Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы старшыня Бабруйскага гарвыканкаму Андрэй Каваленка асуджаны на 8 гадоў калёніі


Андрэй Каваленка, архіўнае фота

14 ліпеня Бабруйскі гарадзкі суд вынес вырак па справе былога старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Андрэя Каваленкі. Яго пакаралі васьмю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Пасьля адбыцьця пакараньня Каваленку забаронена займаць кіроўныя пасады цягам пяці гадоў.

Былога старшыню Бабруйскага гарвыканкаму Каваленку абвінавацілі ў хабарніцтве. Яго затрымалі ў лістападзе мінулага году ў момант перадачы хабару. Чыноўніку інкрымінавалі больш за дзесяць эпізодаў з агульнай сумай хабару ў больш за 20 тысяч даляраў за вырашэньне пытаньняў на карысьць пэўных камэрцыйных структур ці за прызначэньні на пасады.

Падчас арышту Каваленка прадаў свой аўтамабіль і часткова (на 21 000 рублёў) кампэнсаваў дзяржаве незаконныя даходы.

Судовы працэс цягнуўся 12 дзён. Каваленка раскаяўся, факты хабарніцтва прызнаў часткова. Пракурор прасіў 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Адвакат настойвала, што некаторыя факты не даказаныя і прасіла мінімальны тэрмін. Яна заявіла, што будзе абскарджваць вынесены прысуд.

Андрэй Каваленка з адвакаткай
Андрэй Каваленка з адвакаткай

Старшынём Бабруйскага гарвыканкаму Каваленка стаў у 2014 годзе, да таго быў намесьнікам старшыні, старшынём Кастрычніцкага райвыканкаму Магілёва, займаў іншыя кіроўныя пасады.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG