Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-мэнэджары «Беларусбанку» асуджаныя за хабар на працяглыя тэрміны зьняволеньня


Генадзь Гаспадарык і Мікалай Цырто ў судзе, архіўнае фота

У Цэнтральным судзе Менску, дзе зь ліпеня паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве судзяць топ-мэнэджараў «Беларусбанку», агучаныя прысуды.

Былы першы намесьнік старшыні праўленьня банку Генадзь Гаспадарык асуджаны на 7 гадоў 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай цягам 5 гадоў займаць кіраўнічыя пасады.

Былы падначалены Гаспадарыка, начальнік упраўленьня касавага абслугоўваньня банку Мікалай Цырто — на 9 гадоў (па аналягічнай схеме з канфіскацыяй і забаронай на высокія пасады).

Мікалай Цырто
Мікалай Цырто

Для падсуднага Гаспадарыка пракурор запатрабаваў тыя самыя 7,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і забарону на 5 год займаць кіраўнічыя пасады. Для Цырто — 9 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Такім чынам, падставы для зьмякчэньня тэрмінаў зьняволеньня суд не знайшоў.

Апроч таго, з Гаспадарыка суд пастанавіў спагнаць 380 тысяч рублёў, з Цырто — 787 тысяч у якасьці кампэнсацыі за шкоду.

У Мікалая Цырто амаль усю маёмасьць, якая была апісаная, суд пастанавіў канфіскаваць. Ён і ягоныя сваякі заявілі, што нязгодныя з прысудам і будуць яго абскарджваць.

Генадзь Гаспадарык сказаў, што ня будзе падаваць скаргу.

Генадзь Гаспадарык
Генадзь Гаспадарык

Жонка і дочкі Цырто абураныя. «Канечне, будзем абскарджваць, — сказала жонка Ларыса. — Як можна пагадзіцца з прысудам, калі забралі нават кватэру дачкі з малымі дзецьмі!»

Таксама сваякі Цырто незадаволеныя, што на працэс над іх бацькам так і ня выклікалі ключавога сьведку Аляксандра Бучнева.

«Пракуратура заявіла, што яго нібыта не знайшлі, але сёньня я бачыла яго ў Маскоўскім судзе», — сказала жонка Цырто.

Паводле сваякоў Цырто, Бучнеў яго агаварыў.

Сваякі Гаспадарыка пакінулі суд без камэнтароў.

У справе былых топ-мэнэджараў «Беларусбанку» фігуруе хабар агулам больш як на палову мільёна даляраў. Гаспадарык сваю віну ў хабарніцтве прызнаў, але ня згодны, што злоўжываў службовым становішчам. Мікалай Цырто таксама прызнаваў віну часткова. Адвакаты ў судовых дэбатах аспрэчылі доказы сьледзтва паводле некаторых эпізодаў абвінавачаньня.

Напярэдадні абвінавачаньне Гаспадарыку і Цырто было выстаўленае наноў. З былога абвінавачаньня выключылі некаторыя фармулёўкі, але збольшага сутнасьць не зьмянілася.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG