Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі бард выконваў беларускія песьні і вершы ў акопах пад Марыюпалем


Зьміцер Захарэвіч
Зьміцер Захарэвіч

«Патрыятычнымі песьнямі іх ня зьдзівіш, але заля сьціхала, калі гучалі лірычныя», — згадвае менскі бард Зьміцер Захарэвіч пра рэакцыю ўкраінскіх байцоў на свае выступы.

Зьміцер Захарэвіч у жніўні даў 5 канцэртаў для ўкраінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, якія ваююць пад Марыюпалем. Сваімі ўражаньнямі ён падзяліўся са Свабодай.

Пра канцэрты і абстрэлы

— Паехаў туды разам са старшынём аргкамітэту Беларускай партыі Свабоды Сяржуком Высоцкім. Мэта ў нас была — падтрымаць маральна ўкраінскіх байцоў, паказаць ім беларускую салідарнасьць, што шмат беларусаў падтрымліваюць іх змаганьне за незалежнасьць. Сёньня там ідзе барацьба ня толькі за Ўкраіну, але і за Беларусь. Адчуваю абавязак і перад сваімі ўкраінскімі сябрамі — выказаць ім сваю салідарнасьць, — так пачаў аповед Зьміцер Захарэвіч.

— Гэта што, проста — узяць і паехаць з канцэртамі на перадавую, дзе ідуць баі, выбухаюць міны?

— Мы даўно кантактуем з украінскімі патрыётамі, і дзякуючы іх дапамозе паездка атрымалася. Адзін зь лідэраў украінскай арганізацыі УНСО з пазыўным «Таполя» нам непасрэдна дапамагаў на лініі фронту, ён камандзір выведнай роты, і яму наша асаблівая падзяка. Часткі УНСО цяпер знаходзяцца ў складзе Ўзброеных сіл Украіны. Мы былі на фронце каля вядомага сяла Шырокіна пад Марыюпалем, у такіх населеных пунктах, як Чармалык, Кірылаўка. Гэта побач з нэўтральнай паласой, бачылі яе на ўласныя вочы. Выступаў з канцэртамі перад байцамі — сьпяваў свае песьні, чытаў вершы. У розных умовах: у нейкіх бункерах, непасрэдна на блёк-пастах, па месцы дысьлякацыі. Наведалі ня толькі пазыцыі, дзе стаяць разьведчыкі-унсоўцы, але таксама і памежнікаў, Нацгвардыю. За тры дні даў пяць канцэртаў.

— І якая там абстаноўка? Хутчэй вайна ці ўсё ж замірэньне?

— Складаная. Калі ў ноч на 27 жніўня быў абстрэл, дык украінскія сілы там панесьлі значныя страты. Было гэта кілямэтраў за 10 ад нас. Абстрэлы адбываюцца там штоноч, пачынаюцца недзе каля 8–10 вечара і могуць ісьці да самой раніцы. А вось у пятніцу, 28 жніўня, калі мы былі на 11-м блёк-посьце, дык абстрэл быў удзень, а палове на трэцюю. Абстрэльвалі зь мінамётаў.

З байцамі пасьля канцэрту
З байцамі пасьля канцэрту

Пра лінію Парашэнкі пад Марыюпалем

— Вы былі пад Марыюпалем — горадам на ўзьбярэжжы Азоўскага мора, які сэпаратысты лічаць сваёй тэрыторыяй і абвясьцілі, што яго абавязкова захопяць. Наколькі гэта рэальна?

— Мы задавалі такое ж пытаньне афіцэрам і байцам, якія абараняюць Марыюпаль. Яны ў гэта ня вераць, абгрунтоўваючы тым, што цяпер суадносіны сілаў там прыкладна роўныя. Баец «Таполя» нам казаў, што Марыюпаль яны ні ў якім разе не здадуць, а калі сэпаратысты зноў сунуцца, дык для іх тут будзе, як Сталінград для немцаў. Кажуць, што сам Марыюпаль добра абаронены, называюць абарону «лініяй Парашэнкі», але прызнаюць, што ўдар могуць нанесьці вышэй, на поўнач ад гораду, каб выйсьці да мора за Марыюпалем і замкнуць «кацёл». Мяркуюць, вельмі шмат будзе залежаць ад камандаваньня. Да камандаваньня ў шарагоўцаў застаецца шмат прэтэнзіяў: што марудзяць, што не ўзгадняюць дзеяньні паміж рознымі структурамі і часткамі. А што да настрою саміх шарагоўцаў, дык ён баявы, яны не саступяць і нават гатовыя ісьці ў наступ, каб ачысьціць украінскія тэрыторыі ад сэпаратыстаў і расейскіх вайскоўцаў.

Украінскія дзеці дасылаюць малюнкі байцам, якія абараняюць Марыюпаль
Украінскія дзеці дасылаюць малюнкі байцам, якія абараняюць Марыюпаль

— Днямі ва Ўкраіне адзначалася гадавіна баёў пад Ілавайскам, дзе ўкраінскія вайскоўцы трапілі ў кацёл. Ужо прызнана, што там было больш за тысячу загінулых, хоць спачатку афіцыйна казалі толькі пра некалькі соцень. На фронце давяраюць сваім афіцыйным крыніцам?

— Ёсьць такая праблема. Усе прызнаюць, што насамрэч стратаў больш, чым афіцыйна прызнаецца адпачатку. І наадварот, пра страты сэпаратыстаў ідзе перабольшваньне. Байцы жартуюць, што калі б скласьці страты сэпаратыстаў, пра якія кажуць афіцыйныя крыніцы ва Ўкраіне, дык на тым баку не засталося б байцоў. Але ўсе разумеюць, што гэта элемэнты інфармацыйнай вайны, якую вядуць абодва бакі.

Пра настроі ў акопах і ў Марыюпалі

— Што вам казалі пра тых, з кім ідзе вайна? Хто гэтыя людзі, чаму яны ўзяліся за зброю? Якое да іх стаўленьне мясцовага насельніцтва?

— Найперш скажу, што гэтыя людзі былі для нашых суразмоўцаў ворагамі, і таму аб’ектыўнага да іх стаўленьня чакаць было ня варта. Кажуць пра іх, што сярод іх шмат крымінальнікаў. Наконт «духоўных скрэпаў» гэтых людзей, пра што заяўляе расейская прапаганда, жартуюць, што, канечне, як бяз гэтага — яны ж усе «ў купалах». Маюцца на ўвазе крымінальныя татуіроўкі на целах сэпаратыстаў. Яшчэ адзначаюць, што сярод сэпаратыстаў шмат кадыраўцаў, кажуць пра іх, што тыя бязьлітасныя нават з насельніцтвам, а як ваяры — дрэнныя. На гэтым баку таксама ваююць чачэнцы, дык яны крыўдзяцца, калі кадыраўцаў называюць чачэнцамі, кажуць, што тыя несапраўдныя чачэнцы. Яшчэ згадвалі казакоў, якія ваююць на баку сэпаратыстаў. І што свае ваююць, таксама не хаваюць. Але кажуць, што шмат хто пайшоў ваяваць, бо проста няма як пракарміць свае сем’і ды сябе, бо на Данеччыне эканамічны развал, працы проста няма. Дый прымушаюць некаторых, абавязковыя прызывы ладзяць. Марыюпальцы распавядалі, што калі невялікі час там кіравалі сэпаратысты, дык пад рулямі аўтаматаў выганялі людзей будаваць пад горадам абарончыя аб’екты. Гэта было больш за год таму, а 16 чэрвеня 2014 году Марыюпаль вызвалілі добраахвотнікі батальёну «Азоў», які быў на той час даволі слаба ўзброены. Прычым фактычна «азоўцы» зрабілі гэта са сваёй ініцыятывы, дзейнічалі на сваю рызыку.

— А якія настроі пануюць цяпер сярод жыхароў Марыюпалю? Яны рады, што іх вызвалілі ад сэпаратыстаў, ці наадварот?

— Мяркуючы па тых кантактах, што мы там мелі, настроі прыкладна такія: большасьць за тое, каб не было вайны. То бок тая ўлада ці гэтая, толькі б не стралялі, не давялося б усё кідаць і ўцякаць. Палітычныя сымпатыі прыкладна пароўну паміж прарасейцамі і праўкраінцамі, але валянтэры адзначаюць, што апошнім часам лік тых, хто хоча застацца ва Ўкраіне, стала павялічваецца. Гэтак казалі марыюпальскія валянтэры, а спраўдзіць гэта нам не было магчымасьці. Зьнешне бачна, што горад жыве сваім жыцьцём, працуюць установы, кавярні адкрытыя па вечарах. Пра славутыя марыюпальскія мэталюргічныя заводы кажуць, што яны працуюць, праўда, можа, не на поўную моц. Жартуюць, што раней памыеш аўтамабіль, дык праз ноч ён зноў чорны, а цяпер — чысты. Нас правезьлі па горадзе, паказалі спаленыя будынкі гарадзкой управы міліцыі, гарадзкой адміністрацыі. Прывезьлі на пляж. Можа, пляж быў і не такі поўны, але людзі адпачывалі.

Украінскія міліцыянты са зброяй абаранялі будынак управы гарадзкой міліцыі
Украінскія міліцыянты са зброяй абаранялі будынак управы гарадзкой міліцыі

Будынак гарадзкой адміністрацыі, спалены сэпаратыстамі
Будынак гарадзкой адміністрацыі, спалены сэпаратыстамі

Пра дэкамунізацыю

— А што з дэкамунізацыяй? З помнікамі Леніну і дзеячам рэвалюцыі, з камуністычнымі назвамі?

— Што да назваў, дык як была вуліца Арцёма, гэтак яна пакуль і ёсьць, магчыма, рукі яшчэ не дайшлі. Нават праспэкт Леніна як быў, гэтак пакуль і застаўся. Але помнікаў Леніну ўжо няма, стаяць пустыя пастамэнты.

Пра абстрэлы

— Хто парушае замірэньне? Сэпаратысты кажуць, што страляюць у адказ, вайскоўцы АТА кажуць тое самае. Што вы бачылі на свае вочы?

— Ну, вось як было, калі мы трапілі пад абстрэл. Гэта было ў мінулую пятніцу, 28 жніўня, на 11-м блёк-посьце. Сярод белага дня вакол пачынаюць выбухаць міны, якія, зразумела, прыляцелі з таго боку. То бок я ня бачыў, каб на гэтым баку стаялі нейкія схаваныя гарматы ці мінамёты, якія б ударылі па сэпаратыстах першыя. Гэтага не было. А вось што заўважылі. Калі на даляглядзе ўбачылі бесьпілётнік АБСЭ, дык агонь па нас адразу спыніўся. А ўначы калі страляюць, дык б’юць і з артылерыі, здалёк, бо нават не чуваць стрэлаў, а толькі бачыш успышку выбуху і чуеш яго гук.

— Як украінскія вайскоўцы ацэньваюць узровень узбраеньня свайго праціўніка?

— Адзначаюць, што ў сэпаратыстаў ёсьць цяжкая артылерыя, ёсьць 122-мілімэтровыя мінамёты, гарматы 152-мілімэтровыя, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. І тактыка ў іх такая: бліжэй да ночы падвялі тэхніку, правялі абстрэл, далі некалькі залпаў — і выводзяць у іншае месца, таму адносна цяжка іх заўважыць. Украінцы кажуць, што калі ўдаецца зафіксаваць гэтае месца, дык яны таксама туды б’юць са сваіх гарматаў. Прызнаюць, але я на свае вочы ня бачыў.

Сьляды начных абстрэлаў сэпаратыстаў
Сьляды начных абстрэлаў сэпаратыстаў

Пра міжнародных назіральнікаў

— Вы бачылі там бесьпілётнік АБСЭ, а іншыя прыкметы прысутнасьці міжнародных назіральнікаў бачылі? Як да іх там увогуле ставяцца? Ці ёсьць ад іх карысьць у справе перамір’я?

— Бачылі яшчэ аўтамабілі АБСЭ. Але там сытуацыя такая: група АБСЭ звычайна выяжджае на лінію фронту ўдзень, а ўвечары яны вяртаюцца ў Марыюпаль. І таму, як казалі хлопцы, уначы адбываюцца абстрэлы. Гэта я чуў і бачыў успышкі штоноч, як быў там. Таму ўкраінскія байцы асабліва ня вераць у АБСЭ і ў менскія дамоўленасьці. Кажуць, што веры ім няма. І сапраўды, якое замірэньне, калі вось у ноч на 27 жніўня пад абстрэлам пад Марыюпалем загінуў 21 вайсковец, больш за 30 параненых — і гэта толькі афіцыйныя зьвесткі?

Далей — нэўтральная паласа
Далей — нэўтральная паласа

Пра стаўленьне да новых украінскіх уладаў

— Калі яшчэ да перамогі Рэвалюцыі годнасьці быў на Майдане, дык заўважыў, што актывісты ня столькі выступалі за эўрапейскі выбар, колькі супроць карупцыі ва ўладзе, у тым ліку мясцовай. Гэтыя прэтэнзіі да ўлады засталіся?

— Так, ёсьць такія настроі, што Майдан пакуль не даведзены да канца. Але ў той жа час рабіць Майдан-3, калі на ўсходзе ідзе вайна — пра гэта не гавораць нават самыя гарачыя з тых, з кім даводзілася размаўляць. Але ведаю, што ёсьць і такія настроі.

— У які бок, паводле вашых уражаньняў, разьвіваецца рэйтынг прэзыдэнта Пятра Парашэнкі?

— Сказаў бы так, што ўсё ж зьмяншаецца. Людзі ж за яго галасавалі ў першую чаргу, каб не было вайны і пайшлі нейкія пазытыўныя зьмены ў эканоміцы, бо простыя выбарцы разьлічвалі, што калі чалавек сам здолеў зарабіць, дык і нам дазволіць, нешта такое зробіць, каб стала лепей. Але пакуль вайна трывае, эканоміка па-ранейшаму ў заняпадзе. Карупцыя, супроць чаго выступаў Майдан, таксама засталася на ранейшым узроўні, а некаторыя кажуць, што стала і горш. Нездарма ўзьніклі тыя падзеі вакол карупцыі ў Закарпацьці, у Адэсе. Нейкія новыя спадзевы ў змаганьні з карупцыяй узьніклі, як пачаў сваю працу ў Адэсе Саакашвілі. Але больш людзі спадзяюцца на саміх сябе — украінцы ў гэтым сэнсе ўсё ж адрозьніваюцца ад беларусаў.

Пра стаўленьне да Лукашэнкі і Беларусі

— А што казалі вашы суразмоўцы пра Лукашэнку, пра ягоную палітыку што да Ўкраіны?

— Ведаеце, яны больш самі распытвалі, як і што, чаму гэтак Лукашэнка сябе павёў. Недавер да яго застаецца. Адзначалі, што ён застаецца дыктатарам, да таго ж прарасейскім. Кажуць і тое, што ён круціцца, спрабуе ўседзець на двух крэслах. Але для іх вельмі важным было тое, што да іх прыехалі падтрымаць іх барацьбу менавіта зь Беларусі. Да нас ставіліся зь вялікай павагай, скажу бязь лішняй ганарлівасьці.

— Ці бачылі там яшчэ каго зь беларусаў?

— Нам казалі, што там дзясяткі беларусаў змагаюцца за Ўкраіну, але не давялося ні з кім пабачыцца. Нават з Васілём Парфянковым — толькі перапісваліся. Ён цяпер ваюе пад Пяскамі, гэта каля Данецку. Перадаў, што Пяскі яны не аддадуць, а каб тут не аддалі Марыюпаль. Пазнаёміліся з добраахвотнікам з Грузіі, былі яшчэ грузіны, некалькі палякаў.

— Дарэчы, вы ж сьпяваеце па-беларуску і вершы вашы беларускія. Ці разумелі вас вайскоўцы пад Марыюпалем?

— Мяркую, што разумелі, водгук быў добры. Мовы ж блізкія, нешта могуць перапытаць, але збольшага ўсё разумелі. А верш, прысьвечаны героям Ілавайску, чытаў у перакладзе на ўкраінскую мову. Прычым заўважыў такую рэч. У мяне нямала баявых песень, такіх вершаў, іх слухалі добра, усё нармальна. Але калі пераходзіў да лірычных, дык такая цішыня ўсталёўваецца, такая ўвага! Глядзіш па вачох, і бачыш, наколькі людзі сумуюць па сваіх сем’ях, па каханых жанчынах. Дарэчы, заўважу, што там ваюе шмат і тых, хто сам з тых мясьцін Данецкай ды Луганскай абласьцей, якія цяпер пад кантролем сэпаратыстаў. Нездарма гэтыя вайскоўцы не фатаграфуюцца, каб не падстаўляць свае сем’і, бо ўжо былі і расправы. Мужнасьцю гэтых людзей можна толькі захапляцца.

Верш Зьмітра Захарэвіча, прысьвечаны ўкраінскім вайскоўцам, якія выходзілі з акружэньня пад Ілавайскам.

Три вчорашніх дні

Героям Іловайська

Три дні в свинцевім заколоті.
Крізь дим і сонце, наче згадка.
Хоч командарм по нашій роті,
Мабуть, давно спалив лампадку.

Два дні у роті — ні облатки.
Без сну, без віддиху — з боїв.
Ні сном, ні духом мама з татком
Такого про своїх синів.

Вчорашній день. Патрон зі вчора.
Прасуєм землю, як смажі.
І на прорив обжинком чорним
Піднялись, знявши штик-ножі...

(пераклад украінскай паэткі Дзьвінкі Тарахтушкі)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG