Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнік сталічнага таксі «Алмаз» часткова пагасіў шкоду дзяржаве


Уладальнік сталічнага таксі «Алмаз» Віктар Пузікаў, якога затрымалі ў чэрвені па падазрэньні ў нясплаце падаткаў і ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага, пагасіў частку сумы — прыкладна адну траціну, паведаміла крыніца, знаёмая з ходам расьсьледаваньня.

Віктар Пузікаў, які да 33 гадоў пасьпеў збудаваць найбуйнейшую ў Беларусі службу таксі «Алмаз» і ўвайшоў у топ-40 маладых беларускіх бізнэсоўцаў, быў арыштаваны 13 чэрвеня з прычыны праблем з падаткамі. Праваахоўнікі налічылі, што бізнэсовец не заплаціў у бюджэт 1,5 мільёна рублёў, паведамляе БелаПАН.

Таксі «Алмаз». Ілюстрацыйнае фота
Таксі «Алмаз». Ілюстрацыйнае фота

Паводле інфармацыі Камітэту дзяржкантролю, Пузікаў арганізаваў праз сваю дыспэтчарскую службу шэрую схему перанакіраваньня кліенцкіх замоваў нелегальным таксістам. За гэтую паслугу таксісты, якія ня маюць афіцыйнай дамовы з «Алмазам», плацілі Пузікаву ўзнагароджаньне, якое ня ўлічвалася ў афіцыйных бухгальтарскіх дакумэнтах. Спэцыялісты падлічылі, што з 2015 па 2017 гады Пузікаў нелегальна атрымліваў каля 200 тысяч даляраў штомесяц.

Крыніца таксама паведаміла, што праваахоўнікі канфіскавалі ў офісах кампаніі дакумэнтацыю за апошнія пяць гадоў. Ці будзе пералічаны памер нанесенай шкоды, пакуль невядома.

Па інфармацыі Сьледчага камітэту, пакуль абвінавачаньне выстаўлена толькі Віктару Пузікаву, яшчэ тры чалавекі праходзяць па справе як падазраваныя. Пакуль Пузікаў у СІЗА, бізнэсам кіруе ягоная жонка.

Па законе абвінавачваны можа быць вызвалены ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі з добраахвотным пакрыцьцём прычыненай шкоды і выкананьнем iншых умоў (артыкул 88-1 Крымінальнага кодэксу). Такім парадкам да суду на волю выйшлі бізнэсоўцы Юры Чыж (кампанія «Трайпл»), Яўген Баскін («Сэрвалюкс»), Алег Зухавіцкі («ЗОВ») і іншыя.

XS
SM
MD
LG