Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея спрабавала прыцягнуць на «Захад-2017» сілы з Данбасу, кажа прадстаўнік Мінабароны Ўкраіны


Андрэй Лысенка

Расея плянавала прыцягнуць да вучэньняў «Захад-2017» сілы, якія знаходзяцца на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу, заявіў прэсавы сакратар міністэрства абароны Ўкраіны у пытаньнях антытэрарыстычнай апэрацыі Андрэй Лысенка.

Але, паводле яго, гэтыя падразьдзяленьні не змаглі выканаць заданьне празь недахоп паліва і няспраўнасьць тэхнікі.

«Мы зараз бачым, што спрабавалі прыцягнуць да гэтых вучэньняў расейска-акупацыйныя войскі ў Данбасе. Мы атрымалі дадзеныя выведкі, большасьць калёнаў, якія павінныя былі выйсьці ў пункты засяроджваньня для выкананьня паралельных задачаў у рамках вучэньняў „Захад — 2017“, яны проста не даехалі, бо чамусьці скончылася паліва. У адным з падразьдзяленьняў на Луганшчыне, якое мела ў сваім складзе 11 танкаў, усяго тры танкі былі здольныя рушыць і выконваць заданьні, усе астатнія няспраўныя» — распавёў Радыё Свабода Андрэй Лысенка.

Паводле яго дадзеных, аналіз тэхнікі двух вайсковых карпусоў груповак «ДНР» і «ЛНР» сьведчыць, што 60% тэхнікі не можа выкарыстоўвацца праз няспраўнасьць.

Расейскі бок гэтыя заявы пакуль не камэнтаваў, але Масква адпрэчвае падтрымку баевікоў на тэрыторыі Данбасу.

Як сьцьвярджае Лысенка, цяпер на непадкантрольнай Кіеву частцы ўкраінскага Данбасу застаецца 2900 кадравых расейскіх вайскоўцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG