Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь стала менш карумпаванай: паднялася з 107-га на 79-е месца ў індэксе ўспрыняцьця карупцыі


Беларусь заняла 79-е месца ў штогадовым індэксе ўспрыняцьця карупцыі, які складае міжнародная арганізацыя Transparency International. Летась Беларусь займала 107-е месца з 32 баламі.

Беларусь у рэйтынгу за 2016 год атрымала 40 балаў са ста магчымых. Такі ж паказьнік у Бразыліі, Кітаю ды Індыі.

Краіны з самым нізкім узроўнем успрыманьня карупцыі — гэта Данія, Новая Зэляндыя, Фінляндыя, Швэцыя і Швайцарыя. У канцы сьпісу знаходзяцца Паўночная Карэя, Паўднёвы Судан і Самалі.

ЗША займаюць 18-е месца (74 балы), Нямеччына і Вялікая Брытанія — 10-е (па 81 бале).

Расея ў 2016 годзе атрымала 29 балаў і знаходзіцца на 131-м месцы, дзелячы яго з Украінай, Непалам, Казахстанам і Іранам. Летась Расея займала 119-е месца, Украіна — 130-е, Казахстан — 123-е.

Польшча ў 2016 годзе апынулася на 29-м месцы, у яе 62 балы. Сярод краін Балтыі найменш карумпаванай аказалася Эстонія — яна на 22-месцы ў рэйтынгу зь 70 баламі. Літву экспэрты разьмясьцілі на 38-й пазыцыі (59 балаў), Латвія — на 44-й (57 балаў).

Індэкс успрыманьня карупцыі за 2016 год прэзэнтаваны 25 студзеня міжнароднай арганізацыяй супрацьдзеяньня карупцыі Transparency International. Дасьледаваньні праводзяцца з 1995 году. Рэйтынг складаецца паводле шкалы ад 0 (самы высокі ўзровень успрыманьня карупцыі) да 100 (самы нізкі) на аснове незалежных апытаньняў міжнародных экспэртаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацыяў .

XS
SM
MD
LG