Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці беспрэцэдэнтна вырас вайсковы патэнцыял суседзяў Беларусі за апошнія гады


Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях «Захад-2017»
Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях «Захад-2017»

Рост вайсковага патэнцыялу краінаў-суседзяў Беларусі за апошнія гады — зьява, якая мае прэцэдэнты ў мінулым. Аднак толькі ў часы, калі дзяржавы пасьля распаду СССР фактычна толькі паўставалі, стваралі свае ўласныя ўзброеныя сілы, перажывалі востры сацыяльна-эканамічны крызіс. Цяпер рост арміяў тлумачыцца новым парадкам канфрантацыі.

«Нас вельмі непакояць спэкуляцыі некаторых краінаў на тэму ядзернай зброі, мілітарызацыя Ўсходнеэўрапейскага рэгіёну, а таксама беспрэцэдэнтнае нарошчваньне вайсковага патэнцыялу нашых краінаў-суседзяў. Гэта тычыцца як павелічэньня колькасьці іхных узброеных сілаў, так і выдаткаў на абарону», — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на нарадзе Рады бясьпекі Беларусі.

Ці сапраўды гэтае нарошчваньне арсэналаў і войскаў вакол Беларусі беспрэцэдэнтнае? І ў каго гэты рост найбольш інтэнсіўны?

Графік 1 паказвае, як расла колькасьць арміяў Беларусі і яе суседзяў з 2012 году па 2015 год.

Графік 1

Крыніца: International Institute for Strategic Studies

Паводле гэтых дадзеных колькасьць польскага і латвійскага войскаў за тры гады не зьмянілася наагул (172 тысячы і 5 тысячаў адпаведна), колькасьць літоўскіх узброеных сілаў вырасла на 20%, украінскіх — на 19%, расейскіх — на 9%.

Аднак цяперашняе павялічэньне складу арміяў — зусім не беспрэцэдэнтнае. У 1994-1995 гадах, падчас першай чачэнскай вайны, расейскае войска павялічылася на 28%, дасягнуўшы лічбы у мільён 800 тысячаў салдатаў. У выніку росту колькасьці войска РФ у апошнія гады яно дасягнула лічбы мільён 490 тысячаў у 2015 годзе, менш чым было ў 1995 годзе.

Графік 2

Крыніца: International Institute for Strategic Studies

Колькасьць літоўскага войска з 1997 году па 2005 год вырасла амаль у тры разы.

Графік 3

​Крыніца: International Institute for Strategic Studies

Так што рост колькасьці вайскоўцаў у суседзяў Беларусі ня ёсьць беспрэцэдэнтным.

Наступны графік паказвае, як у дзяржавах рэгіёну мяняліся абарончыя выдаткі як доля ад ВУП з 1993 па 2016 год.

Графік 4

​Крыніца: Stockholm International Peace Research Institute (SIPRI)

Самы сьціплы рост вайсковых выдаткаў за апошнія гады быў у Польшчы — на 10% (1.7% да 1.9% ВУП). Іншыя суседзі Беларусі сапраўды істотна іх падвысілі: Расея на 46% (з 3.6% да 5.3% ВУП), Украіна — на 56% (з 2.3% да 3.6% ВУП), Латвія — на 62% (з 0.9% да 1.4% ВУП), Літва — на 94% (з 0.7% да 1.4%).

Аднак такі рост вайсковых выдаткаў нельга назваць беспрэцэдэнтным, у 90-я гады ў некаторых краінаў узровень вайсковых выдаткаў скакаў яшчэ шпарчэй, ва Ўкраіне ў 1993-1997 гадах выдаткі на абарону вырасьлі амаль у 10 разоў ( з 0.4% да 4% ВУП), у Літве с 1995 году па 1998 год — у 4 разы (з 0.4% да 1.2% ВУП)

Графік 5

Крыніца: Stockholm International Peace Research Institute (SIPRI)

Так што рост вайсковых патэнцыялаў суседзяў Беларусі за апошнія гады — зьява, якая мае прэцэдэнты. Аднак толькі ў часах, калі дзяржавы пасьля распаду СССР фактычна толькі паўставалі, стваралі свае ўласныя ўзброеныя сілы, перажывалі востры сацыяльна-эканамічны крызіс. Зараз рост арміяў тлумачыцца не хаосам, а наадварот — новым парадкам, парадкам канфрантацыі.

У які свой важкі ўнёсак робіць саюзьнік Беларусі — Расея. Іншыя суседзі Беларусі, хаця і павялічылі вайсковыя выдаткі, але з даволі нізкага ўзроўню. У 2016 годзе ніводная краіна, суседка Беларусі, якая ўваходзіць у НАТА, не дасягнула абавязковай у альянсе мяжы ў 2% ВУП на абарончыя выдаткі. А Расея — пераўзышла больш чым удвая.

Цікава адзначыць, што расейскія вайсковыя выдаткі, як доля ВУП (5.3%), у 2016 годзе пераўзыходзілі як украінскія (3.6%), гэтак і амэрыканскія (3.2%) і кітайскія (1.9%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG