Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сацыяльнай сетцы Twitter адбылася адна з найвялікшых рэформаў за 11 гадоў існаваньня сэрвісу: вядомая прынцыповай «ляканічнасьцю» пастоў, сацсетка падвоіла ліміт да 280 знакаў на пост для амаль усіх карыстальнікаў у сьвеце.

Абнаўленьне даступнае на вэб-вэрсіі Twitter, мабільныя праграмы маюць абнавіцца неўзабаве.

Экспэрымэнт з «падаўжэньнем» твітаў быў запушчаны ў верасьні для некалькіх асобных моваў. Цяпер жа 280 знакаў на твіт дазваляюць усім мовам, акрамя японскай, карэйскай і кітайскай: мовы з герогліфамі звычайна абыходзяцца меншай колькасьцю знакаў, бо кожны герогліф лічыцца за адзін знак, а значыць можа цэлае слова.

Рэформы не ад лёгкага жыцьця

Як тлумачыцца ў блогу кампаніі, карыстальнікі Twitter часта «ўтыкаліся» ў ліміт 140 знакаў на іншых мовах: так, у ангельскай 9% твітаў былі 140 знакаў, а пры ліміце 280 знакаў максымальную даўжыню мае толькі 1% твітаў. Наогул жа, падчас экспэрымэнту толькі 5% твітаў былі даўжэйшымі за 140 знакаў, толькі 2% – за 190 знакаў. Спачатку, калі карыстальнікі толькі атрымалі «падваеньне» аб’ёму твіту, яны выкарыстоўвалі значна больш знакаў, але неўзабаве сталі пісаць карацейшыя паведамленьні.

Такім чынам, кампанія хоча, каб «кожны чалавек мог выказацца прасьцей у Twitter». Верагодна, рабіць Twitter прасьцейшым сапраўды трэба: за другі квартал бягучага году ў сацсетцы практычна не зьявілася новых карыстальнікаў, тэмпамі росту ён значна адстае ад канкурэнтаў.

Год таму Twitter ужо зрабіў «палёгку» з колькасьцю знакаў: перастаў улічваць спасылкі, фота і відэа. Да таго карцінка «адымала» ад 140 знакаў твіту 24. На пачатку 2016 году нават хадзілі чуткі, што сацсетка дазволіць пісаць твіты памерам 10 тысяч знакаў, але ў Twitter такія чуткі абвяргалі. У той жа час сацсетка Sina Weibo, кітайскі клон Twitter, павялічыла ліміт са 140 знакаў да 2000 – «лішнія» словы хаваліся пад надпісам кшталту «чытаць яшчэ».

Для беларускамоўных гэта нават крыху важней, чым для расейскамоўных

Розныя мовы маюць розную сярэднюю даўжыню словаў — і беларуская мова ў ліку «даўгаслоўных». Так, паводле некаторых падлікаў, «звычайнае» ангельскае слова мае каля 8,23 знака, а нямецкія і мангольскія набліжаюцца да 12 знакаў. Беларускае слова мае даўжыню каля 10,35 знака, што крыху больш за расейскае (9,97 знака) і значна даўжэй за ўкраінскае (7,86 знака).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG