Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Рубцоў гатовы вярнуцца з ФРГ у Беларусь. Інтэрвію


Юры Рубцоў

Былы беларускі палітвязень Юры Рубцоў, якому ўчора ў Нямеччыне адмовілі ў наданьні статусу ўцекача, падзяліўся са Свабодай сваімі плянамі.

Юры Рубцоў больш за год таму зьехаў у Нямеччыну і падаў там заяву на палітычны прытулак. Учора міграцыйныя службы ФРГ адмовілі яму ў статусе ўцекача, сказаў Свабодзе сам спадар Рубцоў:

«Так, учора атрымалі адказ, што мне не даюць палітычны прытулак. Але не скажу, што гэта было зусім нечакана.

Ужо некалькі месяцаў, як мы тут у Нюрнбэргу пераехалі зь лягера ўцекачоў у інтэрнат, прыстасаваны для мігрантаў. Тут жыве 18 семʼяў мігрантаў, ёсьць з Сырыі, з Іраку, з Чачні, Этыёпіі, Украіны, зь Беларусі. Дык вось я ўжо шосты, каму адмовілі ў прытулку. Прычым выхадцам з Усходняй Эўропы адмаўляюць часьцей, чым з Блізкага Ўсходу ці Афрыкі.

У паперы прычын не тлумачаць, можна толькі здагадвацца. Па-першае, відаць, перад выбарамі сталі больш жорстка ставіцца да даваньня прытулку, бо на адрас Ангелы Мэркель было шмат крытыкі, што прытулак даюць каму заўгодна.

Па-другое, да краін былога Саюзу ўсё ж крыху іншае стаўленьне. Тут лічаць — калі няма вайны, як у Беларусі, дык і нармальна, можна жыць, а добра ведаць нашы праблемы чыноўнікі, якія разглядаюць заявы, не абавязаныя. Ды яны іх і зразумець ня могуць. Вось чыноўнік, зь якім я размаўляў, ён не разумеў: як гэта сама ўлада не выконвае законы? Ён такога шчыра ўявіць ня мог. Калі ў маім прысудзе ён чытае, што я „зьняважыў судзьдзю“ — ну дык для яго гэта так і ёсьць, а што судзьдзя дазволіў мяне судзіць разьдзетага, ён у гэта ня верыць. У выніку вось такое рашэньне».

Судзіцца з урадам Нямеччыны не лічу магчымым

— Ці вы будзеце далей змагацца, каб застацца ў Нямеччыне?

— Пакуль канчаткова ня вырашыў, але хутчэй за ўсё — не. Напісана ў рашэньні, што магу абскардзіць яго ў судзе, але судзіцца з урадам Нямеччыны не лічу магчымым з маральнага боку — краіна і так шмат нам дапамагла, дзякуй ёй і яе людзям, крыўды ні на кога няма. Падказваюць, што можна падаць у суд асабіста на гэтага чыноўніка, але — ну вось ён такі. У аўторак да мяне прыйдзе сацыяльны працаўнік, яшчэ будзем раіцца. Жонка ўчора была вельмі разгубленая, сёньня крыху адышла ад тых пачуцьцяў, хоць, магчыма, не паказвае ўсяго, каб мяне падтрымаць. Але калі гэтак здарыцца, што трэба зьяжджаць, дык зьбяром рэчы і паедзем, нічога страшнага не адбудзецца. Тут пазнаёміліся зь сямʼёй з-пад Менску, якім таксама не далі прытулку, і яны вяртаюцца. Ня мы адны такія.

Бязь веданьня мовы тут ніяк

— Які жыцьцёвы досьвед здабылі ў Нямеччыне, які можа прыдацца ў Беларусі?

— Найперш тое, як трэба наладжваць жыцьцё. Немцы ўсё робяць вельмі сумленна, проста і адначасова дасканала. «На халяву», як у нас недзе прынята, тут не праходзіць. Гэта тычыцца і побыту, і дамоў, і дарог, і сацыяльных парадкаў, і эканомікі, і стаўленьня да людзей.

Узяць хаця б тое, як рыхтуюць працоўныя кадры. Збольшага прафэсійная падрыхтоўка не як у нас, за два-тры месяцы перавучылі і ідзі працуй зноў, а амаль тры гады. Затое хто мае прафэсію, той працу знойдзе. Але трэба добра ведаць нямецкую мову. Вось мне, каб аднавіць у Нямеччыне пасьведчаньне прафэсійнага кіроўцы, бяз мовы — ніяк. Я за гэты час крыху пачаў разумець і размаўляць па-нямецку, але патрэбна дасканалае веданьне нямецкай мовы, а яна для вывучэньня вельмі складаная.

Тут да людзей чалавечнае стаўленьне

— За некалькі гадоў Нямеччына прыняла больш за мільён мігрантаў, у асноўным з Блізкага Ўсходу, Афрыкі. Як вам знутры падалося, ад гэтага больш праблем ці карысьці? І як немцы ставяцца да мігрантаў цяпер, пасьля тэрактаў?

— Праблем, вядома, дадалося, але карысьці больш. Нездарма другі год у Нямеччыне бездэфіцытны бюджэт і зьніжаецца беспрацоўе. Асабліва актывізаваўся бізнэс, зьвязаны з пражываньнем, абслугоўваньнем людзей, з забесьпячэньнем іх харчамі, рэчамі. Вось як у нашым інтэрнаце. Раней гэта быў гатэль, які стаяў напалову пусты, цяпер тут поўна жыльцоў, за якіх плаціць дзяржава. Адмыслоўцы прадказваюць, што рынак працоўнай сілы будзе расьці. Шмат зьявілася маладых актыўных людзей, якіх толькі трэба інтэграваць у нямецкае грамадзтва. Але немцы гэта рабіць збольшага навучыліся.

Тут увогуле да людзей іншае стаўленьне, чалавечае. А мігранты — як людзі, якія апынуліся ў бядзе — гэта адчуваюць як ніхто. Вось да нас у інтэрнат суседзі па раёне ўвесь час прыносяць цацкі дзецям, рэчы. Я ўсе ваколіцы Нюрнбэргу абʼезьдзіў на ровары, які падарыла мясцовая лютэранская царква.

— Дарэчы, а як у матэрыяльным пляне зьмянілася ваша жыцьцё пасьля пераезду зь лягера ўцекачоў?

— Канечне, тут лепш. Паводле нямецкіх мерак мы, можа, і жабракі, але як па беларускіх — дык сярэдні кляс. Атрымліваем сацыяльную дапамогу — гэта больш за 600 эўра на дваіх, а за кватэру пла́ціць дзяржава. Эканоміка тут на падʼёме, у крамах поўна танных харчоў і тавараў, усё можна знайсьці дзешавей, чым у нас, і лепшай якасьці. Таму гэтых грошай на пражыцьцё во як хапае. Вядома, ёсьць у крамах і дарагія рэчы для багатых, але і тут сыстэма вельмі гнуткая. Вось бачыў, як узімку ў дарагой краме вісела скураная куртка за 3 тысячы, а цяпер яна каштуе 500. Ва ўсіх крамах пэрыядычна робяць зьніжкі. Гэтак завабліваюць пакупнікоў. Бізнэс не стаіць на месцы.

Трэба мірна дамагацца перамен

— Ці сачылі вы за пратэстамі вясны 2017 году ў Беларусі?

— Тое, што яны ўвогуле былі, вельмі натхняльна і карысна для грамадзтва. Дарэчы, лічу, гэтай актыўнасьці дапамагла наяўнасьць незалежных мэдый, бо празь іх людзі змаглі даведацца, што адбывалася на плошчах і вуліцах. Але, канечне, спадзяваўся, што і пасьля Дня Волі пратэсты ня спыняцца... Ну, але ж людзі разумеюць, што супроць добра ўзброеных міліцыі і войска нічога ня зробіш, і асабіста я таксама не за тое, каб на вуліцах бакі ўжывалі сілу. Трэба шукаць шляхі, як мірна дамагацца перамен. Але факт, што Лукашэнка за сваю асабістую ўладу вельмі спужаўся, таму адкруціў назад той дэкрэт супроць дармаедаў. Мяркую, гэта ён падманвае, цалкам дэкрэт не адменіць. А ў адказ на актыўнасьць людзей пачалі палохаць, таму і прыдумалі гэтую справу «Белага легіёну».

Стаяць убаку ня буду

— Чаго ад беларускіх уладаў вы чакаеце адносна сябе, калі вернецеся ў Беларусь? Ці выйдзеце яшчэ калі на вуліцу ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь»?

— Не бяруся прадказваць захады адносна мяне, бо ўсё магчыма. Нагляд мой па тэрмінах скончыўся, а як яны паставяцца, што зьехаў — цяжка прадказаць. Што да ўдзелу ў акцыях пратэсту, дык, калі шчыра, гэта ж не ад мяне залежыць, а ад сытуацыі там, у Беларусі. Бо я такі чалавек, што мне сумленьне не дазволіць стаяць убаку, калі будзе адбывацца нешта супроць людзей. Вось зараз чытаю ў інтэрнэце, што ў Беларусі ў семʼі актывістаў пачалі прыходзіць супрацоўнікі сацыяльнай службы. Раптам зацікавіліся ўмовамі выхаваньня дзяцей. А фактычна ўзьнікла пагроза, што будуць дзяцей у актывістаў забіраць у дзіцячыя дамы. Дык што гэта такое?! Я таксама вырас без бацькоў, але мяне ад бабулі ніхто не забіраў і гэтым не пагражалі. І што, калі ты жывеш у такой краіне, дык можаш з гэтым зьмірыцца?

У кастрычніку 2015 году разам з жонкай Ядвігай Юры Рубцоў зьехаў у Нямеччыну. Вэрдыкту чакалі ў лягеры ўцекачоў пад Нюрнбэргам.

У Беларусі Юры Рубцоў атрымаў вядомасьць пасьля таго, як пачаў зьяўляцца на апазыцыйных акцыях у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Яго ня раз затрымлівалі, каралі адміністрацыйнымі арыштамі. Калі адбываў «хімію», аналягічнае тату зрабіў сабе на грудзях.

Грамадзкі актывіст з Гомля быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ў кастрычніку 2014 году «за ўхіленьне ад адбываньня пакараньня» ў спэцкамэндатуры вёскі Куплін, куды яго накіравалі на 1,5 года за «абразу судзьдзі».

У турме трымаў шматдзённую галадоўку і быў вызвалены перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 году на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG