Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, Дональд Трамп заклікаў Уладзіміра Пуціна засяродзіцца на спыненьні вайны ва Ўкраіне ў адказ на прапановы Пуціна наконт Ірану.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што расейскі лідэр Уладзімір Пуцін падаў прапанову наконт іранскага узбагачанага ўрану — гэта ключавое пытаньне для магчымага мірнага пагадненьня паміж ЗША і Іранам. Але Трамп сказаў, што лепш бы Крэмль спачатку заняўся спыненьнем вайны ва Ўкраіне.
«Я сказаў: „Я б уважаў за лепшае, каб вы ўдзельнічалі ў спыненьні вайны ва Ўкраіне“», — заявіў Трамп, падсумоўваючы сваю тэлефонную размову з Пуціным 29 красавіка.
«Я сказаў, што перш чым вы мне дапаможаце, я хачу спыніць вашу вайну», — дадаў Трамп.
Прэзыдэнт ЗША не ўдакладніў дэталяў Пуцінавай прапановы, але Крэмль раней прапаноўваў вывезьці ўзбагачаны ўран з Ірану на тэрыторыю Расеі. Гэтую ідэю большасьць заходніх лідэраў катэгарычна адхілілі.
Трамп патрабуе, каб Тэгеран адмовіўся ад сваёй ядзернай праграмы і перадаў увесь свой ужо ўзбагачаны ўран, прыдатны для вытворчасьці ядзернай зброі, у якасьці перадумовы мірнага пагадненьня. Іран настойвае на тым, што яго ядзерная праграма прызначаная толькі для цывільных мэтаў, і адмаўляецца перадаваць свае запасы ўзбагачанага ўрану, схаванага, як паведамляюць, у глыбокіх падземных аб’ектах.
Памочнік Пуціна ў замежнай палітыцы Юрый Ушакоў заявіў, што ў тэлефоннай размове Пуцін «падкрэсьліў непазьбежныя і надзвычай катастрафічныя наступствы ня толькі для Ірану і яго суседзяў, але і для ўсёй міжнароднай супольнасьці, калі ЗША і Ізраіль зноў зьвернуцца да ваенных дзеяньняў».
Выступаючы ў Авальным кабінэце, Трамп паўтарыў патрабаваньне да Тэгерану адмовіцца ад якіх-кольвек плянаў стварэньня ядзернай бомбы.
«На гэты момант пагадненьня ніколі ня будзе, пакуль Іран не заявіць, што ў яго ніколі ня будзе ядзернай зброі», — сказаў прэзыдэнт ЗША.
Трамп таксама паўтарыў сваё сьцьверджаньне, што амэрыканскія вайскоўцы зьнішчылі флёт і паветраныя сілы Ірану і спустошылі эканоміку краіны.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп таксама заявіў на брыфінгу ў Белым доме 29 красавіка, што кароткатэрміновае спыненьне агню ў вайне Расеі супраць Украіны было яго ідэяй.
«Я прапанаваў Пуціну невялікае спыненьне агню; я думаю, што ён можа гэта зрабіць. Ці абвясьціў ён пра гэта ўжо?» — спытаў Трамп у журналістаў.
Крэмль раней заяўляў, што Пуцін прапанаваў спыненьне агню на час сьвяткаваньня Дня Перамогі 9 траўня.
Захады ў гонар Дня Перамогі ў буйных расейскіх гарадах сёлета будуць значна абмежаваныя праз атакі ўкраінскіх дронаў. У Маскве парад 9 траўня пройдзе без дэманстрацыі вайсковай тэхнікі ўпершыню за амаль 20 гадоў.
Апошні раз Расея і Ўкраіна абвяшчалі спыненьне агню на Вялікдзень. Дзеяньні бакоў не былі скаардынаваныя — Пуцін аднабаковым чынам абвясьціў 32-гадзіннае спыненьне агню, прэзыдэнт Украіны Зяленскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны будуць дзейнічаць люстрана. У выніку бакі абвінавацілі адно аднаго ў шматлікіх парушэньнях, сьцьвярджаючы пры гэтым, што самі строга выконваюць умовы спыненьня агню. У 2025 годзе Пуцін абвяшчаў спыненьне агню на тры дні ў траўні — 8, 9 і 10 траўня.