Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы: Беларусь слаба змагаецца з карупцыяй


Ілюстрацыйнае фота

Узровень выкананьня Беларусьсю рэкамэндацыяў Групы дзяржаваў па супрацьдзеяньні карупцыі (GRECO) Рады Эўропы застаецца нездавальняючым. Такая выснова ўтрымліваецца ў заключэньнях, прынятых на пленарнай сэсіі арганізацыі 16-18 кастрычніка ў Страсбургу, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Рады Эўропы.

У сувязі з гэтым на сэсіі вырашана даручыць старшыні статутнага камітэту GRECO накіраваць ліст пастаяннаму прадстаўніку Беларусі ў Радзе Эўропы аб неабходнасьці выкананьня рэкамэндацыяў. Акрамя таго, у беларускага боку запытаюць справаздачу аб мерах, прынятых урадам па выкананьні рэкамэндацыяў — яна павінна быць прадстаўленая да 31 ліпеня 2018 году.

Калі GRECO вырашыць, што выкананьне рэкамэндацыяў па-ранейшаму застаецца нездавальняючым, арганізацыя пакідае за сабой права запатрабаваць у Беларусі прыняць у сябе ў наступным годзе місію высокага ўзроўню для таго, каб «данесьці да ўладаў усю важнасьць выкананьня рэкамэндацыяў».

Арганізацыя ў чарговы раз заклікала беларускія ўлады дазволіць публікацыю шэрагу дакладаў па Беларусі, якія былі падрыхтаваныя ў 2012, 2014 і 2015 гадах. Бяз згоды беларускага боку апублікаваць гэтыя даклады цалкам арганізацыя ня можа. Рэзюмэ гэтых справаздач публікаваліся ў 2014, 2015 і 2016 гадах адпаведна.

У рашэньнях пленарнай сэсіі GRECO таксама сказана, што рэзюмэ чарговага дакладу з ацэнкай сытуацыі ў сфэры крыміналізацыі карупцыі і празрыстасьці палітычнага фінансаваньня, прынятага ў ліпені 2016 году, будзе апублікаванае ў канцы лістапада, калі да гэтага часу беларускія ўлады не дазволяць яго поўную публікацыю.

Адмову дазволіць публікацыю папярэдніх справаздач у Міністэрстве замежных спраў Беларусі тлумачылі тым, што ў краіны няма абавязацельства даваць згоду на такія публікацыі.

У Беларусі даволі частыя навіны пра затрыманьні і суды за хабар. «Даць на лапу» могуць як мільён эўра, так і проста бульбу, каўбасу, каньяк ці бэтон. Пры гэтым Беларусь займае даволі нізкую 79-ю пазыцыю ва ўсясьветным рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG