое, што там рэальна запатрабавана, уласная творчасьць нікога не цікавіць. Закінуў ідэю, аднак памяркоўная беларускасьць не дазволіла людзям своечасова ні сабраць дэма-матэрыял, ні сарганізавацца. Тады плюнуў на ўсё і падумаў: а чаму я сам не магу ўсё зрабіць? На жаль, мала хто мог зразумець, пра што ўвогуле гаворка. Ехаць граць кавэры ў арабскую краіну? Адразу стан шоку. Ніхто нічога не разумеў, думалі, што нейкае трызьненьне».

Тым часам з Ангусам выйшаў на сувязь агент, зь якім пазнаёміўся праз чылійскіх музыкаў. І прапанаваў кантракт, ад якога «нельга было адмовіцца» — праўда, з умовай, што фармат жаночага бэнду будзе захаваны:

Зь сябрамі з гурту «Крама»
Зь сябрамі з гурту «Крама»

«Я ўжо не зьбіраўся зь дзяўчатамі ехаць, разьлічваў, што толькі жыўцом. Але агент кажа: пасьпееце яшчэ са сваімі пражэктамі, кантракт усяго на тры месяцы. Добра, кажу, а куды? Ён зрабіў паўзу, а потым кажа — Пакістан. Чым не прыгода? Паехалі, адказваю. Ён адразу нават не паверыў, пачаў перапытваць, ці не іранізую. Толькі калі зразумеў, што ўсё ў парадку, дамовіліся, што пачну фармаваць каманду. А час такі, што не было, як сёньня, магчымасьцяў скінуць фоткі праз сацыяльныя сеткі, трэба было пакаваць у канвэрт, несьці на пошту і тыдзень-другі ліст ішоў да адрасата. А самае галоўнае, трэба было знайсьці такі жа прыдуркаватых, як і я, дзевак, каб угаварыць папрацаваць (мама дарагая) у Пакістане! Урэшце знайшліся, хутка сабраліся і паехалі ў Карачы».

Музыка кажа, што пра пакістанскі пэрыяд ягонай біяграфіі дагэтуль мала хто ведае. А хто ў курсе, проста круціў пальцам ля скроні. Сам жа згадвае той час як адзін з самых яскравых у жыцьці:

Жывы склад кавэрбэнда
Жывы склад кавэрбэнда

«Бацькі, сябры ў шоку, Пакістан — ледзь не сынонім самагубства. А на самой справе аказаўся адзін з самых лепшых кантрактаў. Мы жылі ў гатэлі сеткі Mariott, на ўсю ноч у нашым распараджэньні басэйн, дзьве саўны, пяць рэстаранаў на выбар. Усё, натуральна, бясплатна. Хутка перазнаёміліся зь мясцовым бамондам. Справа ў тым, што Пакістан па строгасьці мусульманскіх законаў такі самы, як Саудаўская Арабія ці Іран. Жывуць па шарыяцкіх законах, нельга нічога лішняга. Забаронена нават публічна танцаваць. Я ўжо не кажу пра прысутнасьць жанчын у мужчынскай кампаніі. Думаем, ну папалі! Але неўзабаве нам паказалі кропку, дзе можна набыць бухло, прычым мясцовай вытворчасьці — піва, віскі, джын, усё, што хочаш. Любыя забароны — дзеля таго, каб іх абыходзіць».

Хутка новыя сябры паказалі, як шматлікія абмежаваньні абыходзіць «залатая моладзь» — беднякам такія свавольствы з рук проста ня сыдуць:

«Пачалі цягаць на мясцовыя дыскатэкі. Што сабой гэта ўяўляе? Багаценькія дзеткі скідваюцца, наймаюць вілу, за тыдзень цалкам яе пераабсталёўваюць як сапраўдны клюб — гук, сьвятло, дэкарацыі, поўны фарш. Падключаюць сарафаннае радыё, запускаюць інфу пра speakeasy (нелегальная піцейная ўстанова падчас сухога закону. — РС), народ зьбіраецца, па поўнай адцягваецца. Нейкі час у такім рэжыме функцыянуе, пакуль хтосьці не стукане ў паліцыю. Клюб бяруць у аблогу, зачыняюць. Натуральна, з сынкамі-мажорамі ніхто зьвязвацца ня хоча, справу спускаюць на тармазах, а празь некалькі дзён усё паўтараецца ў іншым месцы. Гэта мы так адпачывалі, а гралі ў лобі гатэля. Там быў вялікі рэстаран, дзе па вечарах мясцовыя нуварышы зьбіраліся семʼямі».

Паводле Ангуса, Пакістан — вялізная краіна, якая ўражвае сваімі кантрастамі. Большая палова насельніцтва думае толькі пра тое, як не памерці ад голаду, а іншыя шыкуюць у канцэртна-кулінарным антуражы:

З кавэрбэндам
З кавэрбэндам

«Прыходзяць, займаюць сталы, рассаджваюць па 5–6 сваіх сьпінагрызаў. Дзеці шалёныя, ніхто іх не выхоўвае, што хочуць, тое і робяць — па сцэне носяцца, крычаць... Мы пачынаем, яны сядзяць і тупа слухаюць а-ля Smokie ці Deep Purple. Як бы вячэра пад „канцэрт“. Забава не для бедных, бо агулам галеча магутная, можна ісьці па вуліцы і спатыкнуцца аб чалавека, які дрыхне проста на дарозе. Так пражылі тры месяцы: загарэлі як чэрці, я набраў 10 кіляграмаў. Праца з катэгорыі — ня бі ляжачага. Праўда, у канцы ўсё ж аукнулася. Я запатрабаваў інтэрнэт, мне ў нумар працягнулі сувязь, а калі выяжджалі, тры чалавекі раскручвалі чэк на аплату. Тры мэтры паперы, столькі зжэр трафіку. Тысячу баксаў заплаціў. Каб адразу дамовіўся з мэнэджэрам — усё было б добра, а так правайдэр выставіў рахунак...»

Ангус у Эміратах
Ангус у Эміратах

Эміраты: паміж «Распуціным» і амэрыканскай базай

У Пакістане Андрэй Піпко з жаночым шоў адпрацаваў усю вясну 2001 году. Пасьля гэтага вымалявалася новая прыгода — Абʼяднаныя Арабскія Эміраты:

«Проста з Карачы паляцелі ў Дубаі раскручваць першы расейскаскіраваны начны клюб Rasputin (дарэчы, агент увесь час казаў, што я падобны да Распуціна — ня ведаю, адкуль ён такое ўзяў). Доўга, праўда, там не адпрацавалі, дзесьці пад тры месяцы — не зусім адэкватны аказаўся гаспадар, так і не зразумеў палітыку партыі, як трэба выбудоўваць стратэгію. У выніку мы зьехалі раней часу, а ўстанова праз пару тыдняў зачынілася. Ня з нашай віны, вядома: мы ўсё рабілі правільна, але ён падумаў, што і бяз нас зможа функцыянаваць. Наняў музыкаў з вуліцы, на іх перасталі хадзіць, і Rasputin накрыўся медным тазікам».

У мясцовым калярыце: «шах» Ангус
У мясцовым калярыце: «шах» Ангус

Так ці інакш, удакладняе Андрэй Піпко, менавіта ў той момант быў пакладзены пачатак жывому складу, зь якім ён на шмат наступных гадоў «завіс» паміж Эміратамі і Бахрэйнам:

«Калі ляцелі з Пакістану, патэлефанаваў агент: трэба ўзмацняцца клявішнікам. Ну, дадаю, тады яшчэ і гітарыстам. Кажа: ёсьць бюджэт, калі гатовы плаціць са сваёй кішэні — ок. Падлічылі агульную суму, падзялілі, no problem. Вось тады прыехалі клявішнік „Крамы“ Андрэй Лявончык і гітарыст „Тарнада“ Сяргей Надзежкін. У такім складзе пачалі працаваць. У Imperial Suites пазнаёміліся з шэф-кухарам індусам, які арганізоўваў у Бахрэйне начны клюб для кантынгенту амэрыканскай базы. Пачуў, як мы граем, і сказаў: пацаны, я вас адсюль забяру. Індусы, асабліва за 40, шалёныя фанаты рок-музыкі, добра на ёй знаюцца. Ягоныя босы таксама падумалі, што ўсё на мазі, самі справімся, а ўстанова пачала загінацца. Потым яго і праўда паклікалі, і ён пацягнуў нас з сабой».

Ударны склад начных клюбаў
Ударны склад начных клюбаў

У наступныя гады слухачамі былі амэрыканскія вайскоўцы. Як кажа Ангус, публіка дасьведчаная, бо выхаваная на лепшых прыкладах рок-музыкі. Праўда, кантракт дачасна спыніў форс-мажор — ваенная апэрацыя ў Іраку:

«У Бахрэйне — адна з самых вялікіх на Блізкім Усходзе вайсковых базаў. Мы там праседзелі 2,5 года і сядзелі б да гэтага часу, каб не другая ірацкая вайна. Пачалі лятаць ракеты, падаць бомбы, выбухаць зарады ў сьметніцах. Сытуацыя рабілася ўсё больш пагрозьлівая, і зь меркаваньняў бясьпекі нас адтуль адправілі. Як на мяне, нікуды б не зьяжджалі, але такі быў загад, ніхто не хацеў браць на сябе адказнасьць. Потым гралі на іншай амэрыканскай базе, пад Дубаі — яна, праўда, невялікая, абслугоўвала караблі, якія заходзілі туды на суткі-другія. Але запрасілі менавіта нас — ні брытанцаў, ні канадцаў. Наагул, часта клікалі падымаць з каленяў месцы, на якія ўжо махнулі рукой. Гэта ўжо была наша карма — кідалі на амбразуру, на рэанімацыю напаўмёртвых установаў. Дзесьці ўдавалася, дзесьці не зусім. У 2014-м я завязаў з выступамі і сканцэнтраваўся на мэнэджмэнце».

«Грай»: усходні досьвед на беларускі грунт

Ня так даўно Андрэй Піпко вярнуўся ў Беларусь (без гарантый, што канчаткова) і крыху больш за месяц сумяшчае дзьве функцыі ў менскай кавярні «Грай» — антыкрызіснага ўпраўляючага і музыкі. Наколькі ўсходні мэнэджмэнт адпавядае беларускаму характару? Ці рэальна задзейнічаць у працы тыя ж рычагі, што ў Бахрэйне ці Эміратах?

У адным з «рускіх клюбаў» Дубаі
У адным з «рускіх клюбаў» Дубаі

«Калі казаць агулам, праблемы мэнэджмэнту — тыя самыя, што і там. Многія ўстановы адкрываюць людзі, якія мала разумеюць у рэстаранным бізнэсе. І нават хто ў ім даўно, ня факт, што правільна разумеюць сутнасьць. На шчасьце, народ пачаў езьдзіць за мяжу, пабачыў розьніцу паміж сэрвісам — з гледзішча менавіта спажыўца. Але пакуль тое дойдзе да адміністратараў, пэрсаналу, афіцыянтаў, шмат часу міне. Як і шмат загнецца ўстановаў, бо рэстаратары ня хочуць навучыць ці наняць прафэсіяналаў і даць ім добрыя грошы. Так, нідзе ня любяць плаціць, але там разумеюць: калі ты адчыняеш карчму, у цябе павінны працаваць лепшыя, ты павінен плаціць адпаведна. Хоць бы дзеля таго, каб падняць прэстыж установы і потым, калі ўсё атрымаецца, навучыць пэрсанал, які будзе менш кваліфікаваны, будзе менш зарабляць, але зможа падтрымліваць узровень. Сыстэма, у якой трэба варыцца».

На перакананьне суразмоўцы, каб адпавядаць высокім стандартам рэстараннай установы, інвэстар найперш павінен вызначыцца: ці сапраўды ён гатовы ўкладаць грошы ў справу, якая першыя некалькі гадоў, хутчэй за ўсё, ня будзе прыносіць прыбытку?

Падчас выступу ў кавярні «Грай»
Падчас выступу ў кавярні «Грай»

«Перш чым адчыніць рэстаран, трэба паехаць на Захад ці на Ўсход, каб апынуцца ўнутры ўсёй гэтай кухні. Зразумець, як гэта ўсё павінна працаваць. Таму што ў нас многія кіраўнікі чагосьці патрабуюць, а самі не разумеюць, чаго менавіта. Вось у чым праблема. Задача-максымум — адчыніць установу, сарваць капусты, ня думаючы, што будзе далей. Па вялікім рахунку, няма такога паняцьця, як рэстаранны бізнэс. Існуе агульны кантэкст кейтэрынгу, які ўключае і музыку, і кухню, і пэрсанал. Дык вось, каб адбіць свае ўкладаньні ў гэтую зьвязаную схему, патрэбна як мінімум 5 гадоў. Калі такое здараецца раней, ты проста геній. Але апрыёры трэба быць гатовым, што ўстанова можа працаваць у мінус дастаткова шмат часу. У нас на такі тэрмін не разьлічваюць, таму і адбываецца: кропкі адчыняюцца, а потым гэтак жа хутка загінаюцца».

Андрэй Піпко
Андрэй Піпко

Андрэй Піпко нарадзіўся ў 1966 годзе ў сямʼі вайскоўца ва Ўкраіне, у горадзе Сумы. Ад 5 гадоў жыве ў Беларусі, вучыўся ў школах у Баранавічах, Полацку і Менску. Паводле працоўнай спэцыяльнасьці — праходчык танэляў мэтрапалітэну, рыхтаваў да першага запуску пробнага цягніка менскую станцыю мэтро «Кастрычніцкая». У 1987 годзе, пасьля дэмабілізацыі і пераезду ў Менск, разам з гітарыстам Віктарам «Малым» Касьцючэнкам і барабаншчыкам Аляксандрам «Вашыкам» Місючэнкам заснаваў гурт «Тарнада». Залаты склад каманды: Андрэй «Ангус» Піпко (вакал), Сяргей «Saxon» Надзежкін (гітара), Генадзь Лаўнік (бас-гітара), Ігар «Маскаль» Маскаленка (ударныя).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG