Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сумняваецца, ці трэба Беларусі яшчэ адзін трактарны завод


Аляксандар Лукашэнка выслухаў даклад кіраўнікоў ведамстваў аб пэрспэктывах стварэньня новых мадэляў трактарнай тэхнікі на заводзе «Амкадор».

На базе гэтага заводу створаны холдынг сельскагаспадарчых машынаў. Аднак думкі зацікаўленых бакоў разыходзяцца.

Галоўнае пытаньне: ці трэба нам увязвацца ў стварэньне новых тыпаў трактароў?

«Галоўнае пытаньне: ці трэба нам увязвацца ў стварэньне новых тыпаў трактароў? Калі так, то на якой базе іх разьвіваць — на базе наяўнай школы або ствараць новую?», — запытаў Лукашэнка, зьвярнуўшы ўвагу, што канкурэнцыя і перацяканьне кадраў з аднаго прадпрыемства на другое Беларусі не патрэбныя.

Згодна з плянамі Міністэрства прамысловасьці, першы трактар «Амкадор» мусіць сысьці з канвэеру ў студзені 2018 году. На перакананьне чыноўнікаў ведамства, і ў цане, і ў якасьці новая тэхніка складзе канкурэнцыю такім заходнім вытворцам, як John Deere, Challenger, New Holland.

Сучасны трактар "John Deere"
Сучасны трактар "John Deere"

Беларускі John Deere з «Амкадору» ня выйдзе

Наколькі мэтазгодная такая вытворчасьць? Былы генэральны дырэктар «Амкадору» Васіль Шлындзікаў перакананы: з улікам цяперашніх беларускіх рэаліяў, якасьці чалавечага рэсурсу канкураваць з такімі кампаніямі калі і не немагчыма, то прынамсі вельмі складана:

«Што тычыцца канкурэнцыі МТЗ, то я сёньня за такое ня браўся б: рынак адзін, сытуацыя складаная. Перавага „Амкадору“, што ў яго невялікія прадпрыемствы. Яны разнапрофільныя, ім лягчэй трымацца на плыву, чым такім гігантам, як трактарны. Для тых, хто прапануе такі варыянт, важна найперш атрымаць грошы. А ня будуць купляць трактар, то зробяць нейкую іншую тэхніку. Партфэль у „Амкадора“ вялікі, на нейкім заводзе можна вырабляць адны вузлы, на другім — іншыя. І на выхадзе камплектаваць абсалютна розныя машыны. Той, хто выдае такія ідэі і іх адстойвае, перасьледуе перадусім свае інтарэсы».

Васіль Шлындзікаў не выключае, што ідэя амкадораўскага трактара так і не рэалізуецца, бо для ініцыятараў найбольш важна атрымаць пад гучны праект дзяржаўнае фінансаваньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG