ЗША і Ўкраіна падпісалі заяву аб намерах, якая стварае першыя афіцыйныя рамкі супрацы ў галіне вайсковых бесьпілётнікаў. Аб гэтым паведамляе карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Вашынгтоне Алекс Раўфоглу з спасылкай на дзьве крыніцы, дасьведчаныя ў дэталях пагадненьня.
Дакумэнт закладвае аснову для будучага супрацоўніцтва паміж краінамі ў галіне бесьпілётнікаў — гэта першае пагадненьне такога кшталту, заявілі крыніцы.
Чакаецца, што пагадненьне створыць афіцыйны шлях для экспарту ўкраінскіх наземных, паветраных і морскіх бесьпілётнікаў у ЗША для вайсковых выпрабаваньняў і ацэнкі, што можа паўплываць на будучыя патрэбы Пэнтагону ў закупках.
Хоць заява аб намерах яшчэ ня ёсьць вытворчым кантрактам, яе разглядаюць як першы канкрэтны крок да шырэйшай супрацы, якая ў рэшце рэшт можа ўключаць у сябе і сумесную вытворчасьць баявых бесьпілётнікаў украінскай распрацоўкі на тэрыторыі ЗША.
Акурат у гэты час Пэнтагон паскарае захады дзеля ўмацаваньня свайго бесьпілётнага патэнцыялу ў рамках новай ініцыятывы «Панаваньне дронаў».
Згодна з інфармацыяй, атрыманай Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, заплянаваная структура дазволіць амэрыканскім вайскоўцам запытваць канкрэтныя ўкраінскія дронавыя плятформы для выпрабаваньняў і ацэнкі, не для апэратыўнага разгортваньня.
«Гіганцкі скачок наперад»
Гэтая ініцыятыва стала вынікам больш чым чатырох гадоў хуткіх ваенных інавацыяў, якія ператварылі Ўкраіну ў аднаго з вядучых усясьветных распрацоўнікаў недарагіх, выпрабаваных у баях бесьпілётных сыстэмаў, у тым ліку бесьпілётнікаў-перахопнікаў, плятформаў радыёэлектроннай барацьбы і морскіх ударных дронаў.
Аналітыкі заявілі, што пагадненьне можа значна пашырыць вайскова-прамысловыя сувязі паміж дзьвюма краінамі.
«Гэта гіганцкі скачок наперад для амэрыканскай абароны, — сказаў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Дэн Райс, прэзыдэнт Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Кіеве і былы спэцыяльны дарадца галоўнана вайскавода Ўзброеных сілаў Украіны. — Я ўжо пяць гадоў кажу, што ЗША павінны пайсьці на зьмену культуры, каб вучыцца ва Ўкраіны. Гэта першы крок».
«Украінскія дроны — сярод найлепшых у сьвеце»
Дэніел Болсан, дырэктар у працы з грамадзкасьцю некамэрцыйнай арганізацыі Razom Advocacy, заявіў, што ўкраінская тэхналёгія бесьпілётнікаў стала адным з найкаштоўнейшых артыкулаў вайсковага экспарту краіны.
«Украінскія дроны сярод найлепшых у сьвеце. Яны правераныя ў баявых умовах, даказалі сваю эфэктыўнасьць, яны — плён працы самых разумных інаватараў у сучаснай вайне», — сказаў ён у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Заява аб намерах падпісаная ў час інтэнсыфікацыі супрацы ЗША і Ўкраіны ў абароннай прамысловасьці. 21 ліпеня пасольства Ўкраіны ў Вашынгтоне абвясьціла, што падпісаны мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж украінскім распрацоўнікам аўтаномных сыстэмаў UFORCE і амэрыканскай карабельняй ReconCraft. Пагадненьне дазволіць пастаўляць у Злучаныя Штаты сэрыю аўтаномных морскіх бесьпілётнікаў MAGURA і пашыраць супрацу ў галіне бесьпілётных паветраных, морскіх і наземных сыстэмаў.
Амбасадарка Ўкраіны ў Злучаных Штатах Вольга Стэфанішына выказала ўпэўненасьць, што пагадненьне «заахвоціць многія іншыя кампаніі рушыць усьлед і паглыбіць супрацу паміж ЗША і Ўкраінай у галіне абароннай прамысловасьці».
Партнэрства UFORCE — ReconCraft завязалася пасьля таго, як амэрыканскія войскі ў гэтым месяцы ўпершыню выкарысталі бесьпілётныя надводныя караблі ў баі — для ўдараў па іранскіх вайскова-морскіх цэлях.
Паводле пагадненьня, кампанія ReconCraft з Арэгону будзе супрацоўнічаць з UFORCE ў вырабе морскіх дронаў MAGURA ў Злучаных Штатах, прычым іх вытворчасьць, як чакаецца, дасягне сотняў, а ў рэшце рэшт і тысячаў штук для патэнцыйных закупак ВМС ЗША.
Шон Планкі, выканаўчы дырэктар амэрыканскіх апэрацыяў UFORCE, ахарактарызаваў праект як узор спалучэньня ўкраінскага баявога досьведу з амэрыканскім прамысловым патэнцыялам, які «дапаможа запэўніць даступнасьць для ЗША гэтых выпрабаваных аўтаномных мачымасьцяў».
Вашынгтону пагадненьне прапануе доступ да недарагіх дронавых тэхналёгіяў, якія хутка разьвіваюцца і распрацоўваюцца ва ўмовах баёў высокай інтэнсіўнасьці, у час, калі Пэнтагон шукае прыдатных для маштабаваньня бесьпілётных сродкаў пры магчымых пагрозах ад Расеі, Кітаю і Ірану.
Для Ўкраіны гэта яшчэ адзін крок да інтэграцыі яе абароннай прамысловасьці ў заходнія сеткі закупак і вытворчасьці, гэта новыя магчымасьці ўваходу ў доўгатэрміновыя саюзьніцкія ланцужкі паставак для ўкраінскіх вытворцаў.