Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія яшчэ грошы хадзілі на Гарадзеншчыне? Рэпартаж з выставы «Бывай мільянэр!» 


Вартасьць грошай Расейскай імпэрыі і цэны тых часоў у Горадні
Вартасьць грошай Расейскай імпэрыі і цэны тых часоў у Горадні

У гарадзенскім Новым замку працуе выстава, прысьвечаная гісторыі грошай на Гарадзеншчыне — «Бывай мільянэр!». Выстава прысьвечаная сёлетняй дэнамінацыі і ахоплівае час грашовага абарачэньня ў нашым рэгіёне з канца ХVІІІ ст і да нашых дзён. Усяго на выставе прадстаўлена больш за дзьве сотні экспанатаў грашовых банкнотаў.

І так, мільёны ў нашай краіне сталі гісторыяй. А ў Горадні з гэтае нагоды ў гісторыка-археалягічным музэі зладзілі выставу, дзе галоўныя экспанаты — грошы розных эпох, пачынаючы з ХVІІІ стагодзьдзя і да нашых дзён.​

Куратар выставы, гісторык Андрэй Вашкевіч, зьвяртае ўвагу, што адметнасьцю экспазыцыі зьяўляецца тое, што яны паказалі ня толькі гісторыю папяровых грошай на Гарадзеншчыне, але і праз прызму таварна-грашовых адносін адлюстравалі канкрэтную ролю грошай у жыцьці розных эпохаў.

«На выставе экспануецца блізу 250 самых розных купюр пачынаючы ад бонаў Тадэвуша Касьцюшкі (1794 год) і канчаючы новымі беларускімі купюрамі. Апроч купюр прадстаўлена мноства фінансавых дакумэнтаў: рознага кшталту каштарысы, квітанцыі, ашчадныя кніжкі розных эпохаў і экспанаты — тавары розных часоў з указаньнем коштаў. Усяго на выставе прадстаўлена каля пяцісот экспанатаў», — распавядае гісторык.

Андрэй Вашкевіч, куратар выставы «Бывай мільянэр!»
Андрэй Вашкевіч, куратар выставы «Бывай мільянэр!»

Найперш цікавяць самыя старыя грошы на Гарадзеншчыне — боны, якія хадзілі за часам Касьцюшкі. Дарэчы, на выставе відаць, што захаваліся даволі выразныя купюры. Праўда, Вашкевіч кажа, што гэта хутчэй была даволі спарадычная зьява і нямногія людзі іх бачылі і ў той час, паколькі празь некалькі месяцаў паўстаньне было задушана. Як цікавы факт гісторык распавядае, што ў ХІХ стагодзьдзі папяровы рубель ніколі не раўняўся срэбранаму.

«Як правіла, адзін папяровы рубель каштаваў прыкладна 20-30 капеек срэбрам. І такі ж курс срэбра быў і да медных манэтаў», — тлумачыць ён.

Узоры грошай часоў Расейскай імпэрыі
Узоры грошай часоў Расейскай імпэрыі

Размова заходзіць аб вартасьці грошай у розныя эпохі і, паводле Вашкевіча, нават сабраўшы ў адным месцы столькі самых розных грошай цяжка ўсё ж зрабіць нейкі лічыльнік заробкаў, каб можна было перавесьці, скажам, заробкі пачатку ці канца ХІХ стагодзьдзя ў сучасныя грошы, паколькі няма тых эквівалентаў, якія б аднолькава цаніліся ў розныя эпохі. Мы спрабуем параўнаць заробкі і кошты і вось што атрымліваецца:

«Ну вось, да прыкладу, у пачатку ХІХ стагодзьдзя сала каштавала даражэй чым мяса, паколькі яно даўжэй захоўвалася і гэта быў прынцыповы момант. Усё ХІХ стагодзьдзе дарагімі былі, скажам, яйкі і масла, наагул штучныя тавары і калі пераводзіць іх у кошты цяперашніх грошай, то атрымлівалася, што тады адно яйка каштавала, як дзесятак цяпер», — падлічвае Вашкевіч.

Вартасьць грошай Расейскай імпэрыі і кошты тых часоў у Горадні
Вартасьць грошай Расейскай імпэрыі і кошты тых часоў у Горадні

Перад намі рублі пачатку ХХ стагодзьдзя, і мне згадалася з падручнікаў гісторыі ў савецкай школе, як хвалілі дасягненьні Расеі ў прамысловасьці ў 1913 годзе і падкрэсьлівалі важкасьць рубля. Няўжо насамрэч дасягненьні былі такімі значнымі?

«Існуе такое памылковае меркаваньне — кажа Вашкевіч, — што надта добра жылося людзям у Расейскай імпэрыі напярэдадні Першай сусьветнай вайны. Але факты сьведчаць аб іншым: сярэдні заробак у прамысловасьці складаў 24 рублі. А самая сьціплая кватэра, якую можна было здымаць у нейкім гарадзенскім доме абыходзілася ў 20 рублёў. Селянін за дзень працы, пры ўмове, што працаваў з сваім канём, зарабляў рубель у найлепшым выпадку паўтара. Добры конь у той час каштаваў 60-80 рублёў».

Вартасьць грошай Расейскай імпэрыі і кошты тых часоў у Горадні
Вартасьць грошай Расейскай імпэрыі і кошты тых часоў у Горадні

Гісторык узгадвае і лёс інтэлігента ў тую эпоху і кажа, што народны настаўнік, якім быў, напрыклад, Якуб Колас, меў заробак у 25 рублёў. І ратавала тое, што бацькі дзяцей якіх ён вучыў, забясьпечвалі яго бясплатным палівам, часткова харчамі і іншым. А вось выкладчык гімназіі ў той час зарабляў каля ста рублёў, але такіх людзей было няшмат. А самыя высокія грашовыя даходы грамадзяніна, які жыў і працаваў на Гарадзеншчыне, паводле гісторыка, у цяперашні час.

Прыцягваюць увагу рознага кшталту лічыльныя машыны і тавары з пазначанымі коштамі. Тут можна лёгка зарыентавацца ў тым, якую вартасьць мелі грошы той ці іншай эпохі.

Цэны на тавары ў савецкія часы
Цэны на тавары ў савецкія часы

«Насамрэч даволі цікавыя экспанаты вылічальнай тэхнікі, пачынаючы ад рознага кшталту рахункаводаў і заканчваючы першымі савецкімі калькулятарамі, апаратамі для праверкі грошай, касавымі апаратамі. А яшчэ можна пабачыць колькі каштавалі тэлевізары ў 60-я гады, параўнаць кошт хатняга посуду з заробкам тых часоў, цэны на харчы ў крамах і на рынку», — запрашае на выставу Андрэй Вашкевіч.

Мы толькі што разьвіталіся зь мільёнамі, і таму цікава, якія самыя буйныя купюры хадзілі на Гарадзеншчыне. Аказваецца, што самы буйны намінал на Гарадзеншчыне быў 10 мільёнаў польскіх марак, які друкавалі ў 1923 годзе падчас высокай інфляцыі.

Цэны на тавары ў савецкія часы
Цэны на тавары ў савецкія часы

Былі надрукаваныя ўзоры і ў 50 мільёнаў, але ў абарот яны ня трапілі. А другая па велічыні купюра — 5 мільёнаў беларускіх рублёў, якія хадзілі ў нас да двухтысячнага году.

Адна з адметнасьцяў выставы і, магчыма, найбольшая цікавостка — гэта тое, што на ёй прадстаўлены наміналы грошай розных дзяржаваў, у склад якіх у той ці іншы час уваходзіла Гарадзеншчына.

«Прадстаўлены грошы Рэчы Паспалітай, Расейскай імпэрыі, нямецкай акупацыі Першай сусьветнай вайны, польскія міжваенныя грошы, савецкія грошы 1939 году, нямецкія грошы часоў акупацыі Другой сусьветнай вайны і набор савецкіх грошай і часоў незалежнай Беларусі», — распавядае куратар.

Гісторык і нумізмат Янка Лялевіч побач з экспанатамі самых старых папяровых грошай часоў Касьцюшкі
Гісторык і нумізмат Янка Лялевіч побач з экспанатамі самых старых папяровых грошай часоў Касьцюшкі

Гарадзенскі нумізмат і гісторык Янка Лялевіч кажа, што выстава цікавая тым, што на ёй можна пабачыць ня толькі самі грашовыя банкноты, пачынаючы з ХVІІІ стагодзьдзя, але і тое на што іх можна было рэальна патраціць.

«Прыемна ўразіла і тое, што ў фондах музэю захаваліся дастаткова добрыя экзэмпляры купюр пэрыяду паўстаньня Касьцюшкі, а таксама талеры герцагства Варшаўскага, створанага Напалеонам, першыя крэдытныя білеты Расейскай імпэрыі, паколькі іх цяжка цяпер недзе знайсьці. У многім за гэта варта падзякаваць і ўзгадаць добрым словам заснавальніка нашага музэю — Юзафа Ядкоўскага», — кажа нумізмат Лялевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG