Паводле інфармацыі агенцтва ТАСС, агонь на фабрыцы адкрыў былы ўласьнік, яго прозьвішча не называецца.
«Паводле папярэдніх зьвестак, былы ўласьнік прыйшоў на фабрыку. Застрэліў ахоўніка і цяпер ходзіць па тэрыторыі прадпрыемства са зброяй і страляе», — сказала крыніца ТАСС.
Расейскай радыёстанцыі «Бизнес ФМ» удалося зьвязацца з Іванам Авяр’янавым, які распавёў, што сапраўды забарыкадаваўся на тэрыторыі прадпрыемства. Ён называе сябе дырэктарам фабрыкі «Меньшевик».
«Я — дырэктар. Я цяпер тут сяджу, забарыкадаваўся. Карацей кажучы, банда каўкаская, асэтынская на чале з двума пракурорамі... У мяне па падробленых дакумэнтах адабралі фабрыку, разарылі мяне. У мяне восем дзяцей. Вы ведаеце, я чатыры гады бʼюся. Яны ўсё перакупляюць, падрабляюць дакумэнты, па падробленых дакумэнтах адсуджваюць. Сёньня раніцай я прыйшоў на працу, мяне сталі браць штурмам — зь пісталетамі, са зброяй. Я маю штатную зброю, я сёньня ўжыў абарону. Аднаго застрэліў, па-мойму, да сьмерці, на жаль. Вось такая вось гісторыя. Калі застануся жывы, буду біцца да канца. Цяпер мяне ўжо акружылі там, спэцназ атачыў. Усё нармальна. Зараз буду альбо страляцца, альбо здавацца», — сказаў ён у размове з радыёстанцыяй.
Вядома, што ў студзені Арбітражны суд Масквы меў разгледзець пазоў аб банкруцтве прадпрыемства.