Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды ў Беларусі рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя або гэта хітрыкі айчыннай статыстыкі? На каго скіраваны дэкрэт аб дармаедах? Колькі беларусаў працуюць за мяжой?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць экспэрт «Лібэральнага клюбу» Антон Болтачка, кіраўнік дасьледнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка і аналітык цэнтру Eurasian States in Transition Андрэй Елісееў. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Колькі ў Беларусі беспрацоўных?

Дракахруст: Паводле афіцыйных дадзеных (тут і тут), беспрацоўе ў Беларусі застаецца на даволі нізкім ўзроўні. Паводле міністэрства працы, на 1 лютага гэтага году яна складае менш за 1%.

А вось дадзеныя па суседках Беларусі: беспрацоўе ў РФ — 5.4%, ва Ўкраіне — 9.6%, ў Польшчы — 8.3%, у Літве — 8.1%.

Але ж у Беларусі ўвесь час мы чуем шмат гісторыяў пра страту працы, размовы — няма працы, страх страціць працу. З чаго ж гэтыя страхі і размовы? Ці справа ў тым, што беларусы проста ня ведаюць свайго шчасьця ў параўнаньні, скажам, з палякамі ці ўкраінцамі? Або справа ў хітрыках статыстыкі, у тым, што беларускае беспрацоўе падлічваецца неяк ня так, як у краінах-суседках?

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Заіка: Мэтадалёгія падліку беспрацоўя, якую прапануе Міжнародная арганізацыя працы, прадугледжвае вывучэньне хатніх гаспадарак, рынку працы, яна сацыялягічная ў значнай ступені. У Беларусі беспрацоўнымі лічацца толькі тыя, хто зарэгістраваўся ў цэнтрах занятасьці. Гэта істотна іншы падыход. Калі лічыць так, як прапануе Міжнародная арганізацыя працы, у нас беспрацоўе будзе значна вышэйшае, чым 1%. Нават чыста тэарэтычна 3-5% людзей у любой краіне будуць беспрацоўныя паводле вызначэньня. Калі ў нас цяпер 4,5 мільёна занятых, то відавочна, дзесьці 150-200 тысяч будуць бяз працы. Уся справа ў мэтодыцы, у тым, як лічыць.

Дракахруст: Добра, мэтодыка падліку, якой карыстаюцца беларускія ўлады, кепская, паводле вас. Ну а калі падлічваць інакш, так, як падлічваюць нашы суседзі, колькі атрымаецца? У дыяпазоне ад 5% у Расеі да амаль 10% ва Ўкраіне — Беларусь дзе будзе паміж імі? Ці па-за гэтым дыяпазонам?

Антон Болтачка
Антон Болтачка

Болтачка: На сёньня ніхто канкрэтна вам на гэта не адкажа, акрамя Беларускага статыстычнага камітэту. Я згодны цалкам зь Леанідам у тым, што асноўную ролю ў тым, што мы ня бачым адэкватных дадзеных па беспрацоўі, адыгрывае мэтодыка.

І калі паспрабаваць разабрацца, колькі ў рэальнасьці беспрацоўных у Беларусі, то можна паглядзець, напэўна, на 3 самыя галоўныя лічбы за ўсю гісторыю сувэрэннай Беларусі. Першыя дзьве — вынікі перапісаў 1999 і 2009 гадоў. Паводле іх, каля 5-6% эканамічна актыўнага насельніцтва не былі працаўладкаваныя.

Яшчэ адна лічба — у другім квартале 2012 году было праведзенае дасьледаваньне хатніх гаспадарак. У прынцыпе гэта менавіта тая мэтодыка, пра якую казаў Леанід Заіка. У гэтым дасьледаваньні хатніх гаспадарак у 2012 годзе каля 5% эканамічна актыўнага насельніцтва заявілі, што зьяўляюцца беспрацоўнымі.

Усе астатнія пэрыяды ад 2012 году да цяперашняга моманту, на жаль, мы ня можам ацаніць, таму што Беларускі статыстычны камітэт закрыў вынікі апытаньняў хатніх гаспадарак, што зьяўляецца сур’ёзнай праблемай пры ацэнцы ўзроўню беспрацоўя.

Так што атрымліваецца, што такім «натуральным» узроўнем беспрацоўя ў нашай краіне зьяўляецца 5-6%. Але ў цяперашніх умовах, калі ў краіне назіраецца сур’ёзны эканамічны крызіс, а таксама ў суседняй Расеі, куды звычайна людзі езьдзілі на падпрацоўку, таксама назіраюцца эканамічныя праблемы, гэты адсотак яўна будзе вышэйшы.

Адкуль узяліся паўмільёна дармаедаў?

Дракахруст: Андрэй, памятаю, некалькі гадоў таму вы таксама рабілі разьлікі колькасьці так званага «эканамічна неактыўнага насельніцтва» Беларусі. І ў вас атрымліваўся 1 мільён 300 тысяч чалавек. Гэта не 5%, а значна больш. І як гэтыя разьлікі суадносяцца з ахопам насельніцтва дэкрэтам аб дармаедах?

Як вядома, так званых «лістоў шчасьця» ад падатковай было разаслана 470 тысяч. Гэта ўсяго толькі траціна ад той лічбы, якая была вызначаная ў вашых падліках. А вось пра іншых, тых, хто не працуе, беларуская клапатлівая дзяржава забылася? І калі так, то чаму? А калі не забылася, то калі яшчэ амаль 800 тысяч чалавек атрымаюць такія лісты?

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

Елісееў: Не, руплівая беларуская дзяржава ні пра кога не забылася, яна пастаралася нязграбна вывесьці шмат якія катэгорыі людзей з-пад дэкрэту. Сапраўды, у Беларусі каля 1 мільёна 300 тысяч эканамічна неактыўных людзей у працаздольным узросьце. Гэта значыць, столькі беларусаў ад 16 гадоў і да пэнсійнага веку не занятыя і не шукаюць працу.

Арытмэтыка даволі простая. Па-першае, трэба адмінусаваць каля 200 тысяч беларусаў 16-17 гадоў, бо яны залічваюцца ў працоўныя рэсурсы, але дэкрэт датычыць толькі паўналетніх — ужо маем 1 мільён 100 тысяч. Мінус студэнты дзённай формы навучаньня, вучні сярэднеспэцыяльных, прафтэхнічных установаў, асьпіранты — яшчэ мінус 400 тысяч, маем 700.

Потым інваліды 3-й групы, якія не працуюць, бо яны лічыцца статыстыкай у працоўных рэсурсах, але дэкрэт на інвалідаў не пашыраецца — гэта яшчэ мінус 100 тысяч чалавек. Ну і яшчэ трэба адмінусаваць некалькі дзясяткаў тысяч асобаў у месцах пазбаўленьня волі, вайскоўцаў тэрміновай службы, таксама беларусак у адпачынку, зьвязаным зь цяжарнасьцю і гадаваньнем дзіцяці, ну і маленькія катэгорыі рамесьнікаў, сьвятароў і тых, хто вядзе уласную гаспадарку ў сельскай мясцовасьці.

І такім чынам мы роўненька выходзім на тыя плюс-мінус 500 тысяч чалавек, якім беларускія ўлады разаслалі гэтыя лісты і якіх часта беспадстаўна, бо гэта самыя розныя катэгорыі людзей, падвялі пад дэкрэт аб сацыяльных утрыманцах.

Дракахруст: Напрыканцы 2014 году, калі ў Беларусі яшчэ толькі рыхтавалі дэкрэт аб дармаедах, Аляксандар Лукашэнка агучыў лічбу гэтых «дармаедаў» — паўмільёна. Ён тады ж тлумачыў — ну, можа, тысяч сто складаюць хатнія гаспадыні ды ўладальнікі ўласных падвор’яў. Як была атрыманая гэтая лічба дармаедаў — паўмільёна? Ці можна і ці варта разглядаць усіх гэтых людзей як беспрацоўных?

Заіка: Па-першае, гэтую ідэю падсунуў яму Міхаіл Мясьніковіч. Ён як вядомы эканаміст, выступаючы, назваў гэтыя лічбы — 450-500 тысячаў, і, уласна кажучы, пасьля гэтага і пачалася хваля.

Як яны лічылі і адкуль узялі — хутчэй за ўсё ад маладых супрацоўнікаў адміністрацыі, памочнікаў Мясьніковіча. Беларусь — краіна, дзе абараняюцца дысэртацыі ў галіне эканомікі двух кшталтаў — па сельскай гаспадарцы і па працы. «Працавікоў» у нас шмат.

Адкуль узялася гэтая лічба — паўмільёна — гэта наогул не цікава. Таму што лічыць людзей, якія не працуюць, дармаедамі — гэта ідыёцкая думка, няведаньне базавых паняцьцяў эканамічнай тэорыі. Таму што ў адпаведнасьці з самымі галоўнымі, фундамэнтальнымі пастулятамі, пачынаючы ад Адама Сьміта, даходы можна атрымліваць ад зямлі, ад капіталу і ад працы. То бок тут працавала сацыялістычная пралетарская ідэалёгія.

Мы ня маем права людзям казаць, што яны дармаеды, калі яны атрымліваюць даходы ад зямлі — зрабілі, праўда, потым невялікія выключэньні для іх. Потым капітал — шмат людзей валодае капіталам, у іх ёсьць акцыі, нехта здае свае кватэры.

Непрафэсійна была сфармуляваная самая праблема. Ад яе трэба адыходзіць. Гаворыцца, што трэба ствараць па 50 тысячаў новых працоўных месцаў штогод. Але гэта толькі 1% ад агульнай колькасьці працоўных месцаў. А нам трэба аднаўленьне нашмат хутчэйшае, павінна быць прынамсі 5% на год. Таму тэма падатку на дармаедаў сьмешная з тэарэтычнага пункту гледжаньня і небясьпечная сацыяльная.

Дракахруст: Андрэй, на ваш погляд, вось гэтыя 470 тысячаў, калі б у Беларусі беспрацоўе падлічвалася як у Расеі, Украіне, Польшчы, Літве, лічыліся б беспрацоўнымі?

Елісееў: Як выйшла 470 тысячаў, я ўжо патлумачыў. У гэтую лічбу часткова трапляюць рэальныя беспрацоўныя, тыя людзі, якія шукалі працу ў 2015 годзе, але не маглі яе знайсьці, аднак пры гэтым не станавіліся на біржу працы.

Бо сыстэма падтрымкі беспрацоўных у Беларусі абсалютна неэфэктыўная і ў большасьці выпадкаў абсалютна бессэнсоўна рэгістравацца ў гэтых афіцыйных органах. Таму вялікая колькасьць рэальных беспрацоўных, якія проста не былі зарэгістраваныя, патрапілі пад гэты дэкрэт. Думаю, што гэта ад траціны да паловы людзей з гэтых 470 тысячаў.

Таксама пад дэкрэт патрапілі іншыя людзі, у тым ліку і тыя, хто сапраўды працаваў ў 2015 годзе, але працаваў ў «шэрым» сэктары і не заўсёды сьвядома, часта яны проста ня мелі іншай магчымасьці, бо працадаўца прымушаў у такой форме працаваць.

Гэта тычыцца і многіх працоўных мігрантаў у Расею, якія там былі вымушаныя працаваць нефармальна. І, нарэшце, пад дэкрэт патрапілі дзясяткі тысячаў беларускіх сем’яў, у якіх нехта не працаваў з асабістых прычынаў — гэта і хатнія гаспадыні, гэта і людзі, якія рэабілітаваліся пасьля нейкай хваробы ці апэрацыі. Такім чынам дзяржава пакрыўдзіла шмат людзей.

Беспрацоўе ў беларусаў і ў суседзяў

Дракахруст: Мы ведаем, што афіцыйныя лічбы, якія падае міністэрства статыстыкі, і самі па сабе малыя, і дынамікі там фактычна няма: там усё ў межах 1%. Гэта проста карцінка раю ў параўнаньні нават з суседзямі. Але якая сапраўдная дынаміка беларускага беспрацоўя? Гэтыя размовы, гутаркі, скаргі, што працы няма — наколькі яны адпавядаюць сытуацыі?

Болтачка: Яшчэ да папярэдняга пытаньня. Быў упушчаны галоўны момант: у дэкрэце гаворыцца пра сацыяльнага ўтрыманца, што зьяўляецца больш шырокім азначэньнем, чым беспрацоўны. Гэты дэкрэт спрабуе ўскрыць «ценявы» сэктар эканомікі, тых людзей, якія афіцыйна не працуюць, але атрымліваюць даход.

Калі мы паглядзім дынаміку па беспрацоўі — гэта і перапісы, і дасьледаваньні хатніх гаспадарак, і іншыя дасьледаваньні, то пабачым, што пік вельмі высокага беспрацоўя прыпадае на пачатак 90-х. У далейшым быў пэўны пад’ём, зьніжэньне ўзроўню беспрацоўя, але пэўныя пікі назіраліся ў крызісныя гады, асабліва ў апошні крызіс 2009 году, і ў наступныя гады.

Цяпер, паводле экспэртных ацэнак, беспрацоўе складае тыя самыя 5-6%, але ў апошнія 2-3 гады гэтая лічба цалкам можа складаць і больш, даходзіць да 7% і болей.

Дракахруст: Леанід, псыхалягічны сацыяльны стрэс, які мы назіраем у Беларусі, ад росту беспрацоўя — у якой ступені ён мае аб’ектыўны грунт і ў якой ступені гэта ўсё ж рэакцыя на звычку? У Беларусі заўсёды была адносна высокая занятасьць. Раней нярэдка ўлады казалі — вы паглядзіце на Польшчу, на Літву, было б у вас так, дык вы б разумелі, што такое сапраўднае беспрацоўе. А цяпер зразумелі?

Заіка: На пачатку прэзыдэнцтва Лукашэнкі ён наведаў тэлевізійны завод і сказаў — лепш я буду плаціць 200 даляраў кожнаму працоўнаму і будуць працаваць 1000 чалавек, чым па 1000 даляраў 200 працоўных. Усё — пасьля гэтага ўсё пакацілася.

Беларусы хочуць менш працаваць і больш зарабляць, як усе нармальныя людзі. 22 гады яны, як дурні, сядзелі, нечага чакалі за кошт расейскай нафты. Таму цяпер і назіраецца такі кагнітыўны дысананс, людзі не разумеюць — а ў чым справа, я падпрацоўваў, дзесьці халтуркамі займаўся, чаго да мяне дачапіліся?

Гэты дэкрэт, на мой погляд — гэта прошукі «пятай калёны». Ніхто з апазыцыі не прыдумаў бы нічога лепшага для дыскрэдытацыі ўлады, як напісаньне і ўвядзеньне такога дэкрэту. Гэта проста выдатна. Калі гэта зрабіў Мясьніковіч, то цалкам зразумела.

Беларусы адаптыўныя, яны не такія лохі, як здаецца многім. Знайсьці працу складана ўжо, у цэнтрах занятасьці вырасьлі чэргі, ледзь не зь міліцыяй імі кіруюць.

Беларусы жывуць у малой адкрытай эканоміцы. Для малой адкрытай эканомікі патрэбная максымальная эканамічная свабода, і ня трэба зь людзей рабіць нейкіх недамеркаў пралетарскага тыпу: Вася, усе вакол працуюць, а ты не працуеш. Як толькі ў нас зьявіцца нармальная бізнэс-кляса, якая па вызначэньні не працуе, а кіруе, сытуацыя зьменіцца. Для гэтага можа і добра, што так схамянуліся ўсе ў сувязі з гэтым дэкрэтам.

Працоўныя мігранты як мэта дэкрэту аб дармаедах

Дракахруст: Калегі, вы так ці інакш ужо закраналі важную тэму: а менавіта працоўную міграцыю з Беларусі. На гэтую тэму ішло шмат спрэчак, называліся лічбы мільён мігрантаў ці нават больш за мільён. Вы, Андрэй, спрабавалі даказаць, што гэта ня так, што насамрэч аб’ём працоўнай міграцыі значна меншы, хоць і немалы. А вось які? Колькі людзей усё ж працуюць за межамі Беларусі, пераважна ў Расеі, і ў якой ступені дэкрэт аб дармаедах скіраваны менавіта на іх?

Елісееў: Дакладную ацэнку працоўных мігрантаў у Расею даваць складана, бо няма візаў, памежнага кантролю. Часта беларусы працуюць у Расеі без працоўнага кантракту, але можна меркаваць, што 300-400 тысяч беларусаў на працягу году эпізадычна працуюць у Расеі. Гэта ня значыць, што працуюць там 6 і болей месяцаў, гэта могуць быць і меншыя тэрміны. Але можна меркаваць, што лічба дасягае 300-400 тысяч.

Працоўныя мігранты былі адной з мэтавых групаў дэкрэту, але важна глядзець па факце. У выніку дэкрэт закрануў іх часткова. Мажліва, яны складаюць меншую частку з гэтых 470 тысячаў. Дэкрэт закрануў і тых, хто беспасьпяхова шукаў працу, і тых, хто сьвядома не шукаў працы ў 2015 годзе, не працаваў 6 месяцаў з розных асабістых прычынаў. Таму я згодны зь Леанідам, што гэты дэкрэт абсалютна шкодны, ён не вырашае ніякіх сацыяльна-эканамічных праблемаў. Цяжка прыдумаць дурнейшую пастанову на трэцім годзе эканамічнага крызісу, якая толькі ўзмацняе сацыяльнае напружаньне ў грамадзтве.

Болтачка: Я заўсёды сумняваўся ў ацэнках колькасьці працоўных мігрантаў, якія перавышалі паўмільёна чалавек. І цяпер у мяне таксама ёсьць сумневы, што нават 300 тысячаў там працуюць. У самой Расеі цяпер не найлепшая сытуацыя, і знайсьці там працу цяпер таксама вельмі складана.

Але ёсьць і яшчэ адзін фактар: заробкі ў абедзьвюх краінах раней адрозьнівалася сур’ёзна, сёньня яны наблізіліся і няма ўжо такой выгоды ці дадатковага эканамічнага эфэкту ад працы ў РФ, які быў раней.

Калі раней нашы дзяржаўныя прадпрыемствы выконвалі пэўную сацыяльную функцыю, стрымлівалі адток кадраў, плацілі ім мінімальную заработную плату, то цяпер такога няма. Дэкрэт павінен быў неяк выправіць сытуацыю, каб людзі не выбіралі выхад, якія называецца «Менск-2» або Расея.

Народны байкот дэкрэту

Дракахруст: Мы памятаем, як шмат разоў падчас выбараў частка беларускай апазыцыі спрабавала практыкаваць байкот. Толку з гэтага было мала, нават па меркаваньнях самой апазыцыі. Але насамрэч атрымаўся з гэтым дэкрэтам клясычны масавы байкот.

На 20 лютага, на апошні дзень выплаты гэтага падатку, толькі 51 тысяча платнікаў яго выплаціла, гэта толькі 10%. 90% фактычна прабайкатавалі гэты дэкрэт. Чаму атрымаўся гэты масавы байкот? Пры тым, што беларусы — народ законапаслухмяны, начальства слухаюцца. А чаму тут так атрымалася?

Болтачка: Некалькі гадоў таму мы ў Лібэральным клюбе праводзілі дасьледаваньне «Дзень свабоды ад падаткаў». У межах гэтага дасьледаваньня мы выявілі, што ў Беларусі існуе так званая «ілюзія свабоды ад падаткаў» — то бок калі большая частка падаткаў спаганяецца ўскосным чынам.

То бок ёсьць нейкі суб’ект, які зьяўляецца падатковым агентам звычайнага чалавека і здымае зь яго грошы, і толькі потым плаціць гэтыя грошы дзяржаве. Напрыклад, такім агентамі зьяўляюцца прадпрыемствы, якія ўтрымліваюць з нашага заробку падаходны падатак. Пры такой схеме падаткаабкладаньня звычайны чалавек не адчувае падатковага цяжару. І таму ствараецца ілюзія свабоды ад яго.

Калі існуюць прамыя падаткі, людзі адчуваюць іх значна лепш. А падатак на дармаедаў — гэта прамы падатак. Пры гэтым, ён спаганяецца такім чынам, што платнік мусіць выплачваць адразу даволі вялікую суму. І гэта ўсё адразу ж б’е па кішэні беларуса.

Няўклюднасьць падатку прывяло да таго, што насельніцтва адчула, як у яго забіраюць грошы.

Плюс да таго яшчэ адзін фактар — калі некалькі гадоў таму падвышалі падаходны падатак, тады праводзілася сацыяльная кампанія, што гэта грошы на мацярынскі капітал. А беларусы — такі народ, што на дзяцей, на мацярок могуць і падзяліцца. А цяперашняя піяр-кампанія дэкрэту аб дармаедах, што мы ўсе павінныя фінансаваць дзяржаўныя даброты, не прайшла. І гэта яўна бачна ў цяперашніх сацыяльных пратэстах.

Елісееў: Гэты маўклівы сацыяльны пратэст, байкот, перайшоў мяжу і большасьць беларусаў, якія падпалі пад ягонае дзеяньне, лічаць яго абсалютна несправядлівым, нелегітымным. Сапраўды — чаму, напрыклад, беспрацоўныя, якія беспасьпяхова шукалі працу і ня мелі патрэбнай падтрымкі дзяржавы, цяпер яшчэ і караюцца рублём?

Ці чаму хатнія гаспадаркі, дзе нехта не працуе пэўны час, мусяць плаціць такі збор? Плюс вядомае кепскае матэрыяльнае становішча, частка людзей, якія рабілі «па-шэраму», нелегальна, проста ня маюць грошай, каб заплаціць такі збор. Уплывае тое, што людзі сочаць за рэальнымі лічбамі ў мэдыях і бачаць, што большасьць беларусаў ня згодныя, і таксама не сьпяшаюцца плаціць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG