Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьдзіраюць апошнюю сарочку». Супраць дэкрэту «аб дармаедах» падпісваюцца і тыя, хто мае працу


Сяргей Верамеенка

Так званы дэкрэт «аб дармаедах» на Гарадзеншчыне называюць антынародным і падпісваюцца за ягоную адмену. Абсалютная большасьць людзей ня ведаюць, як яму рэальна супрацьстаяць.

У Горадні подпісы супраць дэкрэту № 3 зьбіраюць больш за дзесяць чалавек — пераважна сябры БХД. Актывіст Сяргей Верамеенка кажа, што быў у падатковай інспэкцыі і насіў заяву з просьбай патлумачыць, што гэта за сума 360 рублёў, з чаго яна налічаная, прасіў скласьці калькуляцыю на гэтую суму, прадставіць падатковую шкалу. Удакладняў — колькі трэба ўзяць адсоткаў з нулявога даходу, каб вывесьці суму ў 360 рублёў.

«Падатковая наагул запоўненая людзьмі зь „лістамі шчасьця“, і кожны нешта імкнецца тлумачыць. Але калі я пачаў гаварыць пра тое, што дэкрэт антызаконны, і пачаў патрабаваць, каб мне прадставілі ўсе абгрунтаваньні таго, што я павінен заплаціць 360 рублёў, то людзі пакінулі свае размовы і пачалі слухаць. У падатковай таксама ня вельмі разумеюць, што рабіць. Яны ўзялі нашу заяву, казалі, што падобных лістоў атрымалі каля сямідзесяці і будуць адказваць».

Паводле Верамеенкі, яму яшчэ не даводзілася сустракацца з такімі людзьмі, хто б адмовіўся падпісацца супраць дэкрэту № 3.

Так выглядае «ліст шчасьця»
Так выглядае «ліст шчасьця»

Спадарыня Галіна ў пэнсійным веку. Ужо другі дзень ходзіць і зьбірае подпісы за адмену дэкрэту № 3. Кажа, што ня можа глядзець на тое, «як са зьбяднелых людзей зьдзіраюць апошнюю сарочку». Лічыць дэкрэт несправядлівым у адносінах да ўсяго народу. Яна кажа, што падпісваюцца ўсе, хто мае працу і хто ня мае:

«Ну вось нядаўна муж і жонка падпісаліся. Дык яны справядліва кажуць: няхай спачатку дадуць людзям работу і нармальны заробак, зь якога можна было б жыць, а не выжываць, а потым ставяць нейкія ўмовы. А так гэта зьдзек з тысяч нашых людзей».

Пэнсіянэрка, якой прапанавалі падпісацца за адмену дэкрэту, адмаўляецца — маўляў, ёй гэта непатрэбна:

«Няхай маладыя падпісваюцца, гэта ў іх няма працы, а мы ўжо неяк дажывём...»

Спадарыня Галіна спрабуе пераканаць суразмоўніцу, кажа, што няўжо той не баліць, што ў маладых няма працы. Але пэнсіянэрка ў адказ толькі махае рукой і адыходзіць.

А вось спадар Юры з Горадні кажа, што хоць подпісы ставяць амаль усе, да каго ён зьвяртаецца, вельмі шмат часу даводзіцца траціць на размовы з кожным чалавекам, бо людзі задаюць шмат пытаньняў.

«Людзі папросту ў адчаі, усе цікавяцца — што рабіць, як быць у такой сытуацыі? Кожны імкнецца расказаць пра сваё жыцьцё і свой лёс. Наслухаесься столькі, што потым цяжка дайсьці да сябе дадому».

Жанчына, якая працуе на рынку, за дзень прадала адзін парасон і зарабіла 1 рубель 23 капейкі — і як ёй жыць? Другі мужчына расказаў, што ад безграшоўя хоча кінуць горад, ехаць у вёску і працаваць на сябе на сваім гародзе — але як выплаціць крэдыт за кватэру, у якой жыве зь сям’ёй і двума дзецьмі? Іншыя скардзяцца, што дзіця даўно жыве за мяжой, а ім прыйшоў «ліст шчасьця». Яшчэ нехта кажа, што дачка ці сын вучацца, а ім шлюць гэтыя лісты...

«Як правіла, адмаўляліся ставіць подпісы толькі пэнсіянэры — маўляў, мы ўсё маем. Але пераважную большасьць людзей гэты дэкрэт закрануў. Гэта падобна да тэрору супраць свайго народу».

Марына і яе сяброўка Алена паставілі свае подпісы. Кажуць, што хоць і працуюць, але маюць па два мільёны заробку:

«Я працую санітаркай у шпіталі і зарабляю 210 рублёў, а мой муж — зваршчык 6 разраду і зарабляе 300 рублёў. Уявіце сабе, з такой кваліфікацыяй... Мы ня ведаем, што рабіць, бо ў нас двое дзяцей. А ў суседкі сын працу страціў і дачку скарацілі пасьля 18 гадоў працы — жывуць на адну пэнсію. Вы нам лепей патлумачце — што адбываецца ў нашай краіне?»

У Слоніме подпісы супраць дэкрэту № 3 зьбірае актывіст прафсаюзу РЭП Міхал Сошка. Паводле яго, у цэлым людзі вельмі абураныя дэкрэтам, подпісы ставіць пераважная большасьць людзей, да якіх ён зьвяртаецца. Кажа, што ўжо сабраў каля двухсот подпісаў.

Міхал Сошка
Міхал Сошка

Паводле Сошкі, з большасьцю грамадзян, якія ставяць свае подпісы, даводзіцца падоўгу размаўляць. Прычына ў тым, што амаль ніхто ня ведае, што рабіць у такой сытуацыі, куды зьвяртацца па дапамогу.

«Подпісы ставяць супраць дэкрэту № 3 ня толькі тыя, хто ня мае працы ці страціў яе, але і тыя, хто працуе. Асабліва ўражвае, колькі ў нас беспрацоўных маладых людзей, якія маюць адукацыю і ня могуць уладкавацца, тых, хто вярнуўся з войска. Ім жа дзяржава павінна ў першую чаргу падставіць сваё плячо, а яны папросту засталіся кінутымі. І яшчэ вельмі многія кажуць, што ня будуць плаціць гэты збор, бо ня ўпэўненыя, што ўлады не дададуць да гэтага яшчэ і новыя грашовыя зборы».

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG