Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турчынаў: на вучэньнях «Захад-2017» адпрацоўвалі ўмоўны ядзерны ўдар


Аляксандар Турчынаў, архіўнае фота

У апошні дзень беларуска-расейскіх вучэньняў шэсьць самалётаў Ту-95МС і Ту-22М над Баранцавым, Балтыйскім і Нарвэскім морам адпрацоўвалі ўмоўны ракетна-ядзерны ўдар, заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Турчынаў:

«Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня былі прадстаўленыя баявым разьлікам са складу 14-й ракетнай дывізіі [Расеі], які ажыцьцявіў навучальна-баявы пуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты РС-24 „Ярс“ з касмадрому Плясецк Архангельскай вобласьці [Расеі] па цэлях на палігоне „Кура“, паўвостраў Камчатка. Ракетным падводным крэйсэрам стратэгічнага прызначэньня „Дмитрий Донской“ Паўночнага флёту РФ зьдзейсьнены электронны пуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты марскога базаваньня».

Таксама, заяўляе Турчынаў, былі выкананыя ракетныя стрэльбы па марскіх цэлях у моры Лапцевых і ў акваторыі Баранцава мора.

Сьледам да польскім міністрам

Да таго міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч заяўляў пра пляны Расеі на адпрацоўку ядзернага ўдару ў апошні дзень вучэньняў.

Адпрацоўка ядзернага ўдару, паводле Турчынава, «чарговы раз пацьвярджае агрэсіўнасьць і наступальны характар замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі Расеі, яе гатоўнасьць да эскаляцыі напружанасьці з Захадам да вядзеньня поўнамаштабнай вайны і дэманструе імкненьне Расеі да дамінаваньня ў Эўропе».

Расея не камэнтуе

Расейскае Міністэрства абароны не пацьвярджала і не абвяргала адпрацоўку ядзернага ўдару. Паведамлялася толькі, што з Плясецку рабілі тэставы пуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты РС-24 «Ярс» 13 верасьня, пра 20 верасьня — апошні дзень вучэньняў — не паведамлялася, таксама як не гаварылася пра сувязь пуску 13 верасьня зь ядзернай зброяй. Падлодка «Дмитрий Донской» сапраўды ўдзельнічала ў вучэньнях, праходзіла зь Белага ў Баранцава мора, але пра запускі зь яе не паведамлялася.

Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня. Турчынаў паабяцаў, што Ўкраіна разам зь дзяржавамі-партнэрамі прасочыць за вывадам войскаў.

Турчынаў таксама заяўляў, што рэальная колькасьць удзельнікаў вучэньняў «Захад-2017» ацэньваецца ў 120 тысяч чалавек. А віцэ-міністар абароны Польшчы Міхал Дворчык ацэньваў колькасьць удзельнікаў як «больш за 100 тысяч салдатаў». Паводле афіцыйных зьвестак, у вучэньнях бярэ ўдзел толькі 12,7 тысячы ўдзельнікаў.

XS
SM
MD
LG