Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы павінны напалохаць уладу», — Статкевіч пра сваю акцыю супраць «падатку на дармаедаў»


Мікола Статкевіч

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч заклікае 17 лютага на вулічную акцыю пад назвай «Марш абураных беларусаў», якую палітык ладзіць сумесна з Радай Беларускага нацыянальнага кангрэсу і старшынём незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам.

Акцыя мае пачацца а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Менску. На 15 сакавіка заплянаваная яшчэ адна акцыя супраць падаткаў на дармаедзтва, але ладзяць яе ўжо Аб’яднаная грамадзянская партыя, БХД, «Справядлівы сьвет», БСДП (Грамада), «Зялёныя» і іншыя.

Паводле Статкевіча, сэнс ягонай ініцыятывы ў тым, каб пачаць пратэст як мага раней, не чакаючы сярэдзіны сакавіка.

— Нават дзьве вулічныя акцыі — гэта мала для людзей, якія сапраўды абураныя дзеяньнямі ўладаў. Зь сярэдзіны лютага людзей пачнуць цягаць па падатковых, шмат каму ўжо даслалі адпаведныя лісты. Мы паведамім уладам загадзя пра намер пратэставаць, але падаваць заяву ў Менгарвыканкам ня будзем. Прасіць дазволу на пратэст у тых, супраць каго сам пратэст? Гэта сьмешна і нелегітымна, — сказаў Свабодзе Статкевіч.

На пытаньне, ці зьбіраецца палітык далучыцца і да «Маршу недармаедаў», які рушыць 15 сакавіка на плошчу Бангалор, Статкевіч адказаў:

— Я не пайду на Бангалор, дзе звычайна выгульваюць сабак. Я заклікаю сустрэцца на Кастрычніцкай плошчы, бо, каб дагрукацца, варта быць у цэнтры гораду. Мы павінны напалохаць уладу.

Канкрэтнага пляну мерапрыемства ў самога Статкевіча пакуль няма.

— Паглядзім, ці будзе пратэст масавым, і на месцы вызначымся наконт далейшых дзеяньняў, запытаем у прысутных, як тыя захочуць зрабіць.

Паводле арганізатараў, акцыі пратэсту супраць Дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» пройдуць ня толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG