Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагарэў на бэтоне» — паводле сьледчых, транспартныя інспэктары бралі хабар рублямі, далярамі і нават бэтонам


Аляксандар Грэковіч і Мікалай Літошык

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс над двума адказнымі супрацоўнікамі транспартнай інспэкцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, якіх вінавацяць у хабарніцтве. Абвінавачаным пагражае максымальнае пакараньне за хабар — да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Падначалены і начальнік дзялілі хабар па-брацку

На лаве падсудных Аляксандар Грэковіч, былы начальнік аддзелу высокагабарытнага кантролю транспартнай інспэкцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, які быў арыштаваны ў траўні 2016 году, і ягоны начальнік Мікалай Літошык, які ўзначальваў управу высокагабарытнага кантролю транспартнай інспэкцыі Мінтранса.

Паводле сьледзтва, Літошык цягам 2012–2015 гадоў атрымаў у якасьці хабару больш за 24 тысячы даляраў ад фірмы «Даміна трэйд». Грошы давала транспартная фірма «Даміна трэйд» па таксе: 2 тысячы даляраў за месяц адсутнасьці захадаў дзеля кантролю і праверкі грузаў. Хабарнікі дзялілі грошы пароўну, хоць непасрэдна правяраў аўтамабілі, дамаўляўся пра хабар і атрымліваў грошы Аляксандар Грэковіч. Паводле сьледзтва, Грэковіч, як і ягоны начальнік, таксама атрымаў ад «Даміны трэйд» больш як 24 тысячы даляраў.

200 эпізодаў у Грэковіча

Калі меркаваць па матэрыялах справы, падначалены значна абставіў у справе хабарніцтва свайго начальніка. Акрамя фірмы «Даміна трэйд», Мікалай Грэковіч, паводле сьледзтва, браў грошы і зь іншых транспартных арганізацый — усяго за ім лічыцца амаль 200 эпізодаў хабарніцтва. Часьцей за ўсё Грэковіч браў грошы за тое, што не правяраў аўтамабілі, якія рухаліся зь перавышэньнем дазволенай масы. І звычайна дамаўляўся пра адсутнасьць захадаў кантролю загадзя, нават праз тэлефон ці на асабістай сустрэчы. У сьпісе сталых кліентаў інспэктара Грэковіча — каля 20 назваў фірмаў. Ад «Грузавік транс» — больш за 14 тысяч даляраў хабару, звычайна па 100–200 даляраў за кожны неправераны аўтамабіль. Ад фірмаў «ФДК-інвэст», «Агульная справа», «Спліт-плюс», «Ракаў інвэст» ды іншых — яшчэ больш за 10 тысяч даляраў.

Пра што кажа доўгі сьпіс давальнікаў хабару?

Адметна, што асобаў, якія, паводле матэрыялаў справы, давалі інспэктарам хабар, у гэтым працэсе ня судзяць. У судзе толькі прагучалі іх прозьвішчы. Сьпіс — унушальны. Некрашэвіч, Афанасенка, Пракапеня, Дрок, Захарчук, Лапко, Дубінскі, Дзенісеня, Локцеў, Ламака, Віткоўскі, Арэшчанка, Валіцкі, Зубаў, Архіпаў, Ярашэвіч, Буханаў, Мароз, Сьпірыдаў, Вярбіцкі, Лісоўскі ды іншыя. Пераважна гэта прадпрымальнікі, кіраўнікі ці супрацоўнікі фірмаў, у тым ліку бухгальтар, мэханік, інжынэр, іншыя спэцыялісты. Уражаньне, што любы прадстаўнік транспартнай канторы пры сустрэчы з транспартным інспэктарам ведае жалезнае правіла: кантралёры бяруць грошы, толькі прапануй.

Аляксандар Грэковіч і Мікалай Літошык
Аляксандар Грэковіч і Мікалай Літошык

Колькі дзейнічалі хабарнікі?

Хабарніцтва падсудных Грэковіча і Літошыка, паводле сьледзтва, прыпала на пэрыяд з 2012 да 2016 году. Найбольшая актыўнасьць прыпадала на вясну, калі ўводзіліся абмежаваньні на рух транспарту зь вялікай вагой. Грэковіч атрымліваў хабар звычайна на дарогах Менскага і Смалявіцкага раёнаў, але трапляюцца ў матэрыялах справы і іншыя месцы ягонай меркавана злачыннай дзейнасьці — каля ўваходу на станцыю мэтро «Магілёўская», каля спарткомплексу «Стайкі» і нават побач з будынкам транспартнай інспэкцыі па Менску і Менскай вобласьці на сталічнай вуліцы Бабушкіна. А вось Мікалай Літошык аднойчы браў грошы каля будынка РНПЦ «Кардыялёгія» — а адтуль паехаў у вёску, дзе пражываў Грэковіч, каб аддаць таму ягоную частку хабару, кажуць сьледчыя.

Браў хабар бэтонам

Як затрымалі меркаваных хабарнікаў? Паводле сьледзтва, Грэковіч на пачатку 2016 году атрымаў ад прадпрымальніка Віткоўскага зь фірмы «Бэтонбудкомпані» хабар у незвычайным выглядзе — бэтонам, які каштаваў 2 тысячы даляраў. Але гэтага інспэктару падалося мала, і ён пачаў патрабаваць ад прадпрымальніка за паслугі яшчэ 8 тысяч даляраў. «Сваю задуму на хабар Грэковіч зьдзейсьніць ня змог зь незалежных ад яго прычын — у хабарадаўцы не аказалася грошай».

А затрымалі Аляксандра Грэковіча 17 траўня 2016 году падчас спробы атрымаць хабар больш як у тысячу даляраў ад прадпрымальніка Лісоўскага. Гэтыя зьвесткі пра Аляксандра Грэковіча агучыла пракурор Крысьціна Асран. Што да Літошыка, яго ўзялі больш як праз паўгода — сёлета ў лютым. Меркавана, яго «здаў» Грэковіч, які прызнае віну па ўсіх эпізодах. Мікалай Літошык, па зьвестках сьледзтва, сваёй віны пакуль не прызнае. Зачытаць усё абвінавачаньне Аляксандру Грэковічу 11 верасьня пракурор не пасьпела і працягне гэта рабіць заўтра, 12 верасьня. Акрамя хабарніцтва, Грэковічу інкрымінуюць таксама іншыя злачынствы.

XS
SM
MD
LG