Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні падалі заяўку на «Марш недармаедаў»


Аляксандра Васілевіч

Заяўнікі — сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі і прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці — плянуюць правесьці акцыю ў Горадні 19 лютага.

Паводле кіраўніка абласной арганізацыі АГП Аляксандры Васілевіч, ідэя правесьці марш узьнікла пасьля таго, як сябры партыі і актывісты прафсаюзу РЭП пачалі зьбіраць подпісы за адмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

— Мы і самі не чакалі, што ў грамадзтве сасьпеў такі супраціў гэтаму дэкрэту. Справа ў тым, што подпісы за яго адмену ставяць і людзі, якія атрымалі «лісты шчасьця», і тыя, якія маюць працу. Людзі называюць дэкрэт поўным «бязьмежжам». Я нават не магу ўзгадаць, каб калі-небудзь знаходзіліся зацікаўленыя ў якой-кольвек справе і прыходзілі адмыслова ў наш офіс, каб паставіць свой подпіс. А цяпер людзі прыходзяць, і ў нас пастаянна нехта дзяжурыць у офісе.

Васілевіч сказала Свабодзе, што арганізатары хочуць сваім маршам аб’яднаць грамадзтва і не пакінуць чалавека сам-насам зь незаконным наступам дзяржавы на правы чалавека.

Паводле Васілевіч, заяўнікі прасілі чыноўнікаў паставіцца да акцыі вельмі сур’ёзна і запрасіць сяброў партыі і прафсаюзу на паседжаньне выканкаму, калі заяўка будзе разглядацца.

— Мы нават патлумачылі чыноўнікам, што гатовыя будзем па ходу разгляду заяўкі выправіць альбо скарэктаваць тыя ці іншыя дэталі правядзеньня мерапрыемства. Галоўнае, каб яно адбылося, бо дэкрэт закрануў вельмі значную частку людзей у грамадзтве.

Паводле Аляксандры Васілевіч, больш як за дзесяць гадоў гарадзенскія ўлады ніводнага разу не дазволілі апазыцыі правесьці масавую акцыю.

«Марш недармаедаў» заплянаваны таксама ў Менску на 15 сакавіка.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч заклікаў 17 лютага на вулічную акцыю пад назвай «Марш абураных беларусаў», якую палітык ладзіць сумесна з Радай Беларускага нацыянальнага кангрэсу і старшынём незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам.

«Гавары праўду» прызначыла свой «сход дармаедаў» на 7 лютага.

XS
SM
MD
LG