На школу ў мястэчку Парклэнд, што ў Флорыдзе (ЗША), 14 лютага быў учынены ўзброены напад. Як піша Reuters, нападнік забіў 17 вучняў і супрацоўнікаў школы, параніў больш за 10, быў затрыманы паліцыяй.
Страляніну ўчыніў 19-гадовы Нік Круз, былы вучань школы, якога каля году таму адлічылі праз кепскія паводзіны. Ён быў узбоены вінтоўкай AR-15 (цывільнай мадыфікацыяй вайсковай M-16), меў з сабой вялікую колькасьць запасных магазінаў і дымавыя гранаты, насіў маску, што бароніць ад газаў.
Злачынца пракраўся ў школу, уключыў пажарную сыгналізацыю, каб выбавіць людзей з клясаў (у школе было каля 3300 вучняў). 12 чалавек былі забітыя ў школе, двое каля школы, адзін на вуліцы, яшчэ двое памерлі ў шпіталі ад раненьняў, 13 чалавек цяпер знаходзяцца ў шпіталях з раненьнямі, некаторыя ў крытычным стане.
Пасьля нападу стралок паспрабаваў зьмяшацца з натоўпам вучняў, але быў затрыманы недалёка ад школы. Як высьветлілася, Круз раней заводзіў зь іншымі «дзіўныя гутаркі пра нажы і пісталеты», «быў захоплены зброяй, але яго не ўспрымалі сур’ёзна.
Здарэньне стала другой па колькасьці ахвяраў стралянінай у амэрыканскай школе за ўсю гісторыю (у здарэньні 2012 году ў Ньютане, штат Канэктыкут, загінулі 20 школьнікаў і 6 настаўнікаў), але ўжо 18-й у амэрыканскай школе за бягучы год.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў спачуваньні сем’ям загінулых і паабяцаў любую магчымую дапамогу мясцовым спэцслужбам ад фэдэральнага ўраду.