Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выселім бамжа зь беларускае мовы, або Як пазбыцца моўных саветызмаў


Бяздомнікі ў Маскве на фоне галоўнага офісу „ЛукОЙЛу“
Бяздомнікі ў Маскве на фоне галоўнага офісу „ЛукОЙЛу“

Слова „бомж“, уведзенае органамі НКВД, мае нармальныя беларускія сынонімы — бадзяга, бяздомнік і г.д. І многія іншыя саветызмы — „прапіска“, „непрацоўныя даходы“, „працоўны калектыў“ — фармуюць савецкую сьвядомасьць.

​Радыё Свабода кагадзе зьняло пазытыўнае відэа пра двух чалавек, якія ня мелі ўласнага дому, а валянтэры купілі ім хаты на Магілёўшчыне, завезьлі іх туды й дапамаглі пачаць гаспадарку.

Цяпер гэтыя людзі маюць сваю страху над галавой. А да таго яны былі хто?

У беларускім побыце стала звыклым слова бомж. Ім апісваюць: як бомж. Ад яго ўтвараюць дэрываты: бамжаваць, бамжыха. Слова нават ужываюць у песьнях. Ганна Хітрык і Лявон Вольскі, „Вера, Надзея, Любоў“:

А я спадзяюся чамусьці,
Што ў сьвеце слаты ды імжы
Ня мусяць памерці пачуцьці,
Нібыта зімою бамжы.

У песьні сканцэнтраваныя вобразы гораду, і параўнаньне, вядома, яскравае. Мо слова ўжытае дзеля стылёвага кантрасту? Дый рыфма патрабавала: імжы бамжы.

Але бамжы да беларускае мовы ня маюць дачыненьня. Слова цалкам расейскае, прычым сучасныя расейскія валянтэры, што працуюць зь бяздомнымі, лічаць, што слова бомж „прыніжае гонар і годнасьць чалавека“. Слова гэтае там скарот: „без определённого места жительства“. У расейскай так званай культурнай прасторы слова бомж імкліва пашырылася дзякуючы савецкім міліцэйскім сэрыялам, а пазьней пад назвай Бомж у Расеі выходзілі і мастацкія фільмы, і зноў жа сэрыялы.

БОМЖ, ВМН, НКВД

Чамусьці лічыцца, што слова там зьявілася ў 1970-я гады, што яно „апошні савецкі нэалягізм“, але гэта ня так. Сустракаем выраз і скарот у шматлікіх НКВДысцкіх расстрэльных дакумэнтах 1930-х гадоў. У тым ліку і пра беларусаў пішуць:

КАЛЬЦОЎ Міхал Сьцяпанавіч, нар. 1874 у в. Межкі Полацкага р-ну, беларус, зь сялян, не працаваў. Бяз пэўнага месца жыхарства. Асуджаны 36.04.20 за а/с агітацыю паводле арт. 72 КК БССР.

Гэта пераклад. НКВД па-беларуску не пісаў, у арыгінале было тое самае „без определенного места жительства“. А цытата — з свабодаўскай „Картатэкі Сталіна“ на 60 тысячаў беларусаў — ахвяраў рэпрэсіяў.

Чаму тыя людзі ня мелі хаты, або НКВДыстам хацелася, каб яны яе ня мелі, — часьцей за ўсё ўжо не даведаемся. Дарэчы, лёс людзей бяз пэўнага месца жыхарства (а фактычна без афіцыйнай прыгоннай прапіскі) ў 1930-я гады вырашалі менавіта праславутыя тройкі НКВД. У дакумэнтах тых часоў абрэвіятура БОМЖ (а яшчэ часам БОЗ — без определённых занятий) суседзіць са скаротам ВМН, што значыць „высшая мера наказания“, г. зн. расстрэл.

Выснова: бомж — ня проста русізм, гэта саветызм, асацыятыўна зьнітаваны з машынай сьмерці НКВД. Не ўжывайма гэтага слова ў беларускай мове.

Для бяздомных людзей, што туляюцца беспрытульна, наша мова мае некалькі ўласных словаў-сынонімаў. Слова бяздомнік характарызуе чалавека толькі тым, што ён ня мае ўласнай страхі. А бадзяга — яшчэ і той, хто бадзяецца па сьвеце.

Ёсьць на сьвеце такія бадзягі,
Што ня вераць ні ў бога, ні ў чорта.
Ім прыемны стракатыя сьцягі
Караблёў акіянскага порта.

„Эміграцкая песьня“ Максіма Багдановіча, клясыка. Слова бадзяга, паводле 6-тамовага Тлумачальнага слоўніка, мае асноўнае значэньне ‘бяздомны, не заняты працай чалавек’ і стылёва нэўтральнае.

Моўчкі глядзіць беспрацоўны бадзяга / На белакрылыя чайкі над морам, — пісаў Максім Танк поўны клясавага абурэньня верш у міжваенную пару. А Ніл Гілевіч апяяў у „Родных дзецях“ тую „некрыклівую красу“ Беларусі,

...Што анікому не чужая
І нават кончаных бадзяг
Адчуць раптоўна прымушае,
Як радасьць тахкае ў грудзях.

А вось яшчэ адзін сынонім валацуга згаданы Тлумачальны слоўнік характарызуе як „размоўнае“ слова ў значэньні ‘бяздомны чалавек, які ня мае пэўнага прыстанішча і заняткаў, бадзяга’, і нават як „лаянкавае“ — ‘пра таго, хто любіць валачыцца, цягацца бяз справы’.

Але ў жывой беларускай моўнай практыцы такога жорсткага нэгатыву слова не нясе. Славуты падарожнік па Беларусі Юрась Жыгамонт не саромеецца называць сябе ў тэлеанонсах „самы вядомы дылетант і валацуга краіны“. „Магілёўскія валацугі“ — так завецца каманда на Беларускай інтэлектуальнай гульні.

Ёсьць слова бесхацінец, якое любіў ужываць Янка Купала. Верш „У чужой старане“ — пра беларусаў, вымушаных у пачатку ХХ стагодзьдзя зьехаць на чужыну, бо чужак пануе на радзіме:

Што ж? — разгулівай, сыты чужак,
Між забраных крыжоў, курганоў,
Брат скаваны ня згіне і так:
Ён другіх пашукае братоў.

Гэй, ты, краю халодны, чужы,
Прытулі бесхацінца к сабе:
Ён цябе, як і роднай мяжы,
Не забудзе ў прадсьмертнай кляцьбе.

1912 г.

Карацей, беларускіх сынонімаў НКВДшнаму бамжу не бракуе. Бяздомнік, бесхацінец, бадзяга бадзяка), валацуга і валанцай, а нават захадзяка (у Івана Насовіча). Дык жа ўжывайма сваё.

Няўтульны штамп у пашпарце

З саветызмам бомж неадлучна зьвязаны іншы сталінскі саветызм — прапіска, прапісацца ў значэньні ‘мець афіцыйна зацьверджанае месца жыхарства’. Ён настолькі пранік у масавую сьвядомасьць, што яго пачалі выкарыстоўваць журналісты як штамп, як псэўдавобразную замену словам і выразам пачаць жыць, пасяліцца, асесьці, разьмясьціцца, рэгулярна зьяўляцца:

Тры раёнкі з Магілёўшчыны прапісаліся ў сусьветным віртуальным сеціве

Скрыншот zviazda.by
Скрыншот zviazda.by

Часам слова нібыта зьбеларушчвалі, пішучы не прапіска, а прыпіска:

Амэрыканскія ракеты прыпішуцца ў Эстоніі

Але нагадаю, што паняцьце прапіска ўвялі ў савецкую практыку бальшавікі ў 1920-я гады; іхнаю мэтаю было кантраляваць рух людзей, фактычна запрыгоніць іх. Чалавек без прапіскі наагул быў бяспраўны. Слова прапіска нават трапіла ў паэзію клясыкаў:

Я хаце абавязаны прапіскаю —
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю —
Усім, чым працы абавязан стол.

Аркадзь Куляшоў. „Я хаце абавязаны прапіскаю“ (чытае С. Сокалаў-Воюш). Можна тут угледзець прыхаванае сьцьверджаньне ўласнай годнасьці: родная хата, а не чыноўнік, дае мне хаця б нейкія правы (зашыфраваныя зразумелым савецкаму чыноўніку словам прапіска).

Фармальна нават у нас прапіска скасаваная і замененая рэгістрацыяй, хаця і ў ёй нямала радзімых плямаў таталітарнай кантрольнай сыстэмы. Дык даўно пара журналістам і паэтам выкрасьліць савецкі прапісачны штамп са свайго лексыкону.

Казкі са склепу

Прыхаваных саветызмаў у нашай мове шмат. А яны ж служаць матрыцай для паводзінаў, уплываюць на мэнталітэт. Іх трэба прынамсі распазнаваць. Русізмы Мінздраў, лікбез, самба, ГОСТ, ГУМ, чэпэ нават не расшыфроўваюцца па-беларуску. Ёсьць і нібыта беларускія паводле будовы ці гучаньня словы, але папраўдзе савецкія, з вывернутым зьместам: Культпаход, непрацоўныя даходы, нефармалы, воіны-інтэрнацыяналісты, рыбны дзень, пуцёўка... З набору савецкіх стэрэатыпаў дабрабыту кпіць песьня раньняй „Крамбамбулі“:

Чорнае мора,
Белы параход,
Сіняе неба,
Белы самалёт,
Савецкае шампанскае,
Чорная ікра

Гэта ўсё міраж!

Савецкае шампанскае "Радзівіл"
Савецкае шампанскае "Радзівіл"

„Савецкае шампанскае“ прадукцыі сучаснага менскага заводу — як казкі са склепу. Даўно высахлы шкілет чапляецца за шыю нармальнаму жыцьцю, і нараджаюцца такія моўныя гібрыды, як на фота.

Вакальна-інструментальны ансамбль „Бітлз сустрэўся з працоўным калектывам Ліверпульскага порта

Яшчэ адзін з такіх моўных шкілетаў трымае, не раўнуючы атлянт з карыятыдай, канструкцыю ўлады.

Вось што такое працоўны калектыў? А ён жа мае немалыя правы. У тым ліку такія стратэгічна важныя для дзяржавы, як вылучаць кандыдатаў на выбары, адклікаць дэпутатаў, фармаваць выбарчыя камісіі. А яшчэ нейкім чынам вылучаюць дэлегатаў на так званыя ўсебеларускія народныя сходы.

„Працоўны калектыў“ сустракаецца з начальніцай БРСМ. Скрыншот tribunapracy.by, Бабруйскі р-н
„Працоўны калектыў“ сустракаецца з начальніцай БРСМ. Скрыншот tribunapracy.by, Бабруйскі р-н

Але ў Працоўным кодэксе і наагул у заканадаўстве Рэспублікі Беларусі азначэньня такога юрыдычнага паняцьця няма, і гэта невыпадкова. Хто такі наймальнік — ясна, хто работнікі — таксама, яны маюць права заключаць з наймальнікам калектыўныя дамовы. А пад так званым „працоўным калектывам“ у звычайным жыцьці маецца на ўвеце кіраўніцтва прадпрыемства ці ўстановы разам з залежным ад яго пэрсаналам. Можна на раз-два адгадаць, чыю волю будзе выконваць так званы сход працоўнага калектыву. На мовы дэмакратычнай традыцыі выраз „працоўны калектыў“ папросту не перакладаецца.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG