Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў сустрэў Новы год на мяжы з Крымам: Спыняем кантрабандыстаў, праваджаем уцекачоў


Васіль Парфянкоў з бацькам падчас лячэньня ў адэскім шпіталі, верасень 2015-га
Васіль Парфянкоў з бацькам падчас лячэньня ў адэскім шпіталі, верасень 2015-га

Былы беларускі палітвязень, баец-добраахвотнік Васіль Парфянкоў, які быў паранены пад Данецкам і лячыўся ў шпіталі ў Адэсе, зноў пачаў служыць. Але цяпер ён служыць пад Крымам, на памежным пераходзе «Чаплынка», які месьціцца ў 50 кілямэтрах ад Кахоўкі. Новы 2016 год Васіль Парфянкоў сустрэў у самаробным будане, які ацяпляе буржуйка. Пра сваё новае месца службы і пляны на 2016 год Васіль Парфянкоў апавёў па тэлефоне карэспандэнту Свабоды.

— Што тут казаць? Сам папрасіўся пасьля шпіталя на службу, але ў Пяскі пакуль не пусьцілі, бо нага яшчэ не аднавілася пасьля раны. Мне ж вырвала кавалак, дык мусіць ўсё залячыцца добра. Цяпер тут служу. Па 8 гадзінаў штодня зьмена на памежным пераходзе. Служым пакуль бяз зброі, таму фаервэрку на Новы год не было. А было звычайнае сьвята: стол, келіх шаманскага ці, хто хоча, гарэлкі. Але ня шмат, крыху, бо нам жа зранку на зьмену.

— Вы ў казарме жывяце ці будынак які займаеце?

— Ды які будынак. Скалацілі са шчытоў нейкі будан, паставілі туды буржуйку, сьпім у спальніках, але нічога. Хоць і маразы прыйшлі, сёньня было недзе мінус 12, але вытрымліваем.

— Чым займаецеся на пераходзе? Ці ёсьць небясьпека? Хто едзе праз вас і куды?

— Больш-менш спакойна. Здараецца, спыняем кантрабандыстаў, бо шмат вязуць таго ж алькаголю, асабліва перад Новым годам. Туды-сюды шныраць, не зразумець, каго больш — з Украіны ці з Крыма. Паток транспарту цераз пераход перад Новым годам узрос, у тым ліку шмат ехала з Украіны праведаць сваякоў. А з Крыму больш едуць назаўсёды, уцякаюць з рэчамі. Мы іх надглядаем, праводзім. Чаму ўцякаюць? Бо няма працы, няма грошай, цяпер няма і электрычнасьці. Такіх усё больш.

— Ці ёсьць сярод уцекачоў крымскія татары?

— Ёсьць, пэўна. Тут іх на ахове мяжы ўжо цэлы батальён фармуецца. Пакуль бяз зброі, але кажуць, што і зброю могуць даць.

— Ці ведаеце вы пра падарваныя апоры апошняй лініі электраперадач?

— Так, учора стала вядома, пад Кахоўкай узарвалі слупы. Хто ўзрывае? Ды хапае партызан. Але мы тут ні пры чым. Наша задача — ахоўваць пераход.

— Якія пляны на новы год? Ці вы бачыліся ў 2015-м з бацькамі?

— Асноўныя пляны — узаконіць адносіны з маёй Вольгай, грамадзянскай жонкай. Сыну ўжо амаль 2 гады, бачыў іх нядаўна на сустрэчы ў Кіеве, прыяжджалі са Львову. Пляную знайсьці час і расьпісацца. А са сваякамі больш за год ня бачыўся. Толькі бацька да мяне ў Кіеў прыяжджаў. Сам жа паехаць не магу, на мяне там нібыта справу завялі як на наёмніка. Але мару пра Беларусь, застаюся беларусам, хоць і атрымаў украінскае грамадзянства.

— Чаго б пажадалі землякам?

— Каб Беларусь нарэшце стала вольнай. Гэта галоўнае, і да гэтага трэба кожнаму сябе рыхтаваць. І воля прыйдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG