Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 прычын, чаму мужчыны не павінны пазьбягаць лекара


Хлопцы, ваша цела можа хварэць ціха і без сымптомаў. Прыйшоў час стаць больш інфармаванымі і разумнымі пацыентамі. Пра гэта на сайце sharecare.com піша Тэйлар Дал.

Падчас аднаго з апытаньняў у ЗША больш за 80% мужчын змаглі назваць марку і мадэль свайго першага аўтамабіля, але толькі палова змагла ўспомніць, калі яны апошні раз былі ў лекара.

Тым часам такія грозныя хваробы, як гіпэртанія або рак тоўстай кішкі, могуць працякаць зусім без сымптомаў. Вось пяць прычын, чаму трэба часьцей бываць у лекара.

1. Паводле статыстыкі, мужчыны часьцей за жанчын хварэюць на дыябэт і хваробы нырак. Да таго ж мужчыны больш схільныя да ішэмічнай хваробы сэрца, інфаркт міякарда і інсульт. Многія з гэтых хваробаў, а таксама некаторыя віды раку могуць ня мець выразных сымптомаў. Пры гэтым некалькі простых тэстаў дапамогуць лекару атрымаць рэальную карціну вашага здароўя.

2. Абарона скуры. Кожны год у сьвеце дыягнастуецца каля 3,5 мільёна новых выпадкаў раку скуры. Пры гэтым мужчыны часьцей, чым жанчыны, паміраюць ад мэляномы і іншых сьмяротных формаў раку скуры. Тым часам вядома, што толькі 5% мужчын выкарыстоўвае сонцаахоўныя крэмы штодня, і каля 50% мужчын зусім не карыстаюцца такімі крэмамі.

3. Не саромцеся гаварыць зь лекарам пра сваё сэксуальнае жыцьцё. Лекар павінен ведаць гісторыю хваробы і пра папярэднія сэксуальныя кантакты. Спэцыфічна мужчынская хвароба — рак прастаты, і розных мужчын рызыка яго разьвіцьця розная. Трэба думаць пра яго асабліва тады, калі ў вашай сям’і былі выпадкі такой хваробы. А сучасная мэдыцына дазваляе з дапамогай простага аналізу крыві паставіць дыягназ раку прастаты і нават высьветліць верагоднасьць яго разьвіцьця.

4. Ніхто ня любіць складаныя ўнутраныя дасьледаваньні накшталт калёнаскапіі. Вядома, што рак тоўстага кішэчніка зьяўляецца другой вядучай прычынай сьмяротнасьці ад анкалягічных захворваньняў, тым часам як рызыка сьмерці ад гэтай хваробы значна зьніжаецца, калі дыягназ пастаўлены рана. Толькі ў адной краіне — ЗША, налічваецца каля мільёна пацыетаў, якія выжылі пасьля раку тоўстага кішэчніка дзякуючы раньняй дыягностыцы.

5. Калі вы нарадзіліся паміж 1945 і 1965 годам, варта прайсьці тэст на гепатыт С. Больш за 75% дарослых людзей, якія інфікаваныя вірусам гепатыту С (гэтая хвароба таксаама працякае бессымптомна) нарадзіліся паміж 1945-1965 гадамі. Пры адсутнасьці лячэньня гепатыт С можа выклікаць такія небясьпечныя для жыцьця пашкоджаньні печані, як рак і цыроз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG