Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль прасунутае грамадзтва спрачаецца пра стварэньне ўмоваў для разьвіцьця ІТ-тэхналёгій, у краіну вярнулася практыка сэлектарных нарадаў па ўборцы ўраджаю. Яе не было з 2012 году. Нібыта няўмольная машына часу вечна вяртае краіну назад. Сэлектарная нарада — гэта клясыка жанру, хрэстаматыя, найбольш яскравая ілюстрацыя ручнога кіраваньня эканомікай.

Чаму раптам? На тое — некалькі прычын.

Найперш, гэта сьведчыць пра тое, што сытуацыя ў сельскай гаспадарцы дрэнная, і спатрэбіліся надзвычайныя захады на ўзроўні кіраўніка дзяржавы.

Па-другое, пасьля вясновых акцый «недармаедаў» давер грамадзтва да ўлады і Лукашэнкі катастрафічна панізіўся. Трэба выпраўляць сытуацыю. А як? Ніякіх новых варыянтаў у галаву не прыходзіць.

Таму Лукашэнка і імкнецца рэанімаваць былыя паліттэхналягічныя хады, якія ў мінулым давалі патрэбны эфэкт.

Вось заробак у 1 тысячу рублёў.

І вось сэлектар, які калісьці моцна падабаўся ягонаму электарату. Было б дзіўна, калі б Лукашэнка правёў сэлектарную нараду па разьвіцьці Парка высокіх тэхналёгій. Бо зноў бы заявіў пра «гаджэты, айфоны і пляфоны», і сацыяльныя сеткі доўга б сьмяяліся. А што такое бітва за ўраджай, разумеюць усе, і найперш — ягоны электарат. Не зьдзіўлюся, калі яшчэ вернуцца і «Дажынкі». Бо калі новых ідэй няма, то даводзіцца выкарыстоўваць старыя.

Не зьдзіўлюся, калі яшчэ вернуцца і «Дажынкі»

Па-трэцяе, прыпыненыя перамовы з МВФ, які патрабаваў для пачатку хаця б рэфармаваць дзяржсэктар, даць больш свабоды дзяржпрадпрыемствам. Таму цяпер няма чаго і каго саромецца.

Калі казаць пра саму нараду, то вялікіх адкрыцьцяў мы не пачулі. Чарговым разам даведаліся, што «ў нас пакуль шмат бязладнасьці, элемэнтарнага разгільдзяйства і прыкрых недапрацовак». Высьветлілася, што, як і раней, сельскагаспадарчая тэхніка нізкай якасьці. Што ў сельгаспрадпрыемстваў няма грошай і фінансавыя праблемы даводзіцца вырашаць у рэжыме надзвычайнасьці, пастаўляць тэхніку ў доўг.

Як звычайна, асноўны чыньнік эфэктыўнай працы — пагрозы турмой. Праваахоўным органам і Камітэту дзяржаўнага кантролю Лукашэнка даручыў выявіць і пакараць вінаватых у зрыве ўборачнай кампаніі. Зьвяртаючыся да прэмʼер-міністра Андрэя Кабякова, кіраўнік дзяржавы заявіў: «Чаму вы прынялі рашэньне ўраду да 20 ліпеня ўсю тэхніку падрыхтаваць — і не пракантралявалі, што тэхніка гатовая? Чаму міліцыю не арганізавалі? Чаму пракурора не папрасілі дапамагчы?»

Усё правільна. Трэба паставіць на кожным полі аўтазак, і праца закіпіць.

Трэба паставіць на кожным полі аўтазак, і праца закіпіць

Ці вось яшчэ цудоўная ілюстрацыя сутнасьці беларускай палітычнай сыстэмы. Лукашэнка запатрабаваў, каб у пытаньні ўборачнай кампаніі асабіста ўключыліся чыноўнікі самага высокага рангу.

«Міхаіл Уладзімеравіч (Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік Савету Рэспублікі. — Аўт.), вы з Андрэйчанкам (кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка. — Аўт.) неадкладна павінны выехаць у вобласьці і займацца там непасрэдна. Ён у Віцебскую вобласьць, а вы ў Берасьцейскую. Вы цяпер адносна вольныя. Таму арганізоўвайце там уборачную кампанію».

Нагадаю, што ў артыкуле 6 Канстытуцыі запісана: «Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго».

І вось высьвятляецца, што кіраўнік адной галіны ўлады загадвае кіраўнікам іншай ехаць у вобласьці займацца ўборкай ураджаю. Маўляў, хопіць займацца глупствам (то бок заканадаўчай працай), займіцеся сапраўднай справай.

То бок ніякага парлямэнту ў Беларусі няма, старшыні палатаў — гэта чыноўнікі на пабягушках у Лукашэнкі. У чым ён шчыра і прызнаўся.

Думаю, прыйдзе час, калі сэлектарныя нарады Лукашэнкі будуць паказваць па ТВ у якасьці гумарыстычных перадач.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG