Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды пайсьці купацца? Камэнтар эколяга пра чысьціню беларускіх азёр


Па стане на першую дэкаду чэрвеня ў Беларусі толькі ў адным месцы забаронена купацца — на левым беразе Прыпяці ў Мазыры, ад аўтамабільнага моста да рэчышча ракі Мярлявіцы.

Купацца цяпер можна нават у Сьвятым возеры ў Магілёве, якое шмат гадоў было закрытым.

Пра гэта паведамляецца ў маніторынгу «Аб дзяржаўным санітарным наглядзе за ўтрыманьнем зон рэкрэацыі», які штотыдзень у летні час рыхтуе Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Наколькі чыстыя ў Беларусі вадаёмы, якая небясьпека ім пагражае, як яе можна прадухіліць?

Паводле гэтага маніторынгу, «у першы тыдзень лета праведзеныя абсьледаваньні 422 зон рэкрэацыі, на 82 (19,4%) зь іх выяўленыя парушэньні санітарных нормаў». І далей ідзе пералік, у якім гаворыцца пра стаянкі аўтатранспарту, грамадзкія прыбіральні, кабінкі для пераапрананьня, кантэйнэры для сьмецьця.

Што да стану вадаёмаў, то «праведзена 991 проба вады, 38 зь іх не адпавядалі гігіенічным нарматывам, у тым ліку 5 па мікрабіялягічных паказчыках (0,5%), 27 — па санітарна-хімічных (2,7%)».

«Не давяраць Цэнтру гігіены няма падставы»

На пытаньні Свабоды адказвае эколяг, адмыслоўца ў праблемах водных рэсурсаў Натальля Парэчына.

Натальля Парэчына
Натальля Парэчына

І хоць купальны сэзон у Беларусі яшчэ, можна сказаць, не адкрыўся — надворʼе ўсё яшчэ не спрыяе, толькі сьмелыя людзі адважваюцца купацца ў вадаёмах, — Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі апублікаваў вынікі першага маніторынгу 422 зон рэкрэацыі. Пакуль абстаноўка на вадаёмах спакойная, зафіксаваныя адзінкавыя выпадкі парушэньня гігіенічных нарматываў, мікрабіялягічных паказчыкаў. На сёньняшні дзень у Беларусі забаронена купаньне толькі ў адным месцы. У сярэдзіне ліпеня мінулага году такіх вадаёмаў было 33. Ці сапраўды сытуацыя настолькі палепшылася і ў нас такія чыстыя і небясьпечныя вадаёмы?

«Па-першае, я павінна сказаць адназначна: не давяраць Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі няма падставы, таму што спэцыялісты нясуць юрыдычную адказнасьць за правільнасьць сваіх зьвестак. І яны хутчэй перастрахуюцца і закрыюць вадаём для купаньня, чым нешта недаабсьледуюць. Таму ім трэба давяраць».

«Галоўная пагроза бальшыні вадаёмаў — сіне-зялёныя водарасьці»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Галоўная праблема бальшыні нашых вадаёмаў — гэта так званая эўтрафікацыя: працэс вельмі бурнага размнажэньня, распаўсюду сіне-зялёных водарасьцяў дзякуючы залішняму паступленьню біягенных рэчываў. І такое назіраецца ўсё часьцей.

Раней у Беларусі пік эўтрафікацыі назіраўся раз на сэзон, цяпер — ужо двойчы (першы раз у сярэдзіне чэрвеня, другі — у другой палове ліпеня). Але гэта індывідуальна для кожнага вадаёма — залежыць ад яго статусу, ад таго, якія сьцёкі могуць трапляць у ваду. То бок з той прычыны, што ў Беларусі даволі добра разьвіваецца сельская гаспадарка, шмат разараных земляў, біягенныя рэчывы (азот і фосфар) з дажджавымі сьцёкамі трапляюць у вадаёмы і выклікаюць бурны рост сіне-зялёных водарасьцяў. Гэты працэс можа быць небясьпечны для чалавека — я падкрэсьліваю словазлучэньне «можа быць» — таму што толькі ў вельмі вялікай канцэнтрацыі ў некаторых месцах вадаёмаў узьнікаюць так званыя «мёртвыя зоны», дзе ёсьць недахоп кіслароду, гінуць водныя арганізмы — бесхрыбетныя і нават рыбы (у асобных выпадках).

У прынцыпе, сам па сабе працэс эўтрафікацыі вельмі непрыемны. Уявіце, калі вы выходзіце з возера, і ў вас поўны купальнік зялёнай сьлізі... Да таго ж у некаторых людзей алергія на водарасьці, могуць узьнікнуць розныя захворваньні.

Віной усяму, безумоўна, занадта высокая антрапагенная нагрузка ў цэлым на навакольнае асяродзьдзе, а таксама тое, што занадта шмат сьцёкаў трапляе ў рэкі і азёры. Але эўтрафікацыя больш спэцыфічная для азёр, таму што рэкі — гэта ўсё ж такі воды, якія цякуць, яны больш насычаюцца кіслародам, хутчэй змываюцца шкодныя рэчывы. А ў азёрах вада збольшага стаячая, і там працэсы эўтрафікацыі больш разьвіваюцца».

«Сьпёкі яшчэ не было, а эўтрафікацыя пачалася»

— Якія вадаёмы ў Беларусі найбольш праблемныя?

— Я не магу назваць, дзе асабліва складанае становішча, бо гэта назіраецца амаль паўсюль. Апошняе, што я бачыла, — гэта Вялейскае вадасховішча, адкуль тры раёны Менску атрымліваюць ваду (празь Вялейска-Менскую водную сыстэму). І ўжо на пачатку чэрвеня мы заўважылі працэсы эўтрафікацыі, якія назіралі ў ніжняй частцы вадаёма, каля дамбы ў вёсцы Сосенка. Я ўпершыню ў жыцьці бачыла эўтрафікацыю ў такі раньні пэрыяд. Звычайна яна адбываецца ў другой палове чэрвеня, калі даволі доўга стаіць сьпякотнае надворʼе, таму што гэтыя сіне-зялёныя водарасьці добра разьвіваюцца пры павышанай тэмпэратуры. А тут быццам бы і сьпёкі яшчэ не было, а эўтрафікацыя ўжо пачалася.

«Цэркарыёз — гэта праблема чалавека, які пастаянна падкормлівае птушак»

Нарач
Нарач

— Некалькі гадоў таму гаварылі пра непрыемнасьці, зьвязаныя з вадаплаўнымі птушкамі — нават у беларускай «жамчужыне» Нарачы было забаронена купацца. Цяпер гэтая праблема актуальная ці ўжо не?

— Гэта зусім іншая праблема. Гэта захворваньне цэркарыёз, пераносчыкам якога зьяўляюцца лебедзі. Але тут, хутчэй, праблема чалавека, таму што людзі пастаянна падкормліваюць птушак. Калі раней лебедзі плавалі ў ціхіх затоках, баяліся людзей, у пляжных зонах раней іх амаль не было, то цяпер іх прыкормліваюць. Але цэркарыёз быў заўсёды. Гэта не зьвязана з чысьцінёй вады, цэркарыёз — гэта спадарожнік тых вадаёмаў, дзе жывуць птушкі, і нічога незвычайнага тут няма.

«Калі б гаспадарнікі выконвалі Водны кодэкс, праблем не было б»

— Што рабіць? Чысьціць? Але на гэта часьцяком няма фінансаваньня.

— Слова «чысьціць» тут не зусім правільнае. Трэба папярэджваць. Хваробу лепш папярэдзіць, чым потым яе лечыць, кажуць лекары, і я цалкам з гэтым згодная. Тое самае з працэсамі эўтрафікацыі. Важна папярэдзіць забруджваньне.

Ёсьць такое паняцьце — «водаахоўная зона». Кожная рака, возера, вадаём маюць сваю водаахоўную зону, у якой забароненыя пэўныя віды гаспадарчай дзейнасьці, мерапрыемствы. І, на жаль, самая распаўсюджаная праблема — гэта тое, што гаспадарнікі, асабліва СВК, парушаюць вось гэтыя водаахоўныя зоны. То бок разворваюць палеткі ўпрытык да вады.

Тыдзень таму мы сплаўляліся па рацэ Віліі, пачыналі сплаў у раёне вёскі Камена Вялейскага раёну. І літаральна за 200–300 мэтраў ад вёскі Камена я на ўласныя вочы бачыла ўзаранае поле, дзе пасеяна кукуруза — упрытык да вады. Цячэ рака, там такі высокі бераг, і да самога берага ўзаранае поле. Тут наўпрост усе ўгнаеньні, усе сродкі абароны расьлін, пэстыцыды, якімі будзе апрацоўвацца поле не адзін раз, з раньняй вясны да восені — гэта ўсё з дажджавымі водамі будзе змывацца ў раку. І, натуральна, нічога добрага для Вялейскага вадасховішча, якое знаходзіцца ніжэй па плыні ракі, ня будзе. Таму што рака нясе ўсе свае воды менавіта ў гэтае вадасховішча. І такіх месцаў я бачыла два на невялікім адрэзку ад вёскі Камена да наступнай вёскі: калі ты плывеш на байдарцы па рацэ і з байдаркі бачыш разаранае поле.

Калі б нашы гаспадарнікі выконвалі Водны кодэкс, прытрымліваліся забароны на разворваньне водаахоўнай зоны, такіх праблем з эўтрафікацыяй у нас не ўзьнікала б ва ўсіх раёнах. Прыклады, якія я прывяла, я бачыла на ўласныя вочы на мінулым тыдні.

«Калі кожны „справіць сваю патрэбу“ ў ваду, уяўляеце, наколькі забруджваецца вадаём?»

— Звычайна колькасьць вадаёмаў, дзе забараняюць купацца, у сярэдзіне лета павялічваецца. То бок з пацяпленьнем праблем будзе яшчэ больш?

— Канечне. Высокія тэмпэратуры правакуюць узмацненьне ўсіх працэсаў эўтрафікацыі, таму ў сярэдзіне лета праблем будзе больш.

Да таго ж усё больш людзей прыходзяць на возера. На жаль, многія паводзяць сябе не зусім правільна ў вадзе. Прабачце, але замест таго, каб схадзіць у прыбіральню альбо хаця б у кусьцікі (што значна бясьпечней для навакольнага асяродзьдзя), спраўляюць свае патрэбы ў возеры. Наша мача ўтрымлівае злучэньні азоту і фосфару. Калі ў выходныя прыходзіць на возера некалькі соцень альбо нават тысяча чалавек, і кожны справіць сваю патрэбу ў ваду, уяўляеце, наколькі забруджваецца вадаём?

Такім чынам, з аднаго боку — гаспадарнікі парушаюць Водны кодэкс, з другога боку — людзі забруджваюць ваду, з трэцяга боку — павышаная тэмпэратура. Усё ў комплексе дае такі нэгатыўны эфэкт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG