Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Расеі: «Беларусы могуць ператварыць Смаленшчыну ў квітучы рэгіён»


Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. Менск, 7 лютага 2018 году

Самае цікавае з прэсавай канфэрэнцыі амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава.

Пра справу аўтараў Regnum

«Мне асабіста прыходзіцца шмат кантактаваць з рознымі людзьмі як амбасадару, у тым ліку і з журналістамі. І калі я бачу ў сваіх суразмоўцаў, уключаючы журналістаў, злобу і хамства, я адразу спыняю зь імі кантакты. Ад таго, хто дрэнна пахне, трэба трымацца на адлегласьці, і я прытрымліваюся гэтага правіла».

Пра фільм «Сьмерць Сталіна»

Сурыкаў заявіў, што зьбіраецца паглядзець фільм «Сьмерць Сталіна», забаронены ў Расеі, але дазволены ў Беларусі.

«Я фільм не глядзеў, але ведаю, што ў гратэскным пляне ён паказвае барацьбу за ўладу ў Савецкім Саюзе. Гэта гісторыя не Расеі і не Беларусі, гэта гісторыя Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. А ў гісторыі бывае ўсё — і гісторыі ня трэба баяцца. Трэба рабіць высновы і не паўтараць памылак».

Пра саюзныя візы

Амбасадар паведаміў, што ў Менску пройдзе чарговы раўнд перамоваў аб узаемным прызнаньні візаў паміж Расеяй і Беларусьсю

«Мне думаецца, гэта будзе апошні раўнд, і адбудзецца ён у красавіку альбо ў траўні».

Пра саюзны трактар

Новым этапам беларуска-расейскага супрацоўніцтва ў прамысловасьці можа стаць стварэньне саюзнага трактара, сказаў Сурыкаў. Паводле яго, такую машыну будуць рабіць у каапэрацыі два менскія заводы, трактарны і маторны, плюс некалькі расейскіх прадпрыемстваў.

Пра выбары прэзыдэнта Расеі ў Беларусі

На выбары прэзыдэнта Расеі 18 сакавіка ў Беларусі будзе створана 9 выбарчых участкаў. Акрамя Менску і абласных цэнтраў, участкі створаць таксама яшчэ ў Бабруйску, Астраўцы, дзе будуецца атамная станцыя, і ў Ганцавічах, дзе знаходзіцца расейская вайсковая база.

Сурыкаў выказаў думку, што яўка на выбарах прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі будзе вышэйшая, чым на апошніх выбарах у Дзярждуму і на прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году.

Пра ўлюбёныя месцы ў Беларусі

Любімыя месцы расейскага амбасадара ў Беларусі — Нарач і Горадня.

«Мне асабліва падабаецца Горадня. У гэтым горадзе захавалася архітэктурная самабытнасьць, туды заўжды цікава прыяжджаць і глядзець», — сказаў Сурыкаў.

Пра Смаленшчыну

«У Смаленскай вобласьці цяпер шмат кінутых зямель. Трэба прыцягнуць да гэтай справы беларусаў. Калі яны прыедуць туды працаваць, то вобласьць гэтая будзе глядзецца зусім па-іншаму, ператворыцца ў квітнеючы рэгіён».

Пра саюзную камісію ў пытаньнях правоў чалавека

Саюзнай дзяржаве патрэбна камісія правоў чалавека, заявіў амбасадар Сурыкаў. Ён адзначыў, што ў Саюзнай дзяржаве ёсьць Вышэйшы дзяржсавет, Парлямэнцкі сход, саюзны саўмін, але да гэтага часу няма камісіі правоў чалавека.

«А між тым, у праекце саюзнай дамовы стварэньне такой камісіі прапісанае. Узьнікае шэраг пытаньняў, калі беларусы лічаць, што расейцы ўшчамляюць іх правы, і наадварот. Напрыклад, нідзе не запісана, што грамадзянін Расеі, які адпачывае ў Беларусі, павінен плаціць больш, чым беларус. Але на справе гэта адбываецца. Ёсьць і адваротныя прыклады. Таму трэба ствараць гэтую камісію і ня трэба баяцца, калі яна часам будзе даваць пад дых уладзе», — сказаў амбасадар Расеі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG