Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмяротнасьць ад гепатыту перавышае сьмяротнасьць ад СНІДу


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі да Ўсясьветнага дня барацьбы з гепатытам заявілі, што лекі ад гэтай хваробы значна патаньнелі: зьявіліся айчынныя аналягі.

«Ня вылечыў гепатыт цяпер толькі той, каму на сябе і на здароўе блізкіх зусім пляваць», — сьцярджае старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Разам супраць гепатыту» Дзьмітры Праскурын, які сам пакутаваў на гепатыт С і два гады таму перамог хваробу.

28 ліпеня — Усясьветны дзень барацьбы з гепатытам. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, гепатытам інфікаваныя 2 мільярды чалавек у сьвеце, то бок кожны трэці жыхар плянэты. Штогод ад гепатыту памірае больш за 600 тысяч чалавек у сьвеце.

Такім чынам паводле мэдыкаў Сьмяротнасьць ад гепатыту перавышае сьмяротнасьць ад СНІДу.

Паводле ўсясьветнай статыстыкі, прыкладна 96% усіх выпадкаў сьмерці прыходзіцца на 2 тыпы гепатытаў: В і С.

Паводле прадстаўніка Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыра Бердыклычава, у 2015 годзе 257 мільёнаў чалавек жылі з хранічнай інфэкцыяй гепатыту В і 71 мільён чалавек — з гепатытам С:

«Для параўнаньня: зь ВІЧ у сьвеце жыве 37 мільёнаў. То бок маштабы пошасьці віруснага гепатыту значна большыя. Сьмяротнасьць ад гепатыту параўнальная зь сьмяротнасьцю ад сухотаў і перавышае сьмяротнасьць ад СНІДу.

Асноўны барʼер у лячэньні гепатыту ў многіх краінах сьвету — цана прэпаратаў», — кажа спадар Бердыклычаў.

На гепатыт А летась захварэлі 77 чалавек, бальшыня вірус прывезла з Азіі

Ірына Глінская
Ірына Глінская

У Беларусі вірусныя гепатыты А і E цяпер сустракаюцца даволі рэдка. Летась на гепатыт А захварэлі 77 чалавек, часьцей за ўсё інфэкцыю людзі «падхапілі» за межамі Беларусі, у азіяцкіх дзяржавах — Таджыкістане, Туркмэністане, Турцыі, Эгіпце. Яшчэ ў 1980-я гады штогод на гепатыт А хварэлі больш за 1 тысячу чалавек, распавяла намесьніца галоўнага доктара па эпідэміялёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены Ірына Глінская.

Захворвальнасьць на гепатыт А — меней за 1 выпадак на 100 тысяч насельніцтва.

«Пераважны шлях перадачы гепатытаў В і С — полавы»

Другая група інфэкцыяў — парэнтэральныя вірусныя гепатыты В і С. Тут зусім іншы мэханізм перадачы інфэкцыі. Узбуджальнік у першую чаргу знаходзіцца ў крыві і спэрмавагінальнай вадкасьці, тлумачыць Ірына Глінская:

«Пераважны шлях перадачы гепатытаў В і С — полавы, неабароненыя полавыя кантакты. 10–11% — немэдычныя маніпуляцыі (манікюр, пірсінг, тату); 10% — унутрывеннае ўвядзеньне наркотыкаў; 5% — кантактна-побытавы ўзровень. Напрыклад, калі ў сямʼі ёсьць заражаны інфэкцыяй, ён укалоўся іголкай, рану апрацаваў, а на кончыку іголкі застаўся вірус гепатыту В, які вельмі жывучы — да 6 месяцаў».

Некаторыя бацькі працівяцца, ня хочуць прышчэпліваць дзетак

Лекары рэкамэндуюць вакцынацыю, асабліва калі сярод блізкіх ёсьць людзі, заражаныя вірусам гепатыту. На сёньня большасьць маладых людзей ва ўзросьце да 25 гадоў прышчэпленыя ад гепатыту В. Але некаторыя бацькі працівяцца, ня хочуць прышчэпліваць дзетак. А ў дзяцей захворваньне пераходзіць у хранічную форму ў 50–90% выпадкаў. У дарослых — толькі ў 10% выпадкаў.

У Беларусі 33 тысячы хворых на гепатыт С

Вірусны гепатыт С, нягледзячы на істотнае зьніжэньне колькасьці захварэлых, па-ранейшаму вельмі непакоіць мэдыкаў. Гепатыт С небясьпечны гепатацэлюлярнай карцыномай і цырозам пячонкі. Да паўтара тысяч чалавек памірае штогод ад такіх хваробаў у Беларусі. Таму статыстыка сьмяротнасьці ад гепатыту зьвязаная менавіта з гэтымі паталёгіямі, патлумачыў галоўны пазаштатны інфэкцыяніст Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў.

Ігар Карпаў
Ігар Карпаў

«Колькасьць пацыентаў усё яшчэ значная. У 1996 годзе, калі праводзілася першае ў краіне дасьледаваньне, было 48 тысячаў станоўчых пробаў на гепатыт С. Цяпер у Беларусі прыкладна 33 тысячаў пацыентаў стаяць на ўліку з хранічным вірусным гепатытам С.

У апошнія 2–3 гады мы дасягнулі прарыву ў лячэньні пэўных вірусных гепатытаў. І дыягнастычныя, і лекавальныя магчымасьці істотна палепшыліся. Г. зн. зьмяніліся і падыходы, і даступнасьць лекаваньня. Зьявіліся прэпараты, якія дазваляюць кантраляваць віруснае абцяжараньне чалавека. Мэтодыкі даступныя, і ў раёнах пацыентам з HBS+ таксама можна прайсьці аналізы», — запэўніў галоўны пазаштатны інфэкцыяніст Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў.

Беларусь вырабляе эфэктыўныя аналягі лекаў супраць гепатыту

Яшчэ 3 гады таму ў так званых «гепатыт-форумах» на сайце «Разам супраць гепатыту» хворыя пісалі, што найбольш пашыранай тэрапіяй быў пэгіляваны інтэрфэрон у спалучэньні з рыбавірынам. І стандартны курс лячэньня на 1 год каштаваў 13 тысяч даляраў. Цана больш сучаснай трохкампанэнтавай схемы лячэньня даходзіла да 55 тысячаў даляраў.

Цяпер сытуацыя зьмянілася, запэўніў галоўны інфэкцыяніст Ігар Карпаў:

«Пытаньні, зьвязаныя з інтэрфэронам, перасталі быць актуальнымі. Інтэрфэрон пацыенты ня хочуць ужываць, бо зьявіліся больш эфэктыўныя прэпараты наўпроставага дзеяньня. Цэны вельмі адрозніваюцца. Арыгінальныя лекі вытворчасьці Канады, Нямеччыны, ЗША, натуральна, каштуюць дорага. Але зьявіліся прэпараты-генэрыкі, аналягі. Айчынныя прэпараты наўпроставага дзеяньня каштуюць значна менш. Да прыкладу, 404 рублі каштуе айчынны гепасофт (Асноўнае лекавае рэчыва —сафасбувір эгіпецкай вытворчасьці, гепасофт вырабляе замежнае прадпрыемства „Reb-pharma“. — РС).

У розных краінах цэны розныя, і супастаўляць іх ня трэба. Кожная дзяржава намагаецца зьнізіць цану для сваіх грамадзянаў. Існуе яшчэ патэнтавае права, і зараз вядуцца перамовы, каб вырабляць у Беларусі яшчэ некалькіх эфэктыўных лекаў. Спадзяюся, увесь гэты спэктар прэпаратаў будзе мець цэны, даступныя для хворых на гепатыт».

Гепатыт С на 100% вылечваецца

У Беларусі дагэтуль няма дзяржаўнай праграмы барацьбы з гепатытам. Гаворка пра яе ідзе ўжо гадоў пяць, праект быццам падрыхтаваны, але праграма дагэтуль не прынятая. Хаця сытуацыя з гепатытам значна палепшылася, сьцьвярджае старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Разам супраць гепатыту» Дзьмітры Праскурын:

«7 гадоў таму мы стварылі грамадзкае абʼяднаньне „Разам супраць гепатыту“, бо праблемаў было вельмі шмат, лекі былі вельмі дарагія і амаль недаступныя. Мы абівалі парогі Міністэрства аховы здароўя, патрабавалі: „Рабіце лекі!“ І зрухі відавочныя. У параўнаньні з сытуацыяй 3 гады таму — гэта неба і зямля. І па цэнах, і па выбары прэпаратаў.

Раней былі толькі пэгіляваныя інтэрфэроны, якія каштавалі да 10 тысячаў даляраў за курс лячэньня. Цяпер гэта адносна нядорага. І вылечваецца гепатыт С на 100%.

Ня вылечыў гепатыт цяпер той, хто альбо яго не адчувае і не дыягнаставаў, альбо той, каму на сябе і на здароўе блізкіх зусім напляваць

На пачатку чэрвеня Міністэрства аховы здароўя раздало 500 пацыентам 1500 упаковак арыгінальнага канадзкага прэпарату сафасбувір на поўны курс лячэньня. Лекі атрымалі людзі, якія знаходзіліся ў цяжкім стане, а таксама мэдыкі, якія хварэюць. Пры канцы жніўня чакаецца яшчэ адзін такі этап.

Калі раней мы праводзілі „школы гепатыту“, зьбіралі па 50–100 чалавек, дзе людзі дзяліліся сваімі гісторыямі, праблемамі, перажываньнямі, то цяпер гэтага няма. Я не сьпяваю дыфірамбаў Міністэрству аховы здароўя, але справа зроблена. Можа, і мы ў нечым спрычыніліся, бо іх тармасілі. Але вынік ёсьць. Ня вылечыў гепатыт цяпер той, хто альбо яго не адчувае і не дыягнаставаў, альбо той, каму на сябе і на здароўе блізкіх зусім напляваць.

Хацелася б бачыць Беларусь у ліку краінаў з разьвітай фармацэўтычнай прамысловасьцю, каб тут розныя новыя прэпараты вырабляліся. Каб мы не адставалі», — выказаў надзею Дзьмітры Праскурын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG