Трамп аб’явіў аб пачатку місіі вываду з Армускай пратокі заблякаваных караблёў

Армуская пратока, архіўнае фота
Армуская пратока, архіўнае фота

Дональд Трамп заявіў аб пачатку вываду з Пэрсыдзкай затокі караблёў краін, якія ня ўдзельнічаюць у канфлікце. Улады Ірану настойваюць на тым, што праход цераз пратоку немагчымы бязь іхнага дазволу.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб пачатку місіі вываду караблёў трэціх краін, заблякаваных у Пэрсыдзкай затоцы, праз Армускую пратоку, навігацыю ў якой Іран сур’ёзна абмежаваў з пачатку сакавіка,

«Краіны усяго сьвету, бальшыня якіх ня ўцягнутыя ў блізкаўсходні канфлікт, які так відавочна і жорстка разгортваецца на ўсіхных вачах, зьвярнуліся да Злучаных Штатаў з просьбай дапамагчы вызваліць іхныя караблі, — напісаў Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.

Місія будзе называцца Project Freedom (Праект Свабода) і пачынаецца 4 траўня. Трамп заявіў, што гэта «гуманітарны жэст ад імя Злучаных Штатаў, краін Блізкага Ўсходу і, у прыватнасьці, краіны Ірану». Паводле Трампа, на многіх караблях заканчваюцца запасы прадуктаў харчаваньня і астатняга, неабходнага, каб вялікія экіпажы маглі заставацца на борце ў здаровых і санітарна бясьпечных умовах.

З паведамленьня Трампа незразумела, ці ўзгодненая гэтая місія з Іранам. Старшыня камітэту нацыянальнай бясьпекі парлямэнту Ірану Эбрахім Асісі ў адказ на паведамленьне прэзыдэнта ЗША заявіў, што ўсякае ўмяшаньне ЗША ў пытаньні праходу караблёў ў Армускай пратоцы будзе разглядацца як парушэньне рэжыму спыненьня агню. Аб гэтым жа заявіла іранскае вайсковае камандаваньне.

У Цэнтральным камандаваньні Ўзброеных сіл ЗША заявілі, што амэрыканскія вайскоўцы будуць аказваць падтрымку гандлёвым караблям для бесьперашкоднага праходу праз Армускую пратоку.

ЗША маюць намер залучыць у праект ракетаносцы з кіраванымі ракетамі, больш за 100 самалётаў наземнага і морскага базаваньня, шматмэтавыя бесьпілётныя плятформы і 15 000 вайскоўцаў.

Axios з спасылкай на двух амэрыканскіх службоўцаў піша, што новая ініцыятыва ЗША ў Армускай пратоцы ня абавязкова будзе ўключаць суправаджэньне камэрцыйных вадаплаваў караблямі ВМС ЗША. Адзін з суразмоўцаў сказаў, што вайсковыя караблі будуць «непадалёк», каб перадухіляць напады іранскіх вайскоўцаў на камэрцыйныя вадаплавы, якія праходзяць цераз пратоку.

Улады Ірану настойваюць на тым, што праход цераз пратоку немагчымы бязь іх дазволу.

​
XS
SM
MD
LG