Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Філіповіча суд апраўдаў: відэаканал на YouTube рэгістраваць ня трэба


Максім Філіповіч у судзе

Суд Савецкага раёну Гомля спыніў адміністрацыйную справу супраць мясцовага блогера Максіма Філіповіча. Як удакладніў судзьдзя Віталь Каўбеня, праз адсутнасьць складу правапарушэньня.

Перад агучваньнем пастановы судзьдзя зачытаў тлумачэньне Міністэрства інфармацыі, зь якога вынікае: рэгістрацыі інтэрнэт-каналаў фізычных асобаў не патрабуецца.

Праваабаронца Леанід Судаленка па выніках паседжаньня адзначыў, што сёньняшняе рашэньне будзе «ахоўнай граматай» для ўсіх блогераў і аматараў сацыяльных сетак.

Праваахоўныя органы абвінавачвалі Максіма Філіповіча ў парушэньні часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП — «падмена дзяржаўных СМІ».

Паводле пратаколу ўчастковага інспэктара Дзьмітрыя Акуліча, Філіповіч парушыў частку 1 артыкулу 10 Закону аб СМІ. У гэтым артыкуле гаворыцца, што фізычныя асобы засноўваюць СМІ. Але Філіповіч нібыта не заснаваў СМІ, а адкрыў ад свайго імя YouTube-канал «Гарантий НЕТ» на бясплатным відэагостынгу YouTube і атрымліваў ад названага сэрвісу плату прапарцыйна колькасьці праглядаў. Згодна з абвінавачваньнем, Філіповіч пэрыядычна разьмяшчаў аўдыёвізуальныя паведамленьні для няпэўнага кола асобаў у інтэрнэце.

Флэш-моб каля суду
Флэш-моб каля суду

Максім Філіповіч стаў папулярны на хвалі пратэстаў супраць «падатку на дармаедаў»: ён расказваў, што страціў працу без тлумачэньня прычынаў, меў праблемы з пошукам новай, мусіў сплаціць збор за беспрацоўе. У сваім блогу ён спачатку распавядаў пра сваю сытуацыю і даваў парады іншым беспрацоўным, пазьней асьвятляў суд, на якім адстойваў свае правы, а затым пачаў публікаваць відэа з акцыяў пратэсту супраць «падатку на дармаедаў».

XS
SM
MD
LG