Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны назвала вайсковыя абʼекты, якія падрыхтуюць для сумеснага выкарыстаньня з Расеяй


У Міністэрстве абароны Беларусі Свабодзе пракамэнтавалі пастанову ўраду Беларусі, у адпаведнасьці зь якой на тэрыторыі Беларусі адрамантуюць вайсковыя абʼекты, якія зьбіраюцца выкарыстоўваць вайскоўцы Расеі. Якія гэта абʼекты?

«Гэта аэрадромы, абʼекты радыёнавігацыі, інжынэрнай інфраструктуры, арсэналы, базы, склады, інфраструктура тылу — тыя абʼекты, якія плянуюцца да сумеснага выкарыстаньня ў інтарэсах забесьпячэньня рэгіянальнай групоўкі войскаў саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў.

Першачарговы капітальны рамонт гэтых абʼектаў заплянаваны ў межах праекту праграмы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, патлумачыў палкоўнік Макараў.

Якія ёсьць юрыдычныя падставы рыхтаваць беларускія сховішчы і аэрадромы для выкарыстаньня расейскімі вайскоўцамі?

Уладзімер Макараў, архіўнае фота
Уладзімер Макараў, архіўнае фота

Паводле Ўладзімера Макарава, ухвалены ўрадам праект праграмы «цалкам адпавядае нашым дактрынальным дакумэнтам». Ён спаслаўся на 20-ы артыкул Вайсковай дактрыны Рэспублікі Беларусь, паводле якой «асноўнымі прыярытэтнымі кірункамі ў кааліцыйнай палітыцы Рэспублікі Беларусь ёсьць узмацненьне сыстэмы калектыўнай бясьпекі і далейшае разьвіцьцё адносін з Расейскай Фэдэрацыяй».

На пытаньне, ці азначае гэта, што цяпер расейскія вайскоўцы змогуць на доўгі час разьмясьціць у беларускіх сховішчах сваю вайсковую тэхніку, спадар Макараў адказаў, што «гаворка ідзе пра капітальны рамонт абʼектаў інфраструктуры, якая можа сумесна выкарыстоўвацца ў інтарэсах групоўкі рэгіянальных войскаў».

Паводле палкоўніка Макарава, «тэрміны рэалізацыі пастановы — з 2018 па 2021 гады».

«Гэта яшчэ адзін крок да магчымай вайны»

6 сьнежня 2017 году ўрад Беларусі ўхваліў праект праграмы Саюзнай дзяржавы аб удасканальваньні абʼектаў вайсковай інфраструктуры, якія прызначаныя для сумеснага выкарыстаньня рэгіянальнай ваеннай групоўкай Расеі і Беларусі.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Паводле незалежнага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, гаворка ідзе пра разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі ў яе ангарах і складах расейскай вайсковай тэхнікі, якая належыць расейскім часткам абʼяднанай рэгіянальнай групоўкі.

«Папярэднія манэўры паказалі, што калі расейскія часткі з гэтай групоўкі разгортваюцца на тэрыторыі Расеі, гэта займае нават ня дні, а тыдні. Бо шмат часу ідзе на пагрузку-разгрузку. Таму будзе абраны іншы варыянт: тэхніку і боепрыпасы будуць захоўваць тут, а жывую сілу пры патрэбе хутка даставяць па паветры або цягніком», — мяркуе Аляксандар Алесін.

«Гэта яшчэ адзін крок да магчымай вайны», — сказаў пра падрыхтаваны праект экспэрт Аляксандар Алесін.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG