Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве нечакана «выздаравела» Сьвятое возера. У ім нават дазволілі купацца


Арганіка пры беразе месцамі нікуды не падзелася

У Магілёве пасьля трох гадоў забароны дазволілі купацца ў найвялікшым вадаёме гораду. Паводле санэпідэмстанцыі, вада ў Сьвятым возеры не ўяўляе небясьпекі для чалавека. Яшчэ месяц таму возера значылася сярод вадаёмаў, купаньне ў якіх было небясьпечным.

Пра сытуацыю на пачатку «купальнага сэзону» чытайце тут.

Чым выкліканае раптоўнае выздараўленьне возера, спэцыялісты патлумачыць ня могуць. Ёсьць меркаваньне, што гэтаму паспрыяла халодная вясна: яна спыніла працэс разлажэньня донных адкладаў. Каб іх вычысьціць, патрэбныя вялізныя грошы, якіх няма.

Лепей у вадзе не разяўляць рот

Ахвотных акунуцца ў возера няшмат. Запэўніваньням, што вада ў ім прыдатная для купаньня, верыць мала хто, таму большасьць не купаецца, а толькі загарае. Дзяцей цягне да вады, і бацькі іх штораз папярэджваюць, каб у яе не ўваходзілі і нават не чапалі.

«Мы ўжо напалоханыя тым, што ў тутэйшай вадзе пастаянна нейкія бактэрыі. Таму і за дзяцей баісься, і за сябе таксама, — кажа маці дваіх дзяцей, якія пільнавалі, калі прытупіцца прыгляд, каб скокнуць у ваду.

Наважыцца пакупацца ахвотных вобмаль
Наважыцца пакупацца ахвотных вобмаль

«Сюды мы часта прыходзім адпачыць, асабліва ў добрае надвор’е. Дзецям падабаецца, — пасьля паўзы працягнула суразмоўніца. — Яны ў ваду хочуць, але не пускаю. Гэтак нябогі каля вады і ходзяць. Што возера забрудзілася, вінаватыя і людзі, і птушкі, і тое, што за возерам не глядзяць як сьлед. Паглядзіце, колькі ля берага водарасьцяў».

Некаторыя з тыя, хто наважыўся акунуцца, лічаць: калі бактэрыяў не відаць, то асьцерагацца няма чаго.

«Лепей, канечне, як у вадзе, не разяўляць рот, — раіць адзін з такіх сьмельчакоў. — І лепей абмыцца ад гэтай вады адразу, але такога сэрвісу тут няма. Душавых няма, толькі лежакі ды пераапранальні. На пляжы бруду шмат, асабліва пер’я. Дно возера ніхто ня чысьціў ніколі, а там будзе брыдоты шмат. На птушак няма чаго наракаць. Валянтэраў трэба набіраць. Калі ўлада ня хоча займацца, як яе прымусіш?»

Каля берага няма, як у мінулыя гады, коркі з арганічных рэчываў. Дзе-нідзе яна асела на дно. Замест той арганікі да берага прыганяе зялёныя масьляністыя водарасьці. Падлеткі іх выкідаюць з вады, і яны хутка сохнуць. За тры гады, пакуль у возеры забаранялі купацца, ладны кавалак пляжа зарос чаротам.

«Вясна была халодная, таму тое, што брудзіла возера, загінула. У гэтым прычына адноснай чысьціні вадаёма. Дый пагоды летняй цяпер не было яшчэ, — кажа яшчэ адзін суразмоўца. — Ціны відавочна стала меней. Я недалёка тут жыву і ня бачыў, каб камунальнікі дужа завіхаліся, чысьцячы возера. Берагавую лінію прыбралі, а ў самім возеры... Няхай само змагаецца».

Санстанцыя: сытуацыю кантралюем

На стэндах няма, як у мінулыя гады, аб’яваў пра забарону купацца. У санэпідэмстанцыі, аднак, ня маюць пэўнасьці, што дазвол будзе дзейнічаць увесь купальны сэзон.

«Мы пастаянна кантралюем якасьць вады на возеры, і на сёньня паказчыкі ў норме, — кажа супрацоўнік аддзелу гігіены магілёўскай санэпідэмстанцыі. — Але трэба ўлічваць, што купальны сэзон яшчэ не пачаўся і сьпякоты летняй яшчэ не было. Таму гарантаваць, што, скажам, на наступным тыдні мы не атрымаем адмоўныя вынікі, нельга. Мяркую, са сьпякотай нам зноў давядзецца рабіць захады па закрыцьці возера для купаньня».

Прыганяе да берага пакуль зялёныя масьляністыя водарасьці
Прыганяе да берага пакуль зялёныя масьляністыя водарасьці

Паводле суразмоўцы, ранейшае прадпісаньне службы на забарону купацца месяц таму прыпынілі.

«Кантроль за возерам мэтанакіраваны і ўзмоцнены, таму радавацца раней часу ня варта, — кажа ён. — Ёсьць асьцярога, што ў сьпякоту, калі людзі пойдуць масава на возера, якасьць вады можа пагоршыцца. Востраў на возеры нікуды не падзеўся. Чайкі таксама».

У 2014 годзе заяўлялася: каб возера ўратаваць, трэба пачысьціць ягонае дно ад арганікі.

У прыватных гутарках некаторыя спэцыялісты кажуць, што на дне возера за шмат год пласт арганічных адкладаў вырас да двух мэтраў, і яны гніюць. Адсюль і корка на вадзе пры берагу. На просьбу вызначыць стан, у якім апынулася возера, эколягі адказалі: адбываецца экалягічнае няшчасьце.

Вядома, што ў 2010 годзе быў распрацаваны праект ачысткі донных адкладаў. На той час такая ачыстка каштавала б 30 мільярдаў рублёў, або каля 10 млн даляраў. Цяпер нашмат больш. У 2012 годзе возера прызнавалася самым чыстым вадаёмам у горадзе.

Абвестак з забаронай купацца няма
Абвестак з забаронай купацца няма

«Сапраўды, патрэбныя вялікія фінансавыя ўкладаньні, каб ачысьціць возера і разабрацца з гэтай праблемай раз і назаўсёды. Нельга пакуль казаць, што вадаём ачысьціўся. Сытуацыя дынамічная. Праектныя арганізацыі працуюць над гэтым», — сказалі ў санэпідэмстанцыі.

Чаек не рэабілітавалі

Птушак на возеры сапраўды шмат. Імі апанаваны востраў пасярод возера і яго берагавая лінія. У вадзе і на беразе нямала дохлых чаек. Некаторых загрызьлі каты і сабакі з пасёлку Грабянёва, што побач з возерам. Птушыныя цельцы гніюць на сонцы.

Спэцыялісты навукова-дасьледчага інстытуту комплекснага выкарыстаньня водных рэсурсаў пасьля вывучэньня сытуацыі на возеры рэкамэндавалі ліквідаваць востраў, які засяліла калёнія чаек. Птушкі, на думку спэцыялістаў, і разносяць бактэрыі. Грошай на такую маштабную апэрацыю ў гарадзкім бюджэце няма. Няма сродкаў і на ачышчэньне азёрнага дна.

Чайкі апанавалі востраў
Чайкі апанавалі востраў

Тым часам жыхары Грабянёва не згаджаюцца з абвінавачваньнямі на адрас чаек у забруджваньні возера. Пасялкоўцы настойваюць: птушкі здаўна жылі на возеры і асаблівай бяды яму не чынілі. Некаторыя з суразмоўцаў кажуць, што большую шкоду прынесьлі прыбіральні ў сядзібах побач з возерам.

Дзівіліся пасялкоўцы і таму, што возера пасьля трох гадоў, калі яно было забруджана цінай, сёлета стала чысьцейшым. На іхную думку, тая ціна нікуды не падзелася, а асела на дно возера.

«Стала чысьцей, а чаму? Хто яго ведае. Ніхто яго ня чысьціў. Толькі камунальнікі пройдуць берагам, сьмецьце зьбяруць, і ўсё. Відаць, холадна было, таму ўвесь бруд застаўся на дне, — казаў адзін з пасялкоўцаў. — Я тут зь дзяцінства жыву і ніколі ня бачыў столькі ціны, як было летась і пазалетась. Возера ж раней маленькім было ды топкім. Там, дзе востраў, цяпер торф, глею няведама колькі».

Мэліяратары зьнішчылі цыркуляцыю вады

Чатыры дзясяткі гадоў таму Сьвятое возера было невялікае. Калі яго ваколіцы пачалі масава забудоўваць, з вадаёму бралі пясок. Возера значна павялічылася як ушыркі, гэтак і ўглыб. Вадаём замкнёны. Зь яго не выцякае ніводнай рэчкі.

Забітая чайка гніе ў вадзе
Забітая чайка гніе ў вадзе

Паводле грабянёўскіх старажылаў, складаную сыстэму сувязі возера з Дняпром зьнішчылі мэліяратары. З таго часу вада зрабілася стаячай.

Возера, кажуць пасялкоўцы, багатае на рыбу. Усе тутэйшыя вудары хваліліся сваёй рыбацкай удачай, паказваючы, якую рыбу вывудзілі за апошні час.

Грабянёўскія рыбакі
Грабянёўскія рыбакі

Сьвятое возера — помнік прыроды. Яно самае глыбокае на Магілёўшчыне. Углыб сягае 19 мэтраў. Упершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1643 годзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG