Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Польшчы: Расея плянуе адпрацаваць ужываньне ядзернай зброі на вучэньнях «Захад-2017»


Беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017»

Падчас сумесных расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017» Расея мае намер адпрацаваць ужываньне ядзернай зброі. Пра гэта заяўляе міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч, паведамляе TVP Info.

«Я хацеў бы адзначыць, што гэтыя манэўры ня скончацца заўтра, але будуць працягвацца з адпрацоўкай выкарыстаньня ядзернай зброі, што не было ўключана ў праграму вучэньняў», — заявіў Антоні Мацярэвіч.

Паводле яго, ваенная дактрына РФ прадугледжвае магчымасьць нанясеньня прэвэнтыўнага ўдару па меркаваным праціўніку.

Міністар абароны Польшчы падкрэсьліў, што вучэньні «Захад-2017» зьяўляюцца самымі агрэсіўнымі і шматфункцыянальнымі з усіх вучэньняў Расеі за апошнія 30 гадоў.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны – суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

XS
SM
MD
LG