Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкачова абскарджвае ў судзе рашэньне пра высылку зь Беларусі


Алена Танкачова
Алена Танкачова

8 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Менску пачаўся разгляд скаргі праваабаронцы Алены Танкачовай, якая аспрэчвае рашэньне Першамайскага РУУС аб сваёй высылцы зь Беларусі. Разгляд справы працягнецца 9 студзеня.

Падтрымаць Алену прыйшло каля 50 грамадзянаў, сярод якіх старшыня БХК Алег Гулак, адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі.

Сёньня ў судзе былі заслуханыя абодва бакі — Алена Танкачова, яе прадстаўнік, адвакат Ірына Радзькова і два прадстаўнікі аддзелу па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага раёну.

Прадстаўнікі ўладаў зноў патрабавалі высылкі Танкачовай на падставе парушэньня ёю правілаў дарожнага руху. Яны кажуць што ў мінулым годзе Алена парушыла правілы 8 разоў, у тым ліку як пешаход, калі пераходзіла вуліцу. Таксама прадстаўнікі аддзелу па грамадзянстве і міграцыі сказалі, што ў 2009 годзе супраць Танкачовай ужо праводзілася такая праверка, і тады таксама была падстава для яе высылкі. Але з улікам таго, што гэта было першы раз, прынялі рашэньне дараваць. А цяпер яны катэгарычна настроеныя на высылку.

Алена кажа, што не ўва ўсіх васьмі выпадках, пра якія кажуць прадстаўнікі ўладаў, яна сама кіравала аўтамабілем. Судзьдзя вырашыла высьветліць, хто кіраваў аўто, і апытаць гэтых людзей.

У сваіх выступах Алена Танкачова, яе сьведкі, сярод якіх маці Галіна, якая прыехала з Калінінграду, ня раз падкрэсьлівалі, што Алена сваё жыцьцё зьвязвае зь Беларусьсю, дзе жыве 30 гадоў, яна хоча тут жыць і працаваць, мае тут дачку, маёмасьць, сяброў і працу. А яе бацькі плянуюць пераехаць з Калінінграду ў Беларусь, дзе яны ўжо 15 гадоў стаяць на ўліку ў розных мэдустановах.

17 сьнежня ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканаму вырашылі, што рашэньне пра высылку зь Беларусі праваабаронцы Алены Танкачовай застаецца ў сіле.

Раней Першамайскі РУУС Менску працягнуў старшыні праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі Алене Танкачовай тэрмін рэгістрацыі на знаходжаньне ў Беларусі на адзін месяц. Гэта было зьвязана з тым, што Алена абскардзіла прынятае рашэньне аб сваёй высылцы ў Галоўным ўпраўленьні ўнутраных спраў Менгарвыканкаму.

Паводле рашэньня, якое вынесла адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 30 лістапада праваабаронца мусіла пакінуць Беларусь бяз права ўезду на працягу трох гадоў.

30 кастрычніка старшыні праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі Алене Танкачовай паведамілі пра ануляваньне дазволу на сталае жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Тады ж стала вядома, што ў дачыненьні да яе распачатая працэдура высылкі. 5 лістапада ўпраўленьне ўнутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску прыняло рашэньне аб высылцы Алены Танкачовай зь Беларусі «ў інтарэсах грамадзкага парадку». Фармальнай прычынай такога захаду адміністрацыя Першамайскага раёну называе парушэньне правілаў дарожнага руху.

Рашэньне прадугледжвае забарону на ўезд у Беларусь на працягу трох гадоў. Згодна з рашэньнем Першамайскага РУУС Алена Танкачова павінна была пакінуць Беларусь на працягу 30 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG