Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч падаў дакумэнты ў выбаркам: «Няхай пакажуць эўрапейцам сваю лібэралізацыю»


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, палітвязень Мікола Статкевіч падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Ён хоча балятавацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня па 105-й Старавіленскай выбарчай акрузе Менску.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі Свабодзе патлумачылі, што пры разглядзе заявы спадара Статкевіча вельмі важнай будзе сытуацыя зь ягонай судзімасьцю — зьнятая яна ці не. У Выбарчым кодэксе існуе артыкул 60, частка 7, у якой прапісана, што кандыдатамі ў дэпутаты ня могуць быць вылучаныя грамадзяне, якім не зьнялі судзімасьці. І калі ў спадара Статкевіча існуе такая судзімасьць, то камісія вымушаныя будзе адмовіць у рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы.

Мікола Статкевіч у размове са Свабодай так пракамэнтаваў свой учынак:

«Для нашай партыі „Народная грамада“ спроба майго вылучэньня мае два сэнсы.

Першы — гэта акцыя ў падтрымку былых палітзьняволеных, якія, як і я, маюць судзімасьць, і таму ня маюць магчымасьці рэалізаваць свае грамадзянскія правы. Мы хочам нагадаць пра гэта.

Другі — гэта тэст для ўладаў. Яны цяпер гуляюць у гульні з Эўропай. А Эўропа, нагадаю, патрабавала ня толькі вызваленьня палітвязьняў, а і іх рэабілітацыі. Няхай і пакажуць эўрапейцам сваю лібэралізацыю».

Эўропа, нагадаю, патрабавала ня толькі вызваленьня палітвязьняў, а і іх рэабілітацыі. Няхай і пакажуць эўрапейцам сваю лібэралізацыю

Акруга, у якой хоча балятавацца Мікола Статкевіч, часткова знаходзіцца ў цэнтры Менску, напрыклад, у яе ўваходзіць Плошча Свабоды і часткова пасёлак Дразды. На гэтай тэрыторыі апазыцыйны палітык і зьбіраецца, у выпадку рэгістрацыі, праводзіць масавыя акцыі супраць наступу на сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя правы беларусаў.

Спадар Статкевіч падкрэсьліў, што рэгістрацыя ініцыятыўнай групы для збору подпісаў у яго падтрымку і асабістая рэгістрацыя яго кандыдатам гэта — дзьве розныя рэчы:

«Я разумею, што я зарэгістраваны ня буду. Але ўся інтрыга ў тым, ці зарэгіструюць маю ініцыятыўную групу. Калі групу не зарэгіструюць, гэта будзе красамоўны паказьнік пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Я ўпэўнена кажу пра гэта, ба на падобных выбарах у 2008 годзе ў мяне не былі зьнятыя два гады „хіміі“. Тады маю групу зарэгістравалі. І толькі пасьля ўжо мне адмовілі ў рэгістрацыі як кандыдату. Цяпер жа ўлады могуць не зарэгістраваць нават і маю групу. А гэта — крок назад, а ня ўперад».

У складзе ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча — Уладзімер Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Зьміцер Дашкевіч ды іншыя актывісты.

Рашэньне аб вылучэньні Статкевіча Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Народная Грамада), якая цяпер афіцыйна незарэгістраваная, прынятае на пасяджэньні партыйнага прэзыдыюму. Акрамя лідэра кандыдатамі ў дэпутаты зьбіраюцца яшчэ 26 чалавек. Але паколькі партыя ня мае афіцыйнай рэгістрацыі, то ўсе яны могуць вылучацца выключна праз збор подпісаў.

Калі Міколу Статкевіча не зарэгіструюць, то партыя гатовая праявіць салідарнасьць са сваім лідэрам і зьніме ўсіх сваіх кандыдатаў.

А вось Абʼяднаная грамадзянская партыя і партыя БНФ, якія афіцыйна зарэгістраваныя Міністэрствам юстыцыі Беларусі, ужо вызначыліся з датамі сваіх партыйных форумаў, на якіх назавуць сваіх кандыдатаў на дэпутацкія крэслы. Зьезд АГП пройдзе 17 ліпеня, зьезд БНФ — 23 ліпеня.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня прызначаныя на 11 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG