Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Добрушы жывуць кітайцы: «Ходзяць на пляж, балуюцца півам... Як і нашы»

абноўлена

Дабрушанка Кацярына Балышава з кітаянкамі на фоне ўласнай хаты і будоўлі кардоннай фабрыкі
Дабрушанка Кацярына Балышава з кітаянкамі на фоне ўласнай хаты і будоўлі кардоннай фабрыкі

Пасьля «вялікага паходу» з Добрушу ў Гомель з патрабаваньнем выплаціць затрыманы заробак кітайскія рабочыя вярнуліся на свае працоўныя месцы. Яны ўзводзяць у райцэнтры па-над Іпуцьцю комплекс па вырабе кардону — па сутнасьці, новую фабрыку пры папяровай фабрыцы «Герой працы». Пра нядаўні бунт рабочых-будаўнікоў і кітайскі, і беларускі бакі імкнуцца хутчэй забыць.

«Наш „любімы“ для кітайцаў стварае ўмовы»

Прадстаўнікі кітайскай карпарацыі «Сюань Юань» — генэральнага падрадчыка па праекце — лічаць за лепшае з журналістамі не гаварыць. Добрускія ж кіраўнікі з папяровай фабрыкі, у сваю чаргу, заяўляюць гэтак:

«Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта сказаў: „Разьлічыліся!“ Як я буду пасьля намесьніка кіраўніка Адміністрацыі даваць нейкія тлумачэньні? Нічога адказваць ня буду. З кітайцамі, калі ласка, размаўляйце».

Кітайскіх рабочых у Добрушы сустракаеш ці ня кожную сотню мэтраў, асабліва ў цэнтры. Яны заходзяць у крамы, на рынак.

Гандляр агуркамі спадар Барыс, які стаіць пры ўваходзе на рынак, расказвае:

«Цыбулю ў асноўным кітайцы бяруць, агуркі, крыху маліны бяруць, памідоры бяруць».

Беларускія гуркі напагатове
Беларускія гуркі напагатове

Бальшыня тых кітайцаў, з кім давялося сустракацца, ахвотна фатаграфаваліся. Складана толькі камунікаваць, калі ня ведаеш кітайскай мовы, бо гастарбайтэры, у сваю чаргу, ня ведаюць ні ангельскай, ні славянскіх моваў. Пасьля фразы па-кітайску малады рабочы заяўляе: «Нэ панімаю».

Некаторыя дабрушане, абазнаныя ў справах будаўніцтва комплексу па вырабе трохслойнага кардону, цьвердзяць, што кітайцы працуюць у тры зьмены. Таму частку зь іх мінакі і бачаць удзень то ў крамах, то на гарадзкіх вуліцах — уражаньне такое, што кітайцы толькі й швэндаюцца бяз справы. Але ж не.

Кітайцы на рынку ў Добрушы
Кітайцы на рынку ў Добрушы

Дабрушанін Сяргей: «Яны працуюць пазьменна, у іх тры зьмены — больш як 900 чалавек. Працуюць хто з раніцы, хто па абедзе — у вечаровую. Яшчэ й начныя зьмены. Графік насычаны. З гэтай прычыны яны больш патрабавальныя — яны „ўкалваюць“».

Шматдзетны бацька Аляксандар, які жыве на «вуцятніку» — так называюць тэрыторыю прыватных дамоў, што з двух бакоў акружаюць новабудоўлю, — дзеліцца сваімі назіраньнямі:

«Іду іншы раз паўз будоўлю — там ёсьць дарога. І бачу, што нават уночы працуюць. Уключаныя пражэктары, машыны сноўдаюць — па начах працуюць».

Кароткі шлях кітайцаў на будоўлю
Кароткі шлях кітайцаў на будоўлю

Суразмоўнік, аднак, не падзяляе падыходаў уладаў: замежнікам увага, 8-мільённы заробак, а добрускія мужыкі едуць, што называецца, за трыдзевяць зямель, каб мець за душой капейчыну:

«Ён жа стварае для іх умовы, а не для нас. І вы ведаеце хто: наш „любімы“. Простаму люду ў горадзе аніяк не зарабіць, таму моладзь дома не працуе, а кудысьці едзе».

Комплекс па вырабе кардону
Комплекс па вырабе кардону

Крэдыт «зьвязалі»

Кітайцы зьявіліся ў Добрушы ў 2013 годзе, калі тут пачалі ўзводзіць вытворчы комплекс па вырабе мелаванага і звычайнага трохслойнага кардону — каб не купляць аналягічную прадукцыю ў замежжы і забясьпечыць патрэбы харчовай, лёгкай, мэдычнай і паліграфічнай галін беларускай прамысловасьці. Магутнасьць новага комплексу — 200 тысяч тон кардону ў год. Разьлік такі, каб пастаўляць і на экспарт. Сыравіна ж — мясцовая, так званая балянсавая драўніна асіны й бярозы.

Здача комплексу — у 2016 годзе
Здача комплексу — у 2016 годзе

Генэральным падрадчыкам па праекце стала карпарацыя «Сюань Юань», зь якой беларускі бок заключыў кантракт на 348,6 мільёна даляраў. Фінансаваньне ажыцьцяўляецца за сродкі крэдыту Дзяржаўнага банку разьвіцьця Кітаю. Гэта найперш да карпарацыі «Сюань Юань» у кітайцаў былі пытаньні па разьліках за працу — тая завінавацілася рабочым за тры месяцы, па 9–10 тысяч юаняў, альбо на беларускія грошы — ад 22 да амаль 25 мільёнаў рублёў. Таму і ўзбунтаваліся кітайскія будаўнікі. Каля дзьвюх сотняў зь іх выправіліся пешшу ў Гомель, каб далей ісьці ў Менск і ў кітайскай амбасадзе патрабаваць выплаты заробкаў.

У Гомель падасьпелі прадстаўнікі дыпмісіі і генпадрадчыка, угаварылі суайчыньнікаў вярнуцца ў Добруш, паабяцаўшы без адкладу разьлічыцца па заробках.

Пасьпелі вішні ў садзе цёці Каці

Мясцовыя жыхары, што жывуць побач з будоўляй на вуліцы Камсамольскай, нейкіх асаблівых прэтэнзіяў да кітайцаў ня маюць. Хіба толькі непакояцца, што будзе з экалёгіяй, калі тут пачнуць вырабляць кардон:

«Я б не сказала, што яны дакучаюць нам — працуюць паціху. І ноччу працуюць. Калі пабудуюць — вось тады будзе кепска, бо экалёгія. Гэта ж такая тут будзе сур’ёзная фабрыка. Тут жа нейкі каляровы кардон будуць вырабляць».

Вытворчыя гмахі побач з людзкімі сядзібамі.
Вытворчыя гмахі побач з людзкімі сядзібамі.

Спадарыня Кацярына з дома № 10 апавяла, што кітайцы панадзіліся ў яе агарод па вішні — абрываюць праз плот, нават галінкі з маладой вішні паламалі:

«Я зайшла, а яны сядзяць, абіраюць. Яны ж абламалі галінкі. А раз праз плот кіёчкам торкнула, а яны: „Ай“ — і ўцяклі. Іх двое было. Во гэта шкода такая, але гэта ерунда. Бог зь імі — не шкада».

Больш турбуе гаспадыню, што вада з будоўлі плыве ёй на ўчастак — такі ўхіл:

«Я выклікала — быў іхні начальнік зь перакладчыкам. Абодва кітайцы. Вось гэты паўгнілы дашчаны плот — ён фабрычны. Прасіла, зрабіце бэтонны, каб ня лазілі і вада каб не цякла. Яны паабяцалі, што цягам тыдня дадуць адказ. Але нічога няма. Бачыце, і сёньня цякло. У загародку для курэй зайшла вада. А ў тым годзе на панадворку яна стаяла. У вадзе нават кураняты патапіліся — дзесяць штук тады ўтапілася. Хадзілі, каб нам кампэнсавалі шкоду. Тут жа й бульбу ў нас затапіла. Мне ж ніхто не кампэнсаваў шкоды».

Баракі кітайскіх рабочых
Баракі кітайскіх рабочых

Кацярына Рыгораўна кажа, што тры дамы па Камсамольскай — нумары 10, 12, 14 — меліся наагул адсяліць. Але цяпер пра гэта і ўлады, і будаўнікі ўжо ня згадваюць:

«Раней казалі, што нашы тры дамы будуць зносіць. Цяпер — ціха-ціха, нічога ня кажуць. Потым, калі што якое, скажуць: вы ж маўчалі. Няма каму й паскардзіцца. Шкада толькі нашай працы — гэтага шкада».

Кацярына Рыгораўна, як і суседзі, з трывогай чакае заканчэньня будоўлі:

«Вот яны ўсё гэта пусьцяць — але як нам жыць? Нават цяпер, калі яны там моцна грукаюць, шыбы ў вокнах дрыжаць. Іншае: мы ня ведаем, як і што будзе з экалёгіяй».

Інтэрнат «Сюань Юань»
Інтэрнат «Сюань Юань»

Але пытаньні гэтыя ў дабрушан ужо іншага ўзроўню: да праектантаў, да заказчыка — кіраўніцтва холдынгу «Беларускія шпалеры». Шараговым кітайскім працаўнікам нават Кацярына Рыгораўна хутчэй спачувае, чым крыўдуе на дробныя інцыдэнты:

«Тры ці чатыры дні яны не працавалі, калі ў іх быў гэты гармідар з-за нявыплаты заробку. Па іх можна нават час спраўджваць. А палове на шостую яны ідуць на працу. У дванаццаць у іх абед. А 13-й яны вяртаюцца з абеду — і адзін за адным гужам. Шкада гэтых „дзяцей“ — так цяжка яны працуюць».

Кітайцы вяртаюцца зь зьмены ў свае баракі
Кітайцы вяртаюцца зь зьмены ў свае баракі

«Маналіт і беларусы маглі б ставіць — чаго нам цягацца па Расеі?»

У адрозьненьне ад жаласьлівых жанчын, некаторыя добрускія мужчыны крыху па-іншаму глядзяць на азіяцкіх гастарбайтэраў. Лічаць, што яны і самі маглі б працаваць на гэтай будоўлі, а не цягацца па Расеі ў пошуках такой самай працы. Яны й слухаць ня хочуць, што кітайцы даюць крэдыт «зьвязаны», паводле прынцыпу: нашы грошы — і нашы працоўныя рукі:

«Можна было й сваіх паставіць і самім зрабіць той маналіт, каб у Маскву ня езьдзіць. Я ж таксама ежджу, бо тут у нас толькі капейкі й можна зарабіць».

Кітайцы балуюцца півам, як і нашы

Маладыя дабрушане сьцьвярджаюць, што кітайцы, як і беларусы, балуюцца півам, ходзяць зь ім купацца на Іпуць.

Глыбокая вада Іпуці
Глыбокая вада Іпуці

На думку Максіма, адсюль і трагедыя: на днях тут 38-гадовы кітайскі рабочы даў нырца — і ня выплыў:

«Кожны дзень, калі сьпякотна, кітайцы прыходзяць на пляж. П’юць гэтак жа піва, купаюцца. Там, за піўбарам, ёсьць пляж. На днях літаральна патануў адзін — у тым баку, за шлюзамі. П’юць, купаюцца — іх жа вельмі шмат».

Пакуль не наступіла зьмена
Пакуль не наступіла зьмена

Тым часам у Гомель з Кітаю прыйшоў першы наўпроставы цягнік. Ён прывёз абсталяваньне для першай папераробчай машыны ў Добрушы. Гомельскія чыноўнікі заяўляюць, што цягнік, па сутнасьці, прайшоў маршрутам Вялікага шаўковага шляху — глябальным транспартным калідорам, па-за якім Гомельшчыне застацца аніяк нельга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG