Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слабы лідэр ва ўмовах крызісу


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

100-гадовы юбілей расейскай рэвалюцыі актуалізаваў цікавасьць да самога фэномэну рэвалюцыі. З чаго раптам здараюцца гэтыя катаклізмы, калі ніхто іх не прадказвае? Ці можна іх прадухіліць? Як ацэньваць рэвалюцыі і іх вынікі? Як сьвята народаў ці як вялізную трагедыю? Адказы дадзеныя ў тысячах кніг, аднак пытаньні застаюцца.

Хачу закрануць толькі адну тэму, якая актуальная для нас сёньня. Любая рэвалюцыя выклікана комплексам прычын, якія моцна адрозьніваюцца ў розных краінах і ў розныя гістарычныя эпохі. Але зьвярну ўвагу на адну прычыну — мяркую, што галоўную. Гэта — неадэкватнасьць, дурнота, недальнабачнасьць самой улады. Часта менавіта яе дзеяньні прыводзяць да рэвалюцыйнага выбуху. І толькі затым на падзеі ўплываюць іншыя чыньнікі, такія, як актыўнасьць апазыцыі, замежны ўплыў (напрыклад, нямецкія грошы для бальшавікоў) і г. д. Прыкладаў процьма.

Першая расейская рэвалюцыя пачалася з таго, што 9 студзеня 1905 году было расстраляна мірнае шэсьце рабочых, якія прыйшлі да Зімняга палаца ў Санкт-Пецярбургу прасіць міласьці ў цара («крывавая нядзеля»). Рашэньне абсалютна варʼяцкае. І праз кароткі час запалала ўся краіна.

Тое самае і зь Лютаўскай рэвалюцыяй 1917 году. Ёй папярэднічала распуціншчына, якая моцна дыскрэдытавала царскі рэжым. Калі ж пачаліся дэманстрацыі ў Санкт-Пецярбургу, Мікалай ІІ абсалютна не разумеў, што адбываецца, фактычна ніяк не рэагаваў. А калі зразумеў, то было ўжо позна.

Больш блізкі прыклад. Толькі што адзначылі трэцюю гадавіну кіеўскага Майдану. Ён цягнуўся тры месяцы. За гэты час было некалькі момантаў, калі пратэст згасаў і, здавалася, вось-вось разыдзецца сам сабой. І кожны раз няўклюдныя дзеяньні ўладаў надавалі яму новую моц. То бок тры месяцы запар прэзыдэнт Януковіч з усіх магчымых варыянтаў рашэньняў выбіраў найгоршы. Гэта проста наглядная ілюстрацыя паводзінаў слабога лідэра ва ўмовах крызісу.

Чым мацней беларускую сацыяльную мадэль ахоплівае крызіс, тым больш памылак робіць Лукашэнка

Але вернемся да сёньняшніх беларускіх рэаліяў. Мне падаецца, што чым мацней беларускую сацыяльную мадэль ахоплівае крызіс, тым больш памылак робіць Лукашэнка. Некалькі прыкладаў.

Возьмем тую ж нафтагазавую вайну з Расеяй. Пакуль цяжка меркаваць, чым яна скончыцца. Але на сёньня страты Беларусі відавочныя. З пачатку 2016 году Менск пачаў плаціць за расейскі газ удвая менш, чым было прадугледжана кантрактам. На сёньняшні дзень выйгрыш склаў 600 млн даляраў. Але Расея ў адказ скараціла пастаўкі нафты. У выніку страты Беларусі ад гэтых дзеяньняў РФ аказаліся большыя, чым выйгрыш за газ. Больш за тое — ці ёсьць гэты выйгрыш? Бо Масква выстаўляе выплату гэтага 600-мільённага доўгу ў якасьці ўмовы вырашэньня нафтагазавага канфлікту. То бок кіраўніцтва Беларусі проста няправільна разьлічыла свае сілы.

Або тое ж заданьне Лукашэнкі давесьці сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў. Па-першае, ён наступае на старыя граблі, бо ўсе памятаюць, чым скончылася штучнае падвышэньне заробкаў мінулым разам. Па-другое, бяз гвалту над эканомікай сёньня гэта немагчыма. То бок патрабаваньне невыканальнае. Па-трэцяе, менавіта гэты кантраст паміж эканамічнай рэальнасьцю і абяцаньнямі кіраўніка дзяржавы выклікае дадатковае раздражненьне людзей. У выніку — адны іміджавыя страты.

Гісторыя з дэкрэтам аб дармаедах — гэта клясыка жанру. Проста прыклад для падручнікаў, як адным рашэньнем можна стварыць для краіны і самога сябе столькі праблем. Падрабязна пра гэта я пісаў у сваім папярэднім блогу.

Або вось тая ж няўдалая паездка Лукашэнкі ў Сочы. З Пуціным не сустрэўся, зноў няправільна пралічыў. Хоць кіраўнік Беларусі паехаў туды 15 лютага, але ягоная прэсавая служба чамусьці паведаміла пра гэта толькі 20-га, то бок пасьля «маршаў недармаедаў». Што нанесла ня меншы ўдар па ягоным іміджы. Бо выглядала так, што прэзыдэнт спалохаўся масавых пратэстаў і ўцёк з краіны. То бок каманда Лукашэнкі, імкнучыся ўсіх перахітрыць, у выніку выбрала найгоршы варыянт. Гэта дзеяньні слабога лідэра ва ўмовах крызісу.

Зразумела, я не раблю высновы, што Беларусь напярэдадні рэвалюцыі. Але, пагадзіцеся, трэнд вельмі паказальны. І, мяркуючы па ўсім, ён паскараецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG