Улады Саудаўскай Арабіі намераныя канфіскаваць у 60 затрыманых за карупцыю прынцаў, міністраў і чыноўнікаў да 800 мільярдаў даляраў гатоўкай, піша Wall Street Journal са спасылкай на «знаёмых са справай людзей».
Раней Цэнтральны банк краіны замарозіў банкаўскія рахункі затрыманых 4 лістапада. Большая частка грошай захоўваецца за мяжой, што можа ўскладніць працэс канфіскацыі. Паводле саудаўскіх уладаў, кампанія не зачэпіць бізнэс: замарожаны асабістыя, але не карпаратыўныя рахункі, а грашовыя апэрацыі кампаніяў падазраваных не прыпыненыя.
Канфіскацыя грошай можа дапамагчы саудаўскай эканоміцы, што цярпіць ад нізкіх цэнаў на нафту — краіна была вымушаная траціць вялікія сумы грошай з рэзэрвовага фонду, які з 2014 году скараціўся ад 730 мільярдаў даляраў да цяперашніх 487.
Антыкарупцыйную кампанію некаторыя крытыкуюць як папулісцкі крок — як замаскаваную барацьбу за ўладу на карысьць спадчыннага прынца Махамэда бін Салмана, але звычайныя саудыты бачаць яе як хай і запозьненую, але атаку на перанасычаную грашыма эліту, піша Reuters. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падтрымаў антыкарупцыйную кампанію Саудаўскай Арабіі: паводле яго, арыштавалі тых, хто «даіў» краіну цягам многіх гадоў.